100 гадоў таму – 14 мая 1917 г. – у Мінску нарадзіўся адзін з выбітных канструктараў ХХ стагоддзя, распрацоўшчык ядзернай зброі Аркадзь Брыш.
А. А. Брыш – наш зямляк, выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, партызан Вялікай Айчыннай вайны, лаўрэат Ленінскай і Дзяржаўных прэмій, Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Расійскай Федэрацыі, доктар тэхнічных навук. Прафесар Аркадзь Адамавіч Брыш – адзін са стваральнікаў ядзернай зброі ў СССР.
На пасадзе галоўнага канструктара ядзерных боепрыпасаў СССР А. А. Брыш працаваў з 1964 да 1993 гг., затым 12 гадоў – на пасадзе галоўнага канструктара ядзерных боепрыпасаў Расіі. З 1996 года і да канца жыцця ён з’яўляўся ганаровым кіраўніком Расійскага федэральнага навукова-даследчага інстытута авіяцыйнай аўтаматыкі. Апошнія гады жыцця ён вёў навуковую працу па бяспечным захоўванні і мірным выкарыстанні назапашаных раней ядзерных зарадаў, працаваў па ўпарадкаванні навуковай спадчыны і захаванні айчыннага прыярытэту ў гэтай, раней такой сакрэтнай, галіне навукі. Выдавецкую дзейнасць Аркадзя Адамавіча красамоўна ілюструюць унікальныя кнігі «Ваенная моц Савецкага Саюза: ад Сталіна да Гарбачова», «Чалавек стагоддзя Юлій Барысавіч Харытон», у якіх яму належаць не толькі вялікія артыкулы, але і навуковае рэдагаванне і арганізацыйная праца як члена рэдкалегіі.
Аркадзь Адамавіч Брыш нарадзіўся 14 мая 1917 года ў Мінску ў сям’і настаўніка фізікі. Пасля сямі класаў сярэдняй школы Аркадзь Брыш паступіў у фабрычна-завадское вучылішча. Працоўную дзейнасць пачаў у 14 гадоў вучнем электраманцёра Беларускай канторы Усесаюзнага электратэхнічнага аб’яднання. У 1932–1935 гады, працуючы электраманцёрам, вучыўся ў вячэрняй школе Заходняй чыгункі. Пасля сярэдняй школы ў 1935 годзе паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1940 годзе дыпламаваны фізік А. А. Брыш пачаў працу ў Інстытуце хіміі АН БССР з заданнем: рэнтгенаграфічнымі метадамі даследаваць структуру і фазавы склад розных рэчываў.
Аднак пачалася вайна, і прыйшлося адмовіцца ад сваіх планаў. Адразу ж пасля прыходу нямецка-фашысцкіх захопнікаў Аркадзь Брыш уключыўся ў працу падпольнай групы, якую ўзначальвала Анастасія Фамінічна Верамейчык, а затым перайшоў у разведгрупу штаба брыгады імя К. Варашылава, якая дзейнічала ва Уздзенскім раёне.
За ўдзел у баявых аперацыях у тыле ворага А. А. Брыш узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём «Партызану Айчыннай вайны» I ступені. У 1944 годзе рашэннем штаба партызанскага руху Беларусі А. А. Брыш быў адкамандзіраваны для працягу навуковай працы ў Інстытут машыназнаўства АН СССР у Маскву.
У ліпені 1947 года, пасля нядоўгай працы ў Інстытуце машыназнаўства АН СССР, Аркадзь Адамавіч Брыш накіраваны ў КБ-11 (адкрытая назва «Навукова-эксперыментальная лабараторыя Прыволжскай канторы Галоўгарбуда СССР») – цяпер Усерасійскі навукова-даследчы інстытут эксперыментальнай фізікі, дзе займаліся распрацоўкай ядзернай зброі.
