Добрай традыцыяй сталі сустрэчы студэнтаў са школьнікамі старэйшых класаў беларускіх гарадоў і раёнаў у рамках грамадска-асветніцкай акцыі «Універсітэт – твой крок у будучыню» пярвічнай арганізацыі БРСМ галоўнага ўніверсітэта краіны.
Гэта ўнікальная для нашага ўніверсітэта акцыя, накіраваная на павышэнне прэстыжу вышэйшай адукацыі. На працягу трох дзён удзельнікі акцыі знаёмяцца, спаборнічаюць, абменьваюцца творчым вопытам. Штогод акцыя праходзіць пад дэвізам «Роўны навучае роўнага»: студэнты, за плячыма якіх уступныя іспыты, семінары і праекты, сесіі і курсавыя працы, распавядаюць пра сапраўднае студэнцкае жыццё, прэзентуюць дзейнасць падраздзяленняў БДУ, прадстаўляюць кожны факультэт, распавядаюць пра асаблівасці ўступнай кампаніі, інфармуюць школьнікаў пра актыўнасць органаў студэнцкага самакіравання.
Комплекс прафарыентацыйных мерапрыемстваў, псіхалагічных і ролевых адукацыйных гульняў, якія праводзяць студэнты, дапамагае абітурыентам раскрыць свае таленты і схільнасці і вызначыцца з будучай прафесіяй. Прапанову аформіць пажаданні адзін аднаму на перыяд студэнцкага жыцця школьнікі заўсёды прымаюць «на ўра». Актывісты саюза моладзі захоўваюць лісты, многія з якіх потым вяртаюцца ўладальнікам разам з нагодай падтрымліваць цяпер ужо агульную alma mater.
Іна Хох, сакратар БРСМ хімічнага факультэта: «Універсітэт – твой крок у будучыню» – мерапрыемства заўжды чароўнае, захапляльнае, плённае. Ніколі не ведаеш, што здарыцца на чарговай акцыі. Аднойчы пераканалася, што свет насамрэч цесны. Акрамя працы са школьнікамі мы штораз праводзім валанцёрскія акцыі. У сацыяльным прытулку г. Воранава я бавіла час з адной дзяўчынкай. Як высветлілася ў размове, Ліяна – мая зямлячка, яе бабуля жыве са мной на адной вуліцы, а сама яна, калі б воляй лёсу не патрапіла сюды, павінна была б вучыцца з маёй малодшай сястрой у адным класе».
На працягу акцыі студэнты таксама атрымліваюць шмат цікавых ведаў: знаёмяцца з культурай і гісторыяй раёна, наведваюць музеі і прадпрыемствы, мясцовыя славутасці. Падчас сустрэч ладзяцца круглыя сталы, спартыўныя і інтэлектуальныя мерапрыемствы, экскурсіі, творчыя вечарыны і студэнцкія дыскатэкі.
Сёлета акцыя пройдзе ў Любані і Любанскім раёне Мінскай вобласці. З 6 да 8 красавіка студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў юбілейны, дзясяты, раз будуць дапамагаць школьнікам зрабіць правільны выбар і свой першы крок у будучыню!
Вераніка ПУПКЕВІЧ
Фота Васіля Кузьмічкіна
Яшчэ больш фота ў лічбавым фотаархіве БДУ
Відэа: