XXI Міжнародная спецыялізаваная выстава “СМI ў Беларусі” праходзіць з 3 па 6 мая ў выставачным павільёне на праспекце Пераможцаў, 14. Інфармацыйную дзейнасць нашага ўніверсітэта прэзентуюць Інстытут журналістыкі і Медыяцэнтр БДУ.
Выстава “СМI ў Беларусі” штогод збірае айчынныя і замежныя медыя. Усяго каля 100 удзельнікаў працуюць на стэндах форуму. Сярод іх – рэдакцыі, інфармацыйныя агенцтвы, выдавецкія дамы і іншыя прадпрыемствы, непасрэдна звязаныя са сферай масавай інфармацыі. Тут прадстаўлена гісторыя развіцця СМІ ў Беларусі на прыкладах найстарэйшых выданняў, а таксама новыя камунікацыйныя і мультымедыйныя тэхналогіі.
“Мы маем паўнавартасную нацыянальную інфармацыйную прастору”, – сказала на адкрыцці выставы Лілія Ананіч. Міністр інфармацыі Беларусі падкрэсліла, што дзяржава праяўляе клопат пра развіццё медыйнай сферы і гэта прыносіць свой плён. У краіне больш за 1,6 тыс. нацыянальных друкаваных СМІ і звыш 270 тэлерадыёпраграм. Яна дадала, што беларуская медыяпрастора з’яўляецца адкрытай, і гэта пацвярджае шырокая геаграфія ўдзельнікаў выставы. Так, на форуме можна азнаёміцца са СМІ Кітайскай Народнай Рэспублікі, з выданнямі Саюзнай дзяржавы, а яшчэ з выданнямі, якія выходзяць у асяроддзі беларускіх дыяспар у Літве, Латвіі, Украіне і Расіі.
Увагу шматлікіх наведнікаў выставы прыцягвае стэнд БДУ, на якім дэманструецца відэапрэзентацыя нашага ўніверсітэта, а таксама прапануцецца інфармацыя пра электронныя рэсурсы БДУ.
Нязменным попытам карыстаюцца спецвыпускі газеты “Універсітэт” для абітурыентаў, самы свежы з якіх з інфармацыяй пра парадак і план прыему ў БДУ на 2017 год і мінулыя прахадныя балы рэдакцыя падрыхтавала якраз да адкрыцця выставы.
Акрамя таго, тут можна пазнаёміцца з асобнымі нумарамі студэнцкіх малатыражак, а таксама відэаролікамі “Студэнцкага тэлебачання БДУ”.
Што да экспазіцыі Інстытута журналістыкі, то тут можна ўбачыць студэнцкія СМІ факультэта (газета “ЖурФАКТЫ”, канала “Журфак-ТБ”, парталы Websmi.by і Studlive.by), даведацца інфармацыю пра спецыяльнасці і ўступную кампанію, прачытаць праграмы факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, вывучыць апошнія кнігі з бібліятэкі, а таксама пагартаць часопіс “Веснік БДУ”, прадстаўлены ў новым фармаце.
На пытанні абітурыентаў адказваюць выкладчыкі і студэнты. Падыходзяць выпускнікі, каб даведацца апошнія навіны пра жыццё БДУ.
Арганізатарамі выставы выступілі Міністэрства інфармацыі Беларусі, НВЦ “БелЭкспа” пры падтрымцы Мінгарвыканкама, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, Саюза выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў друку, Дома прэсы, Беларускага саюза журналістаў.
Алена ЛЯЎШЭНЯ
Фота Васіля Кузьмічкіна
Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ
Відэа: