11 красавіка ў Інстытуце журналістыкі прайшла творчая сустрэча з лідарам гурта “Дразды” Віталём Карпанавым. Фронтмен гурта распавёў пра сваё дзяцінства, чаму ўсё-такі балалайка стала яго спадарожніцай жыцця і адкуль узялася назва калектыву.
Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта з розных факультэтаў пагутарылі з Віталём Карпанавым. Лідар гурта “Дразды” з задавальненнем адказваў на пытанні маладых людзей наконт гісторыі калектыву. На пытанне аднаго з удзельнікаў творчага вечара пра планы на будучыню фронтмен адзначыў: “Мы ніколі не стаім на месцы! Я засынаю і прачынаюся з думкамі пра песні і канцэрты!”
“Я вырас у пасёлку Івянец, – з гонарам заяўляе Віталь, – вясковыя дыскатэкі, бойкі за школай – гэта мне знаёма, у мяне было самае звычайнае дзяцінства. Мой бацька – старшыня калгасу, і ведаеце, я ні кроплі гэтага не саромеюся!” – распавядаў пра сябе саліст гурта “Дразды”.
Дзелячыся ўласным досведам, ён матываваў маладых людзей: “Без веры ў сябе, веры ў тое, што ты робіш, нічога не атрымаецца… Я нічога не ўмею, але па-вар’яцку люблю тое, чым займаюся! Я веру ў тое, што я раблю!”
Хлопцаў і дзяўчат, якія прысутнічалі на творчым вечары, цікавіла, чаму менавіта балалайка стала інструментам гурта – Віталь, усміхаючыся, распавядаў: “Убачыўшы, як хтосьці ў вёсцы грае на гітары, я вельмі захацеў навучыцца граць на гітары і сказаў пра гэта бацьку. Ён адвёў мяне ў музычную школу, але ў ёй былі настаўніка толькі па балалайцы і акардэоне. Перад мной паставілі выбар. Я вырашыў, што “трохструнка” (бабалайка) больш падобная да гітары, так я звязаў з ёй жыццё”.
На галоўнае пытанне вечара: “Чаму гурт завецца «Дразды»?” – фронтмен гурта доўга не даваў адказу. У канцы вечара ён вельмі проста адказаў на гэтае пытанне: “Нас папрасіў таварыш з вёскі Драздова, тады мы вельмі хутка на гэта пагадзіліся, бо мы народны гурт. І для нас важна мець народнае прызнанне”.
Без песень у гэты вечар, вядома, не абышлося, Віталь з задавальненнем выканаў свае ўлюбёныя песні “Рыжие ресницы” і “Увезу в деревню”. У канцы творчай сустрэчы студэнты маглі сфатаграфавацца са спеваком і атрымаць аўтограф.
Юлія Маціеўская, адна з удзельніц прэс-канферэнцыі, падзялілася сваімі ўражаннямі:
— Сустрэча са знакамітымі асобамі – гэта заўсёды цікава, а гутарка з імі – і ўвогуле неацэнны досвед. Віталь Карпанаў – адкрыты, добры чалавек. Ён распавёў пра творчы шлях калектыву, гаварыў займальныя рэчы і прыводзіў прыклады з жыцця. Гэтая сустрэча нагадала мне больш гутарку з сябрам, чым са знакамітасцю. Думаю, усе студэнты змаглі вынесці для сябе нешта карыснае і новае.
Творчую сустрэчу арганізавала Пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў БДУ ў рамках праекта “Персоны”, прымеркаваная да канцэрта гурта “Дразды” 18 красавіка ў КЗ “Мінск”. Такія сустрэчы ўжо паспелі стаць добрай традыцыяй у БДУ.
Кацярына ЛІС
Фота Юліі Казеевай