“Міс журфак–2017”: гледачы сустрэліся з усімі грахамі чалавецтва (+відэа)

28 Apr, 2017.

Вы задумваліся калі-небудзь, як выглядае ганарлівасць, якое аблічча мае зайздрасць, а які колер у ленасці? Адказы на гэтыя пытанні шукалі ўдзельніцы “Міс журфак–2017”. Дзевяць дзяўчат-прыгажунь смела апранулі маскі ўсіх грахоў чалавецтва, каб заваяваць тытул пераможцы і атрымаць карону.

Перад тым, як 19 красавіка апынуцца на святочнай сцэне і пачаць барацьбу за званне найлепшай, юныя журналісткі прайшлі некалькі цікавых этапаў. Дзяўчаты наведалі батутны цэнтр, гулялі ў амерыканскі футбол, удзельнічалі ў незвычайных фотасесіях. Іх разынкай сталі неардынарныя абліччы мадэляў: канкурсанткі адлюстравалі на твары зайздрасць і ленасць, гнеў і засмучэнне, сквапнасць і помсту, ганарлівасць і юрлівасць, а яшчэ абжорства. Пасля месяца актыўнай падрыхтоўкі дзевяць прыгажунь журфака паўсталі перад гасцямі вечара ў сваіх чароўных, але каварных вобразах.

Творчы нумар Аляксандры Страх

Спаборніцтва сабрала не толькі прыгожых, але і таленавітых дзяўчат, якія змаглі даказаць гэта сваімі творчымі нумарамі. Канкурсанткі Настасся Маслоўская і Аляксандра Страх запрасілі гледачоў у свет танца пад папуры знакамітых кампазіцый сучаснасці.

Незвычайны танец Кацярыны Чычэравай

Кацярына Чычэрава не толькі падаравала незвычайны танец, але і выканала знакамітую Apologize пад уласны акампанемент. Незвычайнасць заключалася ў тым, што яго галоўным атрыбутам стала запэцканая ў муку канапа. Як ад выбухаў, белыя аблокі ўздымаліся ад рэзкіх рухаў дзяўчыны і яе партнёра па танцы, быццам сімвалізавалі выбухі двух сэрцаў, якія распачалі вайну.

Творчы нумар Настассі Халанскай

Настасся Халанская ў творчым нумары злучыла танец і выяўленчае мастацтва. Усяго за некалькі хвілін на сцэне нарадзілася неардынарная карціна. Валерыя Пухлякова, Настасся Грышына і Алена Казючыц здзівілі гасцей майстэрствам выразнага чытання. Валерыя падаравала свой філасофскі верш пра ленасць, а Настасся з пачуццём выканала маналог уласнага сачынення. Апошняя з гэтых дзяўчат звярнулася да творчасці сучаснай расійскай паэткі Веры Палазковай і абрала твор “Надо жить у моря, мама”.

Творчы нумар Настассі Савіцкай

Настасся Савіцкая прадэманстравала акцёрскія здольнасці і добры вакал, выканаўшы пад гітару папулярныя моладзевыя песні “Тает лёд”, “Вечно молодой”, “В платье белом”, “Районы-кварталы”, “Скользкие улицы”. Ганна Курылёнак запрасіла прысутных наведаць чароўную галерэю, дзе ажылі карціны сусветных мастакоў, а таксама парадавала клавішнай мелодыяй. Крэатыўны падыход да стварэння выступлення дапамог Ганне атрымаць узнагароду ў намінацыі “Найлепшы творчы нумар”.

Ажылі карціны ў выступленні Ганны Курылёнак

Пасля казачнай феерыі творчасці і таленту гледачоў чакала першае дэфіле канкурсантак. На сцэну прыгажуні журфака выйшлі ў вобразах марскіх сірэн, пад незвычайнай прыгажосцю якіх у міфалогіі хавалася вялікая каварнасць. Кожная ўдзельніца стварыла непаўторнае і арыгінальнае аблічча каралевы воднай стыхіі, але пераможцай у намінацыі “Найлепшае дэфіле ў купальніках” стала Аляксандра Страх. Дзяўчына таксама заваявала ўзнагароды “Міс фота” і “Міс сімпатый гледачоў”.

Настасся Грышына

Нарэшце кульмінацыя вечара! Канкурсанткі паўсталі ў вобразах, якія адлюстроўвалі ўсе грахі чалавецтва. Настасся Грышына нагадала, што помста падаецца халоднай, таму абрала касцюм афіцыянткі з незвычайнай стравай на падносе. Вянок са змей – галоўнага сімвала зайздрасці – упрыгожыў галаву Кацярыны Чычэравай. Настасся Савіцкая ўпэўнена трымала ў руках бізун, папярэджваючы, што ў гневе можа паводзіць сябе па-рознаму. Настасся Маслоўская ганарліва любавалася сабой у люстэрка (на галоўным фота), а залатая сукенка Алены Казючыц сведчыла пра тое, што гэта сквапны, прагны да багацця чалавек. Валерыя Пухлякова апынулася ў палоне ленасці, а Настасся Халанская – засмучэння.

Ганна Курылёнак

Ганна Курылёнак нават на сцэне не пакідала духмяны абаранак. Аляксандра Страх трапіла пад уладу юрлівасці. У намінацыі “Найлепшы тэматычны вобраз” журы вылучыла Настассю Савіцкую, якая змагла выдатна адлюстраваць гнеў.

Алена Казючыц і Настасся Грышына шукаюць выхад з няпростай сітуацыі

У інтэлектуальным конкурсе прыгажуні шукалі выхад з няпростых сітуацый, якіх не пазбегнуць у студэнцкім жыцці. Так, дзяўчаты спрабавалі трапіць на заняткі, на якія спазніліся, атрымаць аўтамат у строгага выкладчыка і выдатнае месца размеркавання. Розум, крэатыўнасць і пачуццё гумару дапамаглі ўдзельніцам справіцца з кожнай складанай задачай. Пераможцай у намінацыі “Найлепшае вырашэнне сітуацыі” стала Валерыя Пухлякова.

Дэфіле

Дэфіле дзяўчат у вячэрніх сукенках завяршыла праграму конкурсу. Калі прыгажуні пакінулі сцэну, а журы падводзіла вынікі, усіх гасцей чакалі гульні і конкурсы з выдатнымі вядучымі вечара – пяцікурснікам Аляксандрам Лапуцько і першакурснікам Ягорам Гародкам. Музычныя нумары прысутным падаравалі выканаўцы Дзядзька Ваня і Анжаліка Пушнова, а таксама танцавальны калектыў “Элізіум”. З перамогай у намінацыі “Найлепшы вячэрні вобраз” трэба віншаваць Настассю Халанскую, а з тытулам “Міс топ-мадэль” – Настассю Маслоўскую.

Місс журфак — 2017 — Кацярына Чычэрава (у цэнтры)

Алена Казючыц, Настасся Грышына і Кацярына Чычэрава ўвайшлі ў тройку пераможцаў. Тытул “Другая віцэ-міс”, а таксама “Міс кампраміс” заваявала Алена. Настассі не хапіла аднаго кроку, таму ёй дастаўся тытул “Першая віцэ-міс”. Карону і стужку з ганаровым надпісам “Міс журфак– 2017” атрымала Кацярына Чычэрава.

– Эмоцыі проста неверагодныя, я да апошняга думала, што пераможа хто заўгодна, але дакладна не я, – кажа Кацярына. – Мне здавалася, што творчы нумар не зусім атрымаўся. Толькі са стужкай пераможцы на шыі зразумела, што дарма нервавалася. Я ні разу не ўдзельнічала ў такіх конкурсах, таму атрымала выдатны вопыт: як трымаць сябе на сцэне, ставіць творчыя нумары, карыстацца асновамі тайм-менеджменту. Даводзілася знаходзіць час для вучобы, працы, асабістага жыцця, бо падрыхтоўка да конкурсу патрабавала каласальнай працы! Бясконцыя рэпетыцыі, пошук сукенак, розных атрыбутаў для вобразаў, аксэсуараў для прычосак, ідэй макіяжу… Таксама студсаюз рабіў нашыя конкурсныя дні насычанымі. Мы наведалі батутны цэнтр, майстар-класы па макіяжы, трэніроўку па амерыканскім футболе з камандай “Літвіны”, а таксама ўдзельнічалі ў розных фотасесіях. Проста “Топ-мадэль па-журфакаўску”! Тое, як мяне здымалі ў вобразе зайздрасці, наогул асобная тэма для размовы, таму што на мне была сапраўдная змяя. Было складана працаваць: яна ўвесь час рухалася, поўзала па руках, шыі, залазіла пад адзенне. Было страшна, але, калі ўсё скончылася, я вельмі ганарылася, што справілася з гэтым.

За арганізацыю такога грандыёзнага шоу хачу падзякаваць студсаюзу, а таксама сваім любімым куратарам – Аксане Паўлюкевіч і Матвею Паўлаву – за тое, што верылі ў мяне больш, чым я сама. Вялікі дзякуй маім сябрам, асабліва Марыі Курчанок, якія разам арганізавалі цэлую каманду падтрымкі, і, канешне, спонсарам мерапрыемства за выдатныя падарункі.

Радасна, што Кацярына, якая адлюстроўвала зайздрасць, зараз можа пазайздросціць толькі самой сабе!

Дар’я НІКАНЧУК

Фота Дзіяны Басалаевай

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: