Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт расквеціў для абітурыентаў не самы сонечны гэтым разам Дзень смеха яркім фестывалем факультэтаў, на якім студэнты і супрацоўнікі БДУ ў надзвычай крэатыўнай форме прэзентавалі адукацыйныя і творчыя магчымасці альма-матар.
Нягледзячы на ранні для школьных канікул час і надвор’е, якое ў звычайнай сітуацыі не выклікала б жадання штосьці рабіць, унутры будынка ліцэя ўжо напоўніцу віравала разумовая праца, ініцыятарамі якой стала 14 камандаў ад розных агульнаадукацыйных устаноў, што вырашылі прыняць удзел у фестывалі інтэлектуальных гульняў школьнікаў. Аднак, нягледзячы на гэткую гучную назву, атмасферу ў холе, дзе ён адбываўся, можна апісаць як цёплую і добразычлівую, дзе спаборніцтва не падстава даказаць сваю перавагу над іншымі, а спосаб весела і з карысцю правесці час.
Па завяршэнні спаборніцтва ўсе, хто вырашыў наведаць мерапрыемства, былі запрошаны ў актавую залу, дзе адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю факультэтаў БДУ, на працягу якога будучым абітурыентам даносілі і даказвалі думку, што Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт – гэта не проста шараговая ВНУ. Гэта – вялікая дружная сям’я, дзе ўсё накіравана на дапамогу ў рэалізацыі вашых амбіцый і мэтаў, на атрыманне таго ўзроўню ведаў, які сапраўды дапаможа ў дарослым жыцці, і стварэння спрыяльных умоў для яго атрымання.
Гэтая атмасфера вялікай сям’і, дзе няма падзелу на сваіх і чужых, дзе важнае меркаванне і прапанова кожнага, панавала ўсюды і схіляла да дыялогу. Так гэта было на брыфінгу з удзелам акадэміка Сяргея Абламейкі, дзе абітурыенты атрымалі магчымасць пачуць адказы на любыя пытанні: пачынаючы ад асаблівасцяў уступнай кампаніі 2017 г. і заканчваючы тым, ці могуць мінчукі атрымліваць інтэрнат, каб мець магчымасць хутчэй прыязджаць да свайго навучальнага корпуса.
Паралельна з гэтым універсітэт прэзентаваў праект «Студэнт на тыдзень», мэтай якога было азнаёміць выпускнікоў агульнаадукацыйных устаноў з жыццём ВНУ, дапамагчы ім вызначыцца з будучай спецыяльнасцю. Сёлета, акрамя Інстытута журналістыкі – ініцыятара праекта, яны атрымалі магчымасць адчуць сябе амаль студэнтам яшчэ на 6 факультэтах (а ў найбліжэйшых планах павялічыць гэтую лічбу ў два разы).
Ці мела гэта поспех? Адказам на гэтае пытанне былі водгукі ўдзельнікаў, якія шчыра дзякавалі за такую магчымасць і падкрэслівалі, як ім гэта дапамагло ў тым, каб знайсці сябе і сваё месца ў будучыні.
Працяг фестываль атрымаў у актавай зале, дзе факультэты прэзентавалі сябе патэнцыйным студэнтам-першакурснікам, прычым як у класічным выглядзе праз самадзейнасць, так і ў больш сучасным, паказаўшы пра сябе любімых невялікія фільмы.
Акрамя гэтага, у холе і ўнутраным дворыку ліцэя былі арганізаваны пункты ўсіх неабходных для абітурыентаў падраздзяленняў універсітэта: факультэцкія, псіхалагічнай службы, прыёмнай камісіі, медыяцэнтра, унутраных арганізацый, Галоўнага ўпраўлення навукі і іншых прадстаўнікоў, якія складаюць механізм насычанага ўніверсітэцкага жыцця.
Прычым карысная інфармацыя была не проста ў сухіх лічбах і фактах. Жывыя зносіны і індывідуальны падыход дапамаглі настроіць наведнікаў на дыялог, дапамагчы з выбарам, адказаць на пытанні.
Аднак не толькі на навучальную інфармацыю быў насычаны гэты дзень. Была арганізавана канцэртная праграма творчых калектываў універсітэта, пункты аквагрыму і мастацтва, а таксама фотабудка, дзе кожны мог зрабіць і раздрукаваць памятнае фота пра адно з важных мерапрыемстваў, якое, магчыма, для многіх з будучых абітурыентаў паслужыла важным крокам для выбару справы ўсяго свайго жыцця.
Ксенія АТРАШКЕВІЧ
Фота Васіля Кузьмічкіна
Яшчэ больш фота ў лічбавым фотаархіве БДУ
Відэа: