У БДУ актыўна праходзіць размеркаванне: сёлета накіраванне на працу атрымаюць 3000 выпускнікоў. Для таго, каб абмеркаваць старт іх кар’еры, прафкам студэнтаў 10 красавіка правёў семінар па працаўладкаванні, на якім запрошаны спікер – бізнес-трэнер, кансультант, матывацыйны спікер Андрэй Іваноў – распавёў выпускнікам, як уладкавацца на працу сваёй мары. Карэспандэнт “Універсітэта” запісаў яго галоўныя парады.
Улічваць закон часу
— 30 гадоў назад я сядзеў таксама, як вы, у аўдыторыі, і мне разумныя дзядзькі распавядалі, як правільна жыць. Я, у прынцыпе, усмоктваў, потым у чымсьці пераконваўся, а ў чымсьці расчароўваўся. У выніку саспеў да таго, што пачаў кіраваць калектывамі. Калі ўзяць маю працоўную кніжку, там суцэльныя працаўладкаванні. Усе кажуць: трэба прыйсці на адну працу і там сядзець ад відна да відна. Але справа ў тым, што сёння ўсё вельмі хутка змяняецца. Мы жывём ва ўмовах так званага “закона часу”. Чалавеку на працягу жыцця неабходна шматкроць асвойваць новыя веды, таму сёння пытанне не ў тым, колькі вы алгарытмаў, інфармацыі і тэхналогій запомнілі, а ў тым, наколькі ў вас развітая здольнасць асвойваць новыя веды, набываць новыя кампетэнцыі. Вы павінны быць здольнымі разважаць.
Забыцца пра крытыку
— Галоўны пастулат для тых, хто хоча ўладкавацца на працу сваёй мары – забыцца пра крытыку іншых людзей. Усе пытанні, якія могуць складацца ад вашай неўладкаванасці, вы павінны прад’яўляць самому сабе. Як толькі злавілі сябе на тым, што пачынаеце вінаваціць усіх вакол – вы скатваецеся.
Несці пазітыўную энергію
— Кожны з нас выпраменьвае пэўную энергію: вашы сэнсы, мары, да чаго вы імкняцеся. Усё тое, што вы ў сабе хочаце раскрыць, адчуваюць людзі вакол. І менавіта гэта сёння хочуць убачыць ад вас працадаўцы, яны хочуць адчуць, што вы з’яўляецеся тым здаровым элементам, побач з якім хочуць групавацца іншыя людзі. Сёння дэфіцыт здаровай энергіі і ўсмешкі.
Ісці супраць руху
— Наша жыццё – гэта эскалатар, які рухаецца ўніз. Такім чынам, вы паставілі мэту ўладкавацца на добрую працу і рухаецеся да яе сяк-так: сёння трошкі пашукалі вакансіі, заўтра трошкі падрыхтаваліся, ледзь-ледзь папісалі рэзюмэ. У выніку вы стаіце на месцы. Для таго каб дайсці да мэты, патрэбна канцэнтрацыя і вельмі рашучыя рухі. І настрой: вы ўжо там! Нават калі ў мяне было 32 кандыдаты супраць, я ведаў, што выйграю сумоўе. Насамрэч усе вашы перамогі ў галаве. Як толькі вы разумееце, што вам гэта трэба і гатовыя зрабіць гэта лепш за ўсіх астатніх, хай нават гэта не так, але вы ў гэта верыце – тады ўсё атрымаецца.
Выконваць правіла трох
— Мне даводзілася прымаць на працу нават топ-менеджараў. І мне трэба з кандыдатамі пагаварыць, каб зразумець які канструкт усярэдзіне, што чалавек нясе ў сабе, таму што ўсяму астатняму можна навучыць. Мне трэба разабрацца ў чалавеку, таму я заўсёды зважаю на: шчырасць – паказчык таго, што чалавек упэўнены ў тым, што кажа, эрудыцыю, калі чалавек хутка і лёгка разважае на любыя тэмы, і знешні выгляд, які з’яўляецца атрыбутам унутранага адчування меры. А яшчэ існуе правіла трох літар “С”: своечасовасць, сабранасць, строгасць – любой кампаніі патрэбен добра структураваны чалавек. Навучыцеся адчуваць час. Трэба заўсёды памятаць, што год ад году вы будзеце выкрышталізоўваць у сабе новыя ўяўленні пра тое, што ёсць праўда, а што ёсць няпраўда, куды трэба рухацца, а куды не варта. З часам у вас вымалюецца ўласная сістэма каардынат.
Рыхтаваць адказы
— Рэкамендую вам мець хатнія нарыхтоўкі на частыя пытанні на гутарцы: “Назавіце тры наймацнейшыя і самыя слабыя бакі”, “Чаму менавіта вас мы павінны ўзяць?”, “Кім вы сябе бачыце праз пяць гадоў?”.
Навучыцца працаваць
— Тое, што вы прыйдзеце ў кампанію з вельмі яркай і моцнай энергіяй, пройдзеце сумоўе – гэта можа быць для вас толькі пачатковым выпрабаваннем. Самае цікавае пачнецца потым, калі вы патрапіце ў рэальнае карпаратыўнае асяроддзе, таму што яно працуе на сваёй частаце. Імкніцеся ўваходзіць у яе акуратна і паступова, імкніцеся быць проста добрымі выканаўцамі. Калі ў вас ёсць магчымасць проста навучыцца працаваць – выкарыстоўвайце гэты шанец на поўную. Будзьце лімітава выканаўчымі, выконвайце выразна ўказанні, набірайцеся максімальна досведу. Самае важнае – не губляць ні дня.
Запісала Валерыя БАНДАРЧЫК
Фота Юліі Казіевай