Сустрэча гэтага старажытнага свята іранскіх і цюркскіх народаў з дапамогай замежных студэнтаў БДУ ператварылася ў сапраўдны традыцыйны фестываль універсітэта. У гэтым годзе Наўруз аб’яднаў у сценах альма-матар больш за 700 чалавек. Урачыстасць сімвалізуе надыход вясны, абуджэнне не толькі прыроды, але і самога чалавека.
Галоўнымі ўдзельнікамі мерапрыемства сталі студэнты з Ірана, Азербайджана, Кыргызстана, Турцыі, Туркменістана, Таджыкістана, Афганістана, Казахстана і Узбекістана. Менавіта ў гэтых краінах Наўруз лічыцца адным з самых галоўных святаў народа. Каб пазнаёміць прысутных з асаблівасцямі сваёй культуры, іх прадстаўнікі падрыхтавалі выставу нацыянальных атрыбутаў. У экспазіцыі былі прадстаўлены ўпрыгажэнні, дываны, сумкі, хусткі, цацкі ручной працы, адзенне, посуд, а таксама кнігі і альбомы, якія расказвалі пра сучаснае жыццё і дасягненні краін Сярэдняй Азіі і Блізкага Усходу.
Дапаўнялі гэтую прыгажосць разнастайныя стравы і пачастункі, падсілкавацца якімі замежныя студэнты запрашалі ўсіх прысутных. А сілы гасцям былі вельмі патрэбныя! Акрамя цікавай выставы, іх чакаў майстар-клас па знакамітай лезгінцы. Паспрабаваць паўтарыць энергічныя рухі і зарадзіцца пазітывам пад запальную музыку можна было прама ў прасторным холе Ліцэя БДУ побач з сапраўднымі прафесіяналамі гэтага неверагоднага танца. Таксама для гасцей мерапрыемства гучалі аўтэнтычныя музычныя інструменты, якія нагадвалі пра цікавую гісторыю і асаблівасці кожнай краіны.
Гасцям замежныя студэнты расказалі пра гэта з дапамогай сваіх творчых нумароў, з якіх складалася насычаная канцэртная праграма. Яе адкрыццё было вельмі гучным і запамінальным. Неверагоднымі апладысментамі прадстаўнікі краін Сярэдняй Азіі і Блізкага Усходу сустрэлі з’яўленне на экране відэаролікаў пра сваю радзіму, а пасля выхад сцяганосцаў. На сцэну былі вынесеныя сімвалы ўсіх замежных дзяржаў, жыхары якіх знаходзіліся ў святочнай зале. Першым прысутных павіншаваў рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка:
– Сёння наша міжнародная дружная сям’я сабралася разам, каб сустрэць светлае свята вясны і расказаць пра тыя старажытныя традыцыі сваіх народаў, якія сталі бясцэнным культурным багаццем. Нам вельмі прыемна, што міжнародныя святы сталі традыцыйнымі ў БДУ. Наўруз – адно з самых значных, якое ўжо добра ведаюць і ў Беларусі. Шчыра дзякую ўсім замежным студэнтам, якія арганізуюць яго ў нашым універсітэце, дзеляцца традыцыямі і вялікай любоўю да сваёй краіны. Сяброўства, якое мы падтрымліваем з вамі на працягу многіх гадоў, з’яўляецца вялікай каштоўнасцю. Віншую з прыгожым святам вясны і жадаю, каб гэтае сяброўства мацнела.
На маштабнае міжнароднае мерапрыемства ў БДУ завіталі розныя ганаровыя госці. Сярод іх саветнік-консул Пасольства Кыргызскай Рэспубліцы ў Рэспубліцы Беларусь Бакытбек Урмамбетаў і аташэ Айгерым Амурзакава; яшчэ другі сакратар Пасольства Таджыкістана ў Беларусі Хуршэд Алімурадзода; таксама пасол Азербайджанскай Рэспубліцы ў Рэспубліцы Беларусь Лаціф Гандзілаў з жонкай Наіляй і саветнікам Зульфугарам Танарвердзі.
З цёплымі словамі ў святочны дзень да прысутных звярнуўся спадар Лаціф Гандзілаў:
– Наўруз прыйшоў да нас з глыбіні гісторыі, асветлены мудрасцю продкаў. Гэта свята любові і дабра, гэта радасная сустрэча абуджэння прыроды. Наўруз аб’ядноўвае многія народы, прадстаўнікі якіх знаходзяцца зараз у зале. Я вельмі ўдзячны кіраўніцтву дзяржавы і ўніверсітэта за такое чулае стаўленне да звычаяў і традыцый іншых нацыянальнасцяў. Сапраўды, вялікім лічыцца той народ, які ўмее шанаваць каштоўнасці іншых.
Святочная канцэртная праграма складалася з дваццаці яркіх выступленняў прадстаўнікоў розных краін, якія знаёмілі гледачоў з іх вялікім багаццем культурнай спадчыны. На сцэне выступілі студэнты розных ВНУ: БДУ, БДЭУ, БДМУ, БНТУ, МДЛУ, а таксама Ваеннай акадэміі Беларусі. Сваім нумарам прысутных адразу здзівіла першая выступоўца. «Віцэ-Miss International BSU–2016» Бібіджэмал Рэджэпава падрыхтавала выступленне, у якім выкарыстала незвычайнае мастацтва стварэння карцін з дапамогай пяску. На вачах у гледачоў дзяўчына то рассыпала, то збірала яго на спецыяльным століку, выява з якога праектавалася на вялікі экран. Лёгкі дотык рукі – птушка ўзмахнула крыламі, яшчэ адзін – распусцілася кветка… Паступова прысутныя ўбачылі ўсе этапы стварэння свету.
Кожны наступны творчы нумар быў прывабным па-свойму. Вядучыя разам са старшынёй савета зямляцтваў БДУ Тахірджонам Аліевым адзначылі ўсіх выступоўцаў памятнымі дыпломамі за ўдзел у міжнародным свяце Наўруз. Песні і вершы на роднай мове, яркія нацыянальныя танцы, ігра на музычных інструментах – разнастайнасць талентаў і культурных асаблівасцяў прадстаўнікоў краін Сярэдняй Азіі і Блізкага Усходу гарманічна зліліся ў адно вялікае яскравае шоу, якое падаравала незабыўныя эмоцыі. Неверагодная атмасфера панавала не толькі на сцэне, але і ў зале. Замежныя студэнты энергічна і гучна падтрымлівалі сваіх выступоўцаў, падпявалі, нават часам праносіліся ўздоўж сцэны са сцягам сваёй Радзімы. Было прыкметна, што пазітыўная энергетыка, нейкі вар’яцкі запал і вялікая любоў да роднай зямлі, як кроў па капілярах, разыходзіліся па ўсёй зале, напаўнялі кожнага з галавы да ног. Гэта і з’яўлялася адной з асноўных мэтаў свята, якую перад сабой ставілі арганізатары.
– Мы дасягнулі выдатных вынікаў, – заўважыла начальнік аддзела моладзевых праграм і праектаў упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Наталля Капацэвіч. – Каштоўнасць мерапрыемства пацвярджае цёплая атмасфера, якая кожны раз пануе на свяце. Мы зразумелі, наколькі важнай і патрэбнай з’яўляецца гэтая ўрачыстасць для нашых замежных студэнтаў, таму стараемся з году ў год пашыраць яе маштаб. Заўсёды цяжка пакідаць родную зямлю і пачынаць жыццё на новым месцы, таму дзяржава і ўніверсітэт робяць усё, каб нашым дарагім гасцям было ўтульна, каб пасля яны маглі назваць Беларусь другой радзімай.
Дар’я НІКАНЧУК
Фота: Вольга Северына
Яшчэ больш фота ў лічбавым архіве БДУ