Як стаць пераможцам міжнародных навуковых конкурсаў. Досвед ФМА

3 Apr, 2017.

Кафедра мытнай справы факультэта міжнародных адносін актыўна папулярызуе даследчую працу сярод студэнтаў, увесь час шукаюцца новыя спосабы іх уцягвання ў сферу навукі, удасканальваюцца метады працы з зацікаўленымі навучэнцамі.

Як правіла, студэнты пачынаюць сябе выяўляць у навуковай сферы толькі на 3 курсе. Як паказвае досвед аўтара ў кіраўніцтве студэнтамі, гэта тлумачыцца тым, што яны зазнаюць пэўныя складанасці ў самым пачатку “шляху”: у некаторых назіраюцца страхі, няўпэўненасць у сабе, недастатковасць унутранай матывацыі, неразуменне выніку сваёй навуковай працы і магчымасцяў іх выкарыстання, няўменне абраць тэму і працаваць з літаратурай і г. д.

Безумоўна, узаемадзеянне ў фармаце “навуковы кіраўнік – студэнт” прыносіць плён. Разам з тым эфектыўным варыянтам з’яўляецца арганізацыя сустрэч, на якіх паспяховыя ў навуковай дзейнасці студэнты або былыя выпускнікі дзеляцца ўласным досведам.

Яркім прыкладам такога мерапрыемства з’яўляецца майстар-клас “Як стаць пераможцам міжнародных навуковых конкурсаў”, арганізаваны загадчыкам кафедры мытнай справы дацэнтам Астрогам В. А. сумесна са старшым выкладчыкам кафедры Ястраб Т. А. і праведзены 3 сакавіка 2017 г. у рамках тыдня студэнцкай навукі ФМА БДУ.

Спікерам з’яўлялася студэнтка 4 курса спецыяльнасці “Мытная справа”  Кацярына Сушко (навуковы кіраўнік – старшы выкладчык Ястраб Т. А.), якая мае выдатныя вынікі ў навуцы. Самым важным з іх з’яўляецца перамога ў міжнароднай канферэнцыі “Мытныя чытанні–2016. Сусветныя інтэграцыйныя працэсы ў сучаснай навуцы: погляд маладых лідараў” (г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя, лістапад 2016 г.). Студэнтка заваявала 1 месца і атрымала грамату I ступені за найлепшы навуковы даклад на тэму: “Праблемныя пытанні функцыянавання механізму залічэння і размеркавання сум увазных мыт паміж бюджэтамі дзяржаў-удзельнікаў Еўразійскага эканамічнага саюза”. Акрамя гэтага, паводле папярэдніх вынікаў Рэспубліканскага конкурсу навуковых прац студэнтаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, навуковая праца Сушко К. намінавана на 1 катэгорыю. Студэнтка актыўная ў рамках СНДЛ “Тэорыя і практыка мытнай справы і замежнаэканамічнай дзейнасці”, мае значную колькасць навуковых публікацый.

Кацярына Сушко падзялілася са студэнтамі 1 курса сваім досведам навуковай дзейнасці, дала рэкамендацыі наконт выбару тэмы навуковага даследавання, узаемадзеяння з навуковым кіраўніком, удзелу ў міжнародных канферэнцыях, паслядоўнасці ўцягвання ў навуковую дзейнасць, эфектыўнай апрабацыі вынікаў навуковай працы, планавання часу для арганізацыі навуковай працы. Спікер пазнаёміла ўдзельнікаў з навуковымі канферэнцыямі, у якіх мэтазгодна браць удзел будучым мытнікам. У рамках мерапрыемства была арганізавана выстава навуковых выданняў, у якіх публікуюцца студэнцкія навуковыя матэрыялы.

Варта адзначыць, што дадзенае мерапрыемства выклікала вельмі вялікую цікавасць удзельнікаў. Яно адбылося ў фармаце дыялогу, першакурснікі актыўна задавалі пытанні і атрымлівалі на іх адкрытыя адказы спікера. Падобныя сустрэчы мэтазгодна праводзіць у такой аўдыторыі штогод.

Безумоўна, дае свае вынікі і праца СНДЛ “Тэорыя і практыка мытнай справы і замежнаэканамічнай дзейнасці”, якая аб’ядноўвае каля 50 студэнтаў. Рэгулярна выдаюцца зборнікі СНДЛ, праводзяцца мерапрыемствы рознага ўзроўню, у т. л. сустрэчы з супрацоўнікамі мытных органаў і іншых арганізацый. У рамках тыдня студэнцкай навукі ФМА БДУ ўдзельнікамі СНДЛ было арганізавана маляўнічае навуковае шоу “Еўразійскія транснацыянальныя гандлёвыя шляхі і мытня: гісторыя і сучаснасць”.

Таксама хацелася б вылучыць яшчэ адзін з перспектыўных метадаў павышэння зацікаўленасці студэнтаў у навуковай дзейнасці – правядзенне навуковай працы студэнтамі і выкладчыкамі кафедры ва ўзаемадзеянні з прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь. На кафедры мытнай справы падобная практыка ўжо існуе: ажыццяўляецца ўзаемадзеянне па дадзеным пытанні з мытнымі органамі, Мінтрансам Беларусі. Адзначым, што за высокія дасягненні ў навуковай працы па пытанні папулярызацыі іміджу мытных органаў студэнткі спецыяльнасці “Мытная справа” Ю. Бобрык, А. Багдзевіч, В. Еўтушок, узнагароджаны граматамі мытні “Мінск-2”. Па нашым меркаванні, рэалізацыя такога падыходу дазваляе ажыццяўляць прапрацоўку і вывучэнне актуальных і перспектыўных пытанняў, наладжваць кантакты з будучымі працадаўцамі і развіваць аналітычныя навыкі студэнтаў.

У цэлым, больш за 30 % навучэнцаў спецыяльнасці “Мытная справа” займаюцца навуковай дзейнасцю. Нашы студэнты бяруць удзел у навуковых канферэнцыях рознага ўзроўню, у т. л. за мяжой, увесь час заваёўваюць прызавыя месцы ў розных конкурсах, актыўна публікуюць вынікі сваіх даследаванняў.

Спадзяёмся, што досвед кафедры мытнай справы ФМА БДУ стане карысным для іншых структурных падраздзяленняў БДУ.

Таццяна ЯСТРАБ, старшы выкладчык кафедры мытнай справы ФМА БДУ

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: