Занятаму студэнту бывае дужа складана ўладкавацца на працу – папросту не хапае часу адарвацца ад вучобы. Але інфармацыйная эпоха адкрывае нам шмат новых гарызонтаў. Пры пэўным імпэце студэнт, абраўшы шлях фрылансера, можа забяспечыць сабе даволі стабільны заробак. Ды і нават пры яго адсутнасці «інтэрнэтныя» шляхі падзарабіць стануць неблагім дадаткам да стыпендыі.
Прэрэквізіты
Першае, пра што трэба задумацца – вывад грошай. Вядома, не заўсёды атрымаецца забраць свае кроўныя «наяўнымі» – ваш заказчык можа сядзець на іншым канцы свету. Таму варта абзавесціся карткай Visa або MasterCard (калі вы збіраецеся кантактаваць з замежнымі працадаўцамі) і падумаць пра кашалёк у плацежных сістэмах накшталт Webmoney або Яндэкс.Грошы.
Чым увогуле зарабляюць праз інтэрнэт? Самыя папулярныя прафесіі – капірайтар і дызайнер. Аднак магчымасці гэтым не абмяжоўваюцца – пра некаторыя іншыя варыянты будзе напісана пазней.
Дзе шукаць працу?
Работа, канешне, не заяц – не ўцячэ, але, каб яе адшукаць, ужо трэба прыкласці некаторыя высілкі. Тым не менш усё прасцей, чым падаецца на першы погляд. Самы просты варыянт – зарэгістравацца на біржы фрылансераў, як, напрыклад, http://upwork.com або http://freelance.com. Не грэх будзе звярнуцца і да тэматычных суполак у сацыяльных сетках – там таксама можна знайсці выхад на працадаўцу.
Кім заштукавацца?
Калі браць за ўмову тое, што мы студэнты з крытычнай нястачай часу, то праца мусіць быць малаёмістай, эпізадычнай, але не нізкааплатнай. Загадзя трэба папярэдзіць – не звязвайцеся з усялякімі падазронымі прапановамі, да прыкладу, «пстрыкаць на рэкламныя банеры» або «разаслаць лісты па e-mail». Нягледзячы на тое, што такія заданні выглядаюць простымі, часта «працадаўцы» аказваюцца махлярамі.
Такім чынам, кім?
Можна заняцца перакладамі!
Калі вы добра валодаеце другой (а то і трэцяй) мовай, то гэтая прафесія акурат для вас. Пагатоў што перакладчыцкія заданні на біржах фрылансераў якраз малаёмістыя – можна даць рады за вольны вечар. Вядома, не трэба брацца за гэта заплюшчыўшы вочы, хай і задача «прачытаць на адной мове і запісаць на другой» збоку падаецца простай. Тут крыецца небяспечная пастка, трапіўшы ў якую, перакладчык рызыкуе стаць часткай заганнай школы, якую знакамітая перакладчыца Элеанора Гальперына, больш вядомая пад псеўданімам Нора Галь, называла «буквалісцкай». Дарэчы, калі вы ўжо зацікавіліся гэтай сферай – можна параіць яе фундаментальную працу «Слова жывое і мёртвае». Кніга, канешне, пра асаблівасці рускай мовы, але тэзісы, у ёй выказаныя, справядлівыя для ўсіх моў. Нора Галь падрабязна разбірае тыповыя памылкі перакладчыкаў і нездаровыя тэндэнцыі, якіх варта пазбягаць. Must-read.
Будзьце гатовыя да таго, што кампаніі карыстаюцца паслугамі рэпазіторыяў для размяшчэння файлаў лакалізацыі. Можаце загадзя завесці ўліковыя запісы на самых папулярных Transifex і Crowdin, і адным махам крыху асвоіцца ў іх функцыянале (няхай і нескладаным).
Аплата і выдаткі часу на працы строга залежаць ад аб’ёму перакладзенага тэксту. У сярэднім жа перакладчыкі атрымліваюць ад 5$ за гадзіну сваёй працы, а гадзіна працы суадносіцца прыблізна з тысячай радкоў файла лакалізацыі.
Можна рабіць субтытры!
Калі вы не пішаце «я» і «паліглот» адным сказам, то ёсць прасцейшы варыянт, але не з меншай сацыяльнай адказнасцю.
