Як зрабіць навучальны курс з дапамогай смартфона. Медыямайстэрня дэманструе выкладчыкам БДУ

12 Apr, 2017.

Віталь Цаге­­ль­ны

Сучасныя тэхналогіі актыўна выкарыстоўваюцца ў навучальных аўдыторыях, што стварае канкурэнцыю шматлікім звыклым адукацыйным нормам. Выкладчыкі гатовыя прыстасоўвацца да тых выклікаў, якія цяперашняя эпоха прад’яўляе ўніверсітэцкай адукацыі. «Медыямайстэрня ўніверсітэцкага выкладчыка–2017» аб’яднала педагогаў, зацікаўленых у асваенні эфектыўных формаў, метадаў навучання студэнтаў.

Арганізатарамі медыямайстэрні выступілі супрацоўнікі Цэнтра праблем развіцця адукацыі Галоўнага ўпраў­лення вучэбнай і навукова-метадычный работы. Каля 20 выкладчыкаў адаптуюць прапанаваныя метадычныя сродкі да спецыфікі наву­чальных курсаў. Праект адкрыты для прадстаўнікоў  усіх факультэтаў БДУ.


Праца медыямайстэрні пачалася ў лютым з правя­дзення семінара «Развіццё медыяпісьменнасці студэнтаў універсітэта». Далей  удзельнікі вывучалі, як вы­карыстаць сеткавыя рэсурсы ў працэсе выкладання, вучыліся аналізаваць інфармацыйныя паведамленні, разбіралі, як эфектыўна вы­карыстаць паказ фільмаў і фатаграфій на навучальных занятках. 6 красавіка семінар на тэму «Як стварыць відэалекцыю» правёў на­чальнік Медыяцэнтра БДУ Павел Салаўёў, а 20 кра­савіка Дзмітрый Губарэвіч  і Алена Карпіевіч з ЦПРА  зладзяць заняткі на тэму «Студэнт як аўтар роз­ных медыяпрадуктаў».

«Медыямайстэрня–2017» уключае ў сябе пакуль 7 семінараў, аднак магчымае правядзенне 8 заняткаў.   Арганізатары досыць гнуткія ў планаванні, выбары тэм і спосабаў працы.

Асаблівасцю майстэрні з’яўляецца тое, што ўдзель­нікі паміж семінарамі вы­конваюць заданні для са­мастойнай працы. Кожныя новыя сустрэчы традыцыйна пачынаюцца з абмеркавання вынікаў выканання «хатняга» задання. Гэтак удзельнікі шукалі прыклады фарміравання медыяпісь­меннасці студэнтаў з практыкі іншых выкладчыкаў, запісвалі з дапамогай смартфона або планшэта прэзентацыйнае відэа пра сябе і навучальны курс. Таксама распрацоўвалі і рэалізоў­ва­лі навучальнае заданне, накіраванае на засваенне студэнтамі прылад крытычнага аналізу інфармацыі, падбіралі відэа і фота для навучальнага курса.

Арганізатары не заўсёды бяруць на сябе функцыю вядзення семінараў. Часам   у якасці трэнера выступаюць як розныя эксперты, так і  самі ўдзельнікі. Напрыклад, 23 сакавіка праходзіў семінар «Выкарыстанне лонгрыду, фільма, фота на занятках», які вёў Віталь Цаге­­ль­ны, выкладчык, аспірант  факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі.

«Я больш за 10 гадоў займаюся стварэннем аду­ка­­цыйных сэрвісаў. Сёння тэхналогіі дазваляюць без валодання асновамі праг­ра­ма­вання ствараць вэб-старонкі ў інтэрнэце. Я гэта прадэман­страваў, і кож­ны ўдзельнік змог зрабіць паў­навартасны вэб-сайт, які змяшчае тэкст, фота і відэа, распавёў Віталь Цагельны.
Я ў захапленні ад такога пра­екта, як «Медыямай­­стэр­ня ўні­версі­тэцкага вы­клад­чыка». Тут мы набі­ра­емся вопытам і аб­мень­ваемся ідэямі. І та­кога ста­ноў­чага драйву вя­дучых я  не сустракаў даўно».