А. А. Брыш спачатку займаўся ўдасканаленнем методыкі фотахранаметрычнай рэгістрацыі, але ўжо ў кастрычніку 1947 года пачаліся яго самастойныя эксперыменты па распрацоўцы метаду вымярэння ціску ў дэтанацыйнай хвалі. Неўзабаве Аркадзем Адамавічам і яго групай быў выяўлены новы фізічны эфект – з’яўленне высокай электрычнай праводнасці прадуктаў выбуху пад дзеяннем моцных ударных хваль. У паспяховым выпрабаванні першага атамнага зарада ў жніўні 1949 года ёсць значны асабісты ўнёсак А. А. Брыша.
У 1955 годзе А. А. Брыша пераводзяць у Маскву ў НДІ авіяцыйнай аўтаматыкі і прызначаюць намеснікам галоўнага канструктара. Перад ім была пастаўлена задача: распрацаваць сучасныя аўтаматызаваныя сістэмы для ядзернай зброі. Для рашэння пастаўленай задачы Аркадзь Адамавіч прыцягнуў дасведчаных спецыялістаў з авіяцыі, што дазволіла ў кароткія тэрміны распрацаваць аўтаматыку падрыву ядзерных боепрыпасаў. А затым знаходзіў таленавітую моладзь, вучыў іх і вучыўся з імі, ствараючы адмысловыя вырабы, бартавыя прыборы і кантрольную апаратуру для розных тыпаў боепрыпасаў. Да 1960 года вага аўтаматыкі была паменшана ў 15 разоў у параўнанні з першапачатковым, а да 1970 года – у 50 разоў. Створаныя ў інстытуце прылады вылучаліся высокімі навукова-тэхнічнымі паказчыкамі, высокай надзейнасцю, практычнай бяспекай, устойлівасцю і зручнасцю эксплуатацыі. Некаторыя з іх не маюць аналагаў у сусветнай практыцы да нашых дзён.
Аркадзь Адамавіч не парываў сувязяў з Беларуссю: горача цікавіўся справамі роднага ўніверсітэта. Прыязджаючы ў Мінск, ён заўсёды з вялікім задавальненнем сустракаўся са студэнтамі, выкладчыкамі, навукоўцамі БДУ і НАН Беларусі. З радасцю Аркадзь Адамавіч сустракаў гасцей з Мінска ў сваёй маскоўскай кватэры. Беларусь не толькі месца, дзе прайшлі 27 гадоў яго жыцця, месца, дзе нарадзіўся, рос, вучыўся, ваяваў Аркадзь Адамавіч. Сюды ён прыязджаў сустракацца з аднапалчанамі. Тут у яго былі знаёмыя лясы, дамы і вуліцы, сябры юнацкасці і новыя знаёмыя. Тут быў бацькоўскі дом. У кожны свой прыезд Аркадзь Адамавіч імкнуўся наведаць магілы бацькі і маці. Неяк пасля сумеснай паездкі на могілкі Аркадзь Адамавіч прызнаўся аўтару гэтай нататкі: «Пабыў на магілах і як бы пагаварыў. Час ад часу я фізічна адчуваю неабходнасць прыязджаць сюды. Пабываю на магілах, становіцца лёгка. Пройдзе нейкі час, адчуваю: трэба зноў ехаць». Апошні раз Аркадзь Адамавіч прыязджаў у Мінск у 2014 годзе, за два гады да свайго скону.
Выпускнік фізіка-матэматычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Аркадзь Адамавіч Брыш быў адным з тых, хто зрабіў значны ўнёсак у стварэнне ў нашай агульнай краіне СССР магутнага фактару стрымлівання, які змог ацверазіць змагароў кіраваць іншымі народамі і распараджацца іх лёсам. Таму мы ганарымся нашым земляком, шануем яго імя як працаўнікоў-герояў, якія стварылі прыладу, што дазволіла засцерагчы свет ад вялікай вайны на працягу дзесяцігоддзяў.
Эдуард ШПІЛЕЎСКІ,
вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі Інстытута цепла- і масаабмену імя А. В. Лыкава НАН Беларусі