БДУ і Універсітэт Кента пачалі рэалізоўваць праект акадэмічнага супрацоўніцтва.
У канцы сакавіка наша дэлегацыя наведала брытанскую ВНУ, а на мінулым тыдні прафесар з Англіі выступіла перад студэнтамі гістфака і ФМА.
Праект па абмене студэнтамі і выкладчыкамі ажыццяўляецца ў рамках праграмы Erasmus+ key action 1 International Credit Mobility. Ідэя сумеснага праекта зыходзіла ад старшага выкладчыка гістарычнага факультэта Арцёма Назаранкі. З брытанскага боку праект курыруе прафесар міжнароднай палітыкі, намеснік дырэктара школы палітыкі і міжнародных адносін Універсітэта Кента Алена КАРАСЦЯЛЁВА, якая ў свой час скончыла БДУ і абараніла тут дысертацыю:
– Для нас гэта новы досвед у тым плане, што ў нас вельмі актыўна ідуць абмены ўнутры Еўрапейскага саюза, а за яго рамкамі абмену студэнтамі яшчэ не было. Арцём Назаранка выйшаў на мяне ўлетку мінулага года, мы абмяркоўвалі кірункі працы, нюансы, бо з пункта гледжання забеспячэння кантролю якасці такія праекты – доўгі працэс. Аднак у дадзеным выпадку, што мяне здзівіла, усё прайшло вель-мі паспяхова і хутка. У канцы 2016 года паміж нашымі ўніверсітэтамі была падпісана дамова.
Праект ужо запрацаваў: у сакавіку Універсітэт Кента наведала дэлегацыя з БДУ, якую ўзначаліў прарэктар па вучэбнай рабоце Сяргей ХОДЗІН:
– Універсітэт Кента моцны сваёй гуманітарнай скіраванасцю, таму не дзіўна, што ў складзе нашай дэлегацыі былі пераважна гуманітарыі. У прыватнасці, дэкан гістарычнага факультэта Аляксандр Каханоўскі, дэкан юрыдычнага факультэта Сяргей Балашэнка, дэкан біялагічнага факультэта Уладзімір Лысак, намеснік дэкана ФМА па навуковай рабоце Вольга Малашанкава і іншыя супрацоўнікі, – распавядае Сяргей Мікалаевіч. – Мы сустракаліся з прарэктарамі, якія курыруюць асноўныя кірункі: агульнаадукацыйныя, міжнародных адносін, навуковай і інавацыйнай працы. Акрамя таго, мы размаўлялі з дэканамі факультэтаў, кіраўнікамі цэнтраў і лабараторый, шараговымі супрацоўнікамі. Усе нашы сустрэчы былі прадуманы і прапрацаваны.
Візіт нашай дэлегацыі стаў першай магчымасцю для Універсітэта Кента дэталёва пазнаёміцца з БДУ. Шмат у чым гэтаму паспрыяла прэзентацыя фільма пра наш універсітэт:– Мне здалося, што ён быў цікавы нашым калегам і – што асабліва важна – нашым маладым калегам, якія яшчэ толькі ўваходзяць у навуковы шлях, бо ад іх зацікаўленасці нашай краінай і ўніверсітэтам будзе залежаць, у якім аб’ёме і ў якой ступені наша супрацоўніцтва будзе далей развівацца, – падкрэслівае Сяргей Мікалаевіч. – Нашай задачай разам з Аленай Карасцялёвай было стварыць платформу для працы, а далей вельмі важна, каб праект атрымаў развіццё.
Каардынатар праекта з боку Універсітэта Кента – Алена Карасцялёва. Пасля заканчэння філасофска-эканамічнага факультэта БДУ выйшла на ўзровень абароны кандыдацкай дысертацыі, паралельна атрымала стыпендыю для навучання ў Оксфардзе. Пасля абароны кандыдацкай у БДУ зацікавілася паліталогіяй і паступіла ў магістратуру Манчэстэрскага ўніверсітэта. Сёння з’яўляецца прафесарам міжнароднай палітыкі, намеснікам дырэктара школы палітыкі і міжнародных адносін Універсітэта Кента (Вялікабрытанія). 7 красавіка ў рамках сумеснага праекта Алена Карасцялёва прачытала для студэнтаў БДУ лекцыю «Еўрапейскі саюз і Усходні рэгіён: новы паварот у палітыцы?».
Унікальнасць праекта, як адзначае Алена Карасцялёва, у тым, што ён дазваляе абмяняцца досведам, дасць людзям магчымасць усталяваць персанальныя кантакты, дзякуючы якім могуць вырасці вялікія праекты. Студэнты БДУ змогуць павучыцца ў кенцкім універсітэце ўжо з наступнага навучальнага года:
– Мяркуецца, што яны цалкам далучацца да адукацыйнага працэсу. Натуральна, будуць удзельнічаць ва ўсіх семінарах і лекцыях. Акрамя гэтага ў нас праходзіць вельмі шмат форумаў, – распавядае Алена Карасцялёва, а параўноўваючы нашы сістэмы адукацыі, адзначае: – Вялікабрытанія аддае перавагу больш інтэрактыўным метадам выкладання. У нашых студэнтаў вельмі рэдка праходзяць класічныя для беларускай сістэмы лекцыі, галоўным чынам гэта лекцыі з пытаннямі і адказамі. А на ўзроўні магістратуры яны наогул адсутнічаюць, замест лекцый – двухгадзінныя сесіі. На іх выкладчык можа выказаць нейкія тэзісы, а пасля ідзе інтэрактыў. У гэтай сувязі студэнты павінны вельмі старанна рыхтавацца. У магістранта можа быць толькі два заняткі ў тыдзень, але на падрыхтоўку да іх сыходзіць тры дні.
Значнасць праекта яшчэ і ў тым, што ён мяркуе двухбаковыя ўзаемаадносіны. Так, з Універсітэта Кента ў БДУ прыедуць дактаранты:
– Яны займаюцца постсавецкай тэматыкай, напрыклад, адна дзяўчына якраз піша доктарскую дысертацыю пра знешнюю палітыку Беларусі, і, вядома, асабістыя кантакты для правядзення іх даследаванняў, інтэрв’ю – гэта ўнікальная магчымасць, – падкрэслівае Алена Карасцялёва.
Праграма будзе доўжыцца да чэрвеня 2018 года, у навучальным плане – тры семестры. Паўдзельнічаць у ёй змогуць як студэнты, пачынаючы з другога курса, так і магістранты, аспіранты. Хуткім часам будуць апублікаваны ўмовы ўдзелу:
– Наш універсітэт даўно задзейнічаны ў падобных праграмах, і адбор будзе такі самы, як і ў іншыя мабільныя актыўнасці, гэта значыць будзе абвешчаны адкрыты конкурс, на які будуць падавацца заяўкі, – распавядае каардынатар праекта Арцём НАЗАРАНКА і падкрэслівае: – Для ўдзелу неабходныя тры складнікі: мець жаданне, добра вучыцца і ведаць англійскую мову.
Валерыя БАНДАРЧЫК