У свеце налічваецца вельмі шмат людзей з праблемамі слыху – так, па статыстыцы, кожны дзявяты чалавек у свеце мае такія праблемы, а 70 мільёнаў чалавек з’яўляюцца членамі Сусветнай федэрацыі глухіх. На жаль, іх праблемы ў многіх краінах ігнаруюцца – не ствараецца патрэбная для такіх людзей інфраструктура, не адаптуецца кантэнт. У Беларусі робяцца захады па стварэнні безбар’ернай прасторы для глухіх людзей – бягучыя радкі ў транспарце, SMS-службы міліцыі і МНС, але здараюцца і крокі назад, як, напрыклад, знікненне сурдадубляжу з дзяржаўных каналаў.
Інтэрнэт і яго тэкставая прырода дапамагаюць людзям з праблемамі слыху адаптавацца і павышаць якасць свайго жыцця. Менавіта праз інтэрнэт быў сфарміраваны грамадскі запыт на субтытры. Напрыклад, на YouTube даўно ўведзена і пастаянна ўдасканальваецца сістэма аўтаматычнай генерацыі субтытраў на розных мовах. Але іх якасць, хай яна і паляпшаецца штодня, пакуль што ўсё яшчэ мае прастору для росту. Поўнасцю перадаручыць гэтую справу аўтаматыцы мы зможам яшчэ не хутка, і стваральнікі субтытраў вельмі запатрабаваныя.
Калі для нас, людзей са здаровым слыхам, субтытры – нешта апцыянальнае, пытанне эстэтыкі пры праглядзе фільму (ці слухаць арыгінальную агучку або лакалізаваную?) ці проста дапаможны сродак пры вывучэнні іншай мовы, то для людзей з праблемамі слыху яны неабходныя. На гэтай ніве і можна выступіць дапаможнікам, атрымаўшы за сваю працу адпаведную плату.
Працаваць на гэтай ніве можна ў двух фарматах – усё залежыць ад вашых магчымасцяў і жаданняў заказчыка. Вы можаце зрабіць транскрыпцыю відэафайла – кажучы простай мовай, проста перабіць тэкст. Калі ж вы разбіраецеся ў пытанні больш грунтоўна, то можаце зрабіць уласна файл субтытраў. У першым выпадку ніякіх асаблівых ведаў не патрабуецца. У другім прыйдзецца разабрацца ў такіх паняццях, як таймінг, CPS, адрозненні фарматаў .srt і .ass, а таксама аптымальная даўжыня радка.
Для стварэння файлаў субтытраў можна выкарыстоўваць як базавыя праграмы Windows (той жа «Нататнік»), так і спецыялізаваны софт – да прыкладу, Aegisub.
Як і ў папярэднім выпадку, усё залежыць ад аб’ёмаў. За стварэнне паўнавартаснага файла субтытраў да фільма даўжынёй у палову гадзіны можна разлічваць на 15$ за прыблізна дзве гадзіны працы. У выпадку, калі вы робіце звычайную транскрыпцыю, сума будзе адпаведна ніжэйшай, але і часу такая праца зойме менш.
Можна займацца дызайнам!
Добры густ ёсць у кожнага з нас. А яшчэ яго можна аб’яднаць з навыкамі працы ў графічных рэдактарах і ствараць лагатыпы, візіткі, запрашальныя паштоўкі, плакаты і шмат чаго яшчэ. Тут, канешне, уваходны парог значна вышэйшы – калі вы ўсур’ёз намерваецеся працаваць у гэтай сферы, то вам спатрэбіцца шмат досведу і спецыяльных сродкаў (напрыклад, графічны планшэт). Аднак і аплата дызайнерскай працы суадносна высокая.
Можна займацца капірайтынгам!
Ці варта пісаць пра самую папулярную фрылансерскую спецыялізацыю? Пра яе было ўжо напісана і перапісана столькі, што наўрад ці можна дадаць яшчэ нешта да ўжо сказанага. Але я паспрабую.
Капірайтынг, з прычыны велізарных аб’ёмаў рэкламнага рынку, моцна запатрабаваны, таму капірайтар ніколі не застанецца без працы. Перавага гэтага спосабу таксама ў тым, што такая дзейнасць не патрабуе шмат ад навічкоў – для пачатку хопіць адно толькі навыкаў працы з тэкстамі і агульнай пісьменнасці. Пагатоў заўсёды ёсць старэйшыя таварышы, гатовыя падзяліцца прыёмамі працы і ўнутранымі асаблівасцямі. Мінус – разлічваць на высокую аплату ў пачатку шляху наўрад ці прыйдзецца, але з часам вы назапасіце досвед і партфоліа, што дапаможа гэты мінус нівеляваць.
І шмат чаго яшчэ!
Заказы бываюць настолькі разнастайныя, што пералічыць іх усе папросту немагчыма. Уважліва вывучайце ўсе прапановы – і абавязкова знойдзеце нешта сабе даспадобы.
Мікіта МАКЕЙ