Вынікі працы медыямайстэрні падвядуць у маі.

Арганізатары “Медыямайстэрні–2017″Дзмітрый Губарэвіч і Алена Карпіевіч

Дзмітрый Губарэвіч, арганізатар “Медыямайстэрні–2017”, метадыст вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ЦПРА:

— Развіццё медыйнай і інфармацыйнай пісьменнасці для студэнтаў, выкладчыкаў з’яўляецца актуальнай задачай універсітэцкай адукацыі. Перш чым прыступіць да стварэння “Медыямайстэрні”, мы пазнаёміліся з замежнымі напрацоўкамі. У тым ліку вывучылі тыя рэсурсы, якія ёсць у Беларусі.

Асаблівасць гэтага фармату ў тым, што медыямайстэрня знаёміць не толькі з тэарэтычнымі аспектамі, але і з сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі. Семінары пабудаваныя менавіта такім чынам, што выкладчыкі асвойваюць тыя прылады, якія потым змогуць адаптаваць да сваёй педагагічнай дзейнасці.

Плануем, што медыямайстэрня будзе і далей працягваць сваю працу. Зараз рыхтуем апытанне сярод выкладчыкаў, каб высветліць, якія тэмы для іх запатрабаваныя. Магчыма, новы праект запусцім у верасні гэтага года. Увядзём новыя тэмы. Напрыклад, пра этычныя нормы камунікацыі ў інтэрнэце, пытанні разумення і веды прававых нормаў, пра ўплыў на кар’еру прысутнасці ў інфармацыйным полі.

Алена Карпіевіч, арганізатар “Медыямайстэрні–2017”, начальнік аддзела развіцця ўніверсітэцкай адукацыі ЦПРА:

— Змяшаная, вочна-дыстанцыйная форма працы з’яўляецца ў нас асноўнай. Медыямайстэрня – гэта патрабавання часу. І тая колькасць заявак, якая да нас прыйшла, пацвердзіла нашу гіпотэзу, што для выкладчыкаў універсітэта гэта важна. І ўдзельнікі цікавыя адзін аднаму, нягледзячы на тое, што яны маюць розныя профілі.

“Хатняе” заданне стымулюе слухачоў працаваць самастойна ў прамежках паміж семінарамі. Адна справа, калі выкладчык абмяжоўваецца праглядам матэрыялаў і тэкстаў, а іншая – калі сябар медыямайстэрні да наступных заняткаў, напрыклад, стварае лонгрыд. Мы не даём па заканчэнні гэтага цыкла метадычных семінараў пасведчанне аб павышэнні кваліфікацыі, а толькі сертыфікаты ўдзелу. Для выкладчыкаў гэта добраахвотная актыўнасць.

 

ДАВЕДКА

Да фармату цяперашняй медыямайстэрні арганізатары дайшлі пасля правядзення цыкла семінараў “Школы маладога выкладчыка”. Гэта быў першы досвед рэалізацыі стратэгіі змяшанага навучання: семінары сумяшчаліся з індывідуальнай працай у сістэме дыстанцыйнага навучання. Па завяршэнні “школы” было вырашана распрацаваць праграму семінараў, накіраваных на развіццё медыяпісьменнасці выкладчыкаў універсітэта. У 2016 годзе была праведзеная першая “Медыямайстэрня ўніверсітэцкага выкладчыка”, якая ўключала ў сябе ўсяго 4 семінары.

Дарэчы, у 2017 годзе Цэнтру праблем развіцця адукацыі ГУВНМР спаўняецца 20 гадоў.

Алёна ЛЯЎШЭНЯ

 

print

Вам таксама можа спадабацца: