“Данесці мастацтва да самых розных людзей”. Артысты Вялікага тэатра сустрэліся з студэнтамі БДУ

29 Apr, 2017.

Прыцягнуць увагу студэнцкай моладзі да класічнага тэатральнага мастацтва паспрабаваў Вялікі тэатр оперы і балета. 18 красавіка творчы калектыў тэатра сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі БДУ ў рамках рэалізацыі праекта “Моладзевыя праграмы Вялікага”.

Супрацоўнік тэатра Валянціна Мажорская не хавала свайго хвалявання і радасці, што нарэшце найстарэйшая ВНУ краіны і галоўны тэатр Беларусі сустрэліся ў зале рэктарата. Яна выказала спадзяванне, што кантакт паміж БДУ і Вялікім тэатрам неўзабаве стане яшчэ больш цесным.

“Cамы вялікі здабытак нашага тэатра – гэта нашы супрацоўнікі”, – прызналася Валянціна Васільеўна. Яна выказала зацікаўленасць у супрацоўніцтве з БДУ і яго выпускнікамі і зачытала ліст, у якім дырэктар тэатра Уладзімір Грыдзюшка звяртаецца да дэкана ФМА з нагоды адкрыцця новай спецыяльнасці “Менеджмент масавых мерапрыемстваў”. “Падрыхтоўка кадраў па дадзенай спецыяльнасці будзе спрыяць пашырэнню магчымасцяў у арганізацыі і правядзенні міжнародных мерапрыемстваў высокага ўзроўню ў Рэспубліцы Беларусь і задавальняць кадравыя запатрабаванні ў арганізацыі міжнародных масавых падзейных мерапрыемстваў”, – адзначае Уладзімір Паўлавіч.

“Галоўная мэта тэатра – данесці мастацтва да самых розных людзей у нашай краіне”. Таму яго супрацоўнікі імкнуцца рабіць кошты квіткоў даступнымі, рэпертуар разнастайным, а таксама адкрываюць філіялы Вялікага ў розных кутках Беларусі. Такія філіялы ўжо працуюць у Гомелі, Магілёве і Наваполацку.

Таксама на сустрэчу са студэнтамі прыйшла Таццяна Аляксандрава, якая ўзначальвае ў тэатры службу маркетынгу, інфармацыі і рэкламы. Яна пацікавілася ў студэнтаў, дзе яны знаходзяць інфармацыю пра найбліжэйшыя мерапрыемствы, а таксама абмеркавала з імі спосабы дастукацца да моладзі і папулярызаваць мастацтва.

Таццяна Аляксандрава прызналася, што часта сутыкаецца са стэрэатыпамі пра тэатр і вырашыла іх разбурыць. Яна запэўніла студэнтаў, што не трэба баяцца, што ім будзе сумна на класічнай пастаноўцы, бо запал, рамантыка і прыгоды не могуць быць сумныя. “Многія таксама думаюць, што не змогуць упісацца ў грамадства. Але вы будзеце выглядаць іншародна ў Вялікім тэатры, толькі калі прыйдзеце ў касцюме іншапланецяніна!” – тут жа развеяла яна гэты міф. Таксама Таццяна распавяла, што сярод наведнікаў тэатра можна сустрэць свайго начальніка, улюбёнага артыста і нават першае каханне. Няслушным з’яўляецца і меркаванне, што квіткі ў тэатр стаяць дорага, як выявілася, на вячэрні спектакль можна знайсці квіток ад 4 рублёў, а гэта нават танней, чым у кіно.

Для гасцей сустрэчы калектыў тэатра Amadis Brass на чале з кіраўніком Дзмітрыем Гарбачуком сыграў творы сучасных кампазітараў. Таксама сярод студэнтаў разгулялі 3 квіткі на пастаноўкі тэатра, каб яны як мага хутчэй пачалі далучацца да прыгожага. І запрасілі ўсіх ахвотнікаў на дзень адчыненых дзвярэй 25 мая, а таксама на экскурсіі па закуліссі, якія праходзяць кожны дзень з 9 раніцы да 7 вечара.

Пагутарыць са студэнтамі і супрацоўнікамі ўніверсітэта прыйшлі і салісты тэатра Вольга Гайко і Антон Краўчанка. Яны распавялі пра тое, якой цяжкай штодзённай працай яны дамагаюцца вынікаў і трымаюць сябе ў форме. “На  працягу ўжо 26 гадоў кожны дзень у мяне пачынаецца з уроку класічнага танца, без гэтага проста немагчыма выйсці на сцэну”, – распавядае Антон Краўчанка. Танцоры таксама распавялі пра складаны гастрольны графік, пра тое, як іх прымаюць у розных краінах і пра неабходнасць здаровай канкурэнцыі. “Прафесія гэта вельмі цяжкая, але гэта мой усвядомлены выбар, усё маё жыццё. Не ўяўляю сябе без сцэны: гэта маё паветра”, – прызналася Вольга Гайко.

Дар’я КОЎЗА

Фота Генадзя Краскоўскага

print

Вам таксама можа спадабацца: