Адным з удзельнікаў 4-га этапу Мінскай гарадской лігі каратэ, пра што мы нядаўна расказвалі, стаў старшы выкладчык кафедры канстытуцыйнага права юрыдычнага факультэта Дзмітрый ОСІКА, які таксама з’яўляецца дырэктарам клуба «Санга» Беларускай асацыяцыі каратэ. Ён расказаў нам пра сваё разуменне каратэ і трэніроўкі ў штаб-кватэры японскіх баявых мастацтваў Хомбу Дадзё.
-Дзмітрый Віктаравіч, распавядзіце, калі ласка, пра свой шлях у каратэ. Як доўга Вы ішлі да пасады кіраўніка клуба? Якія былі прамежкавыя этапы?
-Зараз мне 31 год. Займацца каратэ я пачаў у 7-гадовым узросце ў трэнера Снегірова Сяргея Мікалаевіча. На той момант, калі паступіў ва ўніверсітэт, Сяргей Мікалаевіч быў старэйшым трэнерам БДУ – і свае заняткі я працягнуў у яго ж. На 4-м курсе здаў экзамен на чорны пояс. Пасля заканчэння ўніверсітэту, падчас вучобы ў магістратуры, я набраў сваю дзіцячую групу і працаваў з імі. Праз некалькі гадоў атрымаў 2-і дан, пасля 3-і дан, пасля стаў кіраваць сваёй арганізацыяй, якая зараз крыху разраслася і стала даволі прыстойнай і па дзіцячым, і па дарослым складзе.
-Ці адразу далася Вам праца з дзецьмі? Ці давялося папярэдне азнаёміцца з адпаведнай літаратурай, паназіраць за вопытнымі педагогамі?
-З дзецьмі я пачаў працаваць не ў каратэ. Мой першы досвед такога плану здзейсніўся на 2-м ці 3-м курсе, калі я летам выехаў у лагер з дзецьмі з нядзельнай школы. У лагер мяне запрасілі, каб я паспрабаваў з імі пазаймацца. Сфера маёй адказнасці – фізкультура. З дзецьмі мы рабілі размінкі ў стылі каратэ, праводзілі спаборніцтвы на муляжах мячоў (я загадзя ўзяў з сабою трэніравальную зброю). Менавіта ў той час я зразумеў, што праца з дзецьмі ў мяне атрымоўваецца. Чатыры гады да таго, як выкладаць менавіта каратэ, я прапрацаваў у нядзельнай школе, куды мяне пасля лагеру запрасілі выкладчыкам-стажорам. Там я атрымаў патрэбны досвед, і потым праца з дзецьмі па маім асноўным накірунку давалася прасцей.
Акрамя таго, калі я займаўся ў Снегірова Сяргея Мікалаевіча, то таксама праходзіў свайго роду педагагічную практыку. Гэтую практыку заняткаў з дзецьмі ў Сяргея Міклаевіча праходзілі ўсе старэйшыя вучні, праходзяць і зараз. На маю думку, гэта вельмі мудра. Таму што ты толькі тады можаш лічыць, што спасцігнуў прадмет і навучыўся чамусьці, калі ты можаш свой прадмет растлумачыць дзіцяці. Сяргей Мікалаевіч пастаянна прымушаў нас вучыць дзяцей ката, базавай тэхніцы – усяму таму, праз што праходзілі мы самі. Магчыма, менавіта дзякуючы свайму трэнеру я стаў педагогам, не маючы педагагічнай адукацыі.
-Скажыце, ці заўсёды Вашая практыка каратэ была непарыўная?
-У каратэ ў мяне было два “прышэсці”. Першае – гэта калі меня прывялі туды ў 7-гадовым узросце, другое – калі я паступіў ва ўніверсітэт і ўжо сам вырашаў, ісці далей займацца ці не ісці. Заняткі мае былі амаль бесперапынныя, адзінае што ў 10-11 класе было складана з трэніроўкамі, бо трэба было паступаць. Калі я паступіў, то, будучы сталым чалавекам, мог рабіць, па сутнасці, што хацеў. Але я цвёрда вырашыў: іду шукаць, хто ў БДУ галоўны трэнер. На шчасце, гэта аказаўся Сяргей Мікалаевіч. І я самастойна прыйшоў да свайго першага настаўніка.
-Атрымоўваецца, Вы ў сукупнасці ўжо амаль 25 гадоў у каратэ. У сувязі з гэтым два пытанні. Першае: ці ўсё ў Вас атрымліваецца, ці ва ўсім Вы бачыце сябе рэалізаваным? І другое: ці ёсць, куды расці?
-Расці, вядома ж, ёсць куды. Зараз я ўшчыльную супрацоўнічаю з японскай асацыяцыяй каратэ JKA. Езджу да іх у Токіа трэніравацца. Галоўнае, што даюць гэтыя трэніроўкі – тое, што ты бачыш, што рост у каратэ бясконцы. Калі я ў 2015-м годзе прыязджаў у Хомбу Дадзё (галоўнае дадзё, “штаб-кватэра” арганізацыі японскіх баявых мастацтваў) ў Токіа, я ўжо меў 3-і дан. Трэніраваўся ж я ў сэнсэя Оганэ 1991-га года нараджэння, уладальніка 2-га дана. І займаючыся пад яго кіраўніцтвам, я разумеў, што яго ўзровень, яго 2-і дан цалкам дазваляе яму мяне трэніраваць, мне ёсць чаму павучыцца. Я бачу гэта, бачу інструктараў з 3-м данам – чэмпіёнаў Японіі і прыкладна маіх аднагодкаў, – і разумею, што ёсць куды расці.
Што датычыцца самарэалізацыі. На сённяшні дзень жыццё, на шчасце, складваецца так, што мае чаканні былі больш сціплымі, чым усё атрымалася на справе. Яшчэ пэўны час таму я не мог і падумаць, што маім асноўным відам дзейнасці сапраўды стане каратэ. Аказалася, выкладанне – гэта маё прызванне. Калі выкладаеш рознабаковыя дысцыпліны, гэтыя практыкі ўзаемадапаўняюць адна адну. Вопыт працы ва ўніверсітэце робіць і маю трэнерскую дзейнасць, і ўласную практыку каратэ больш акадэмічнымі і сістэмнымі.
-Як спартсмен, Вы больш катыст, кумітыст або “універсаліст”?
-Цікавае пытанне. Усё жыццё мой трэнер казаў мне, што я катыст. Але па фізічных кандыцыях, па целаскладу я тыповы кумітыст. Тым не менш, трэнер сказаў “ты катыст” – і я стаў ім. Я веру, што каратэ – гэта кумітэ, але трэніроўка каратэ – гэта ката. Я вельмі люблю гэты раздзел, заўсёды надаваў яму вялікую ўвагу на трэніроўках, якія праводжу. Мае ж уласныя трэніроўкі – гэта і ёсць трэніроўкі ката. Таму можна сказаць, што фізічна я кумітыст, а ідэалагічна – катыст.
-Ці ўсё ў Вас атрымалася на сённяшнім турніры?
-Не. Я зноў прайграў таму ж спартсмену. Ну, як прайграў. Я сустракаўся з ім раней – не непасрэдна ў паядынку, а ў адной турнірнай сетцы. Ён тады абышоў мяне па колькасці кругоў, і ў гэты раз таксама. У наступны раз я яго абыду.
-Апроч працы тут, Вы ездзіце трэніравацца ў Японію. Скажыце, ці ёсць адрозненні паміж імі і намі ў трэніроўках і ў адносінах адно да аднаго наогул?
-Паміж людзьмі адносіны ў Беларусі і ў Японіі розныя. Але паміж каратыстамі назіраецца тое, што можно назваць узаемнай культурнай адаптацыяй. Сусветнае каратэ пераняло не толькі тэхнікі, але і культурныя традыцыі Японіі. Адносіны паміж каратыстамі сапраўды адрозніваюцца ад ішных. Я меў магчымасць параўноўваць іх з прадстаўнікамі іншых адзінаборстваў. І скажу, што такой дысцыплінаванасці, прыстойнасці, акуратнасці я нідзе, апроч каратэ, не бачыў. І гэта выдатна, гэта вялікі плюс. Што ж тычыцца трэніровак, то яны розныя бываюць. У Японіі ёсць вельмі артадаксальныя залы, дзе трэніроўка – гэта на 90 адсоткаў кіхон*. А ёсць залы, дзе прытрымліваюцца спартыўнага кірунку. Па-рознаму здараецца – як, зрэшты, і ў нас.
-Наколькі мне вядома, у Японіі стаўленне да кіхону ўсё ж іншае, чым у нас – менш фармальнае і больш прыкладное. Ці так гэта?
-Я скажу, што так. У некаторых нашых залах кіхон успамінаюць тады, калі трэба рыхтавацца да экзамену на пояс. У Японіі жа кіхон – аснова ўсяго. Я асабіста знаёмы з трэнерам сусветна вядомай маладой спартсменкі Махіра Такана. Яна зорка Ютуба, зорка кліпа Sia на песню «Alive». Пытаюся ў трэнера: як Вы з ёй працуеце? Адказ: дзве траціны трэніроўкі – гэта кіхон. А астатняе? Астатняе – якусоку-кумітэ*. І трохі ката – пры тым, што яна шыкоўная катыстка. Я пытаюся: “І ўсё?” – “Ну так” – “А як жа фізічныя трэніроўкі, развіццё фізічных кандыцый?” – “Не, яна досыць свядомая, займаецца гэтым самастойна. На трэніроўках у нас няма на гэта часу”. Дзіўна, так? Але японцы кажуць: кіхон – ключ да ўсяго. У прынцыпе, гэта правільна, з кіхону складаецца ўсё.