Студэнцкі Клуб аматараў мастацкага слова “КЛУмБа” Фундаментальнай бібліятэцы БДУ падараваў свету калектыўны літаратурны зборнік “Кветкавыя ветразі”. Для яго прэзентацыі творчая каманда занялася пастаноўкай неардынарнага паэтычнага спектакля з аднаіменным названнем. Разам з маладымі талентамі ў марское падарожжа адправіліся госці Мінскага гарадскога тэатра паэзіі пры Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы.
Завітаць у тэатр паэзіі з выступленнем клумбаўцаў запрасіла намеснік дырэктара бібліятэкі Алена Матвеева, якая прадставіла прысутным ганаровага госця сустрэчы. Да сваіх юных калег па творчай майстэрні звярнуўся старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, а таксама кіраўнік тэатра Міхаіл Пазнякоў.
– Сёння ў нас незвычайны спектакль, я ў гэтым упэўнены, – заўважыў Міхаіл Паўлавіч. – Яго прадставіць цудоўная студэнцкая каманда – паэтычныя таленты БДУ. На “КЛУмБе” квітнее будучае нашай нацыянальнай літаратуры. Сапраўды, таму што сярод гэтага творчага “экіпажа” ёсць члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. Сцяжынку праклалі Таццяна Купрыянец і Кацярына Роўда. Вельмі радуе, што пасля нас застанецца такая добрая змена. Клумбаўцы, запрашаем на сцэну!
Сцэна ж ператварылася ў карабельную палубу, і разам з камандай судна гледачы пагрузіліся ў незвычайную атмасферу далёкага марскога падарожжа, напоўненага адкрыццямі і прыгодамі. Падчас яго на шляху сустрэліся розныя астравы – Вайны, Чыстых душ, Любові. Па гэтым названням можна здагадацца, што яны адлюстроўвалі асноўныя тэмы творчасці ўдзельнікаў спектакля. Сустрэчу з кожным новым востравам боцман экіпажа Марта Кудзіна заносіла ў судавы журнал, які стаў асновай сюжэту паэтычнага спектакля. За гэтым пільна сачыў капітан карабля Іван Цвірко, таму што журнал стаў сапраўдным летапісам юных паэтаў і захоўваў таямніцы, уласцівыя творчай натуры. Слухаючы вершы і песні экіпажа, гледачы станавіліся сведкамі розных гісторый і быццам бы гарталі старонкі летапісу. Акрамя капітана, свае творы на рускай і беларускай мовах прысутным падаравала ўся ягоная каманда: Таццяна Купрыянец, Ганна Шыдлоўская, Аляксандр Паршанкоў, Аліна Цвірко, Кацярына Роўда, Марыя Чакрыгіна, Анастасія Трэшчава, Уладзіслаў Музычэнка, Анастасія Каротчыкава, Аляксандра Ткачэнка, Таццяна Ігнашчанка, Канстанцін Каштанаў, Кацярына Страйлова. У выкананні Іллі Візара на палубе гучаў саксафон.
– Спадзяюся, што цёплыя ўсмешкі на вашых тварах гавораць пра тое, што спектакль спадабаўся, – звярнулася да гасцей пасля пастаноўкі кіраўнік “КЛУмБы” Ірына Шкіронак. – Хваляваліся, таму што ўпершыню выступалі на гэтай сцэне. Вельмі ўдзячныя за тое, што паверылі ў нас і запрасілі сюды. Дзякуй за старанні маім юным сябрам. Радкі іх вершаў гучаць у галаве амаль пастаянна. Побач з імі забываюся, колькі мне гадоў! Усім раю сябраваць з моладдзю і знайсці на жыццёвым шляху тых людзей, з якімі будзеш глядзець у адным накірунку.
Сустрэцца з юнымі талентамі прыйшлі паэты, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі ветэран Вялікай Айчыннай вайны палкоўнік у адстаўцы Мікалай Іваноў і ветэран Узброеных Сіл палкоўнік у адстаўцы Леанід Лукша. Сярод гасцей прысутнічалі таксама паэтэса і бард Таццяна Жылінская, артыст тэатра і кіно, спявак, шоумен Сяргей Кравец.
Міхаіл Пазнякоў пажадаў экіпажу карабля адкрываць новыя астравы і далей плыць ў вялікую літаратуру. Ад Саюза пісьменнікаў Беларусі ён уручыў Клубу грамату за грамадскую дзейнасць, падтрымку юных талентаў і пастаноўку спектакля “Кветкавыя ветразі” у Мінскім гарадскім тэатры паэзіі. Таксама Міхаіл Паўлавіч перадаў ўсім артыстам падарункі ад кіраўніцтва тэатра.
Пасля спектакля ўдзельніца “КЛУмБы” Марта Кудзіна расказала, як стала часткай творчага аб’яднання.
– Ужо год дапамагаю Клубу. Аднойчы трапіла ў кампанію гэтых цудоўных людзей і вырашыла застацца. Я адзіная, хто не піша вершы, але, думаю, што хутка пачну побач з таленавітымі сябрамі. Так, за гэты час мы паспелі стаць сябрамі! Адчуваю, як іх творчасць паўплывала на мой унутраны свет, што тут я зусім не выпадкова. У асяроддзі такіх неверагодных творчых апантаных людзей змяняешся і сам.
Зусім скора свет пабачыць яшчэ адзін зборнік клумбаўцаў “Пад ветразем натхнення”, таму можна з упэўненасцю сказаць, што падарожжа маладога экіпажа будзе працягваецца, а ў судавым журнале стануць з’яўляцца новыя і новыя запісы.
Дар’я НІКАНЧУК
Вiдэа глядзiце тут