Самы творчы факультэт БДУ – журфак – не стамляецца здзіўляць цікавымі ідэямі і нестандартным падыходам да арганізацыі розных культурных мерапрыемстваў. Зімою журфакаўцы прадставілі сваю цудоўную каманду стэндап-комікаў, а 4 мая студэнтаў Інстытута журналістыкі чакаў яшчэ адзін сюрпрыз. Па аналогіі інфармацыйна-забаўляльнай праграмы “Першага канала” з’явіўся “Пражэктар на журфаку”, толькі замест вядомых прадстаўнікоў шоу-бізнэсу – студэнты БДУ і любімыя выкладчыкі.
Гасцей вечара сустрэў цудоўны журфакаўскі квартэт: студэнты Таісія Ганчарук і Яраслаў Пісарэнка, магістрант Аляксандр Івулін, а таксама нядаўні выпускнік Інстытута журналістыкі, вядомы вядучы мерапрыемстваў універсітэта Павел Кіслы. Яны, сапраўдныя майстры гумару, сабраліся, каб яшчэ раз абмеркаваць самыя важныя навіны гэтага году на журфаку і, канечне, пажартаваць пра гэта.
Разам яны не толькі ўспомнілі пра Дзень першакурсніка, размеркаванне, апошні ў гэтым годзе выпуск ваеннай кафедры, але і смяяліся з саміх сябе. Кожны з іх з гумарам падзяліўся сваёй гісторыяй, узгадаў цікавыя моманты студэнцкага жыцця, расказаў пра тыя дні ў любімым універсітэце, якія заўжды будуць выклікаць усмешку.
Як і ў студыю папулярнай праграмы на расійскім тэлебачанні, у “Пражэктар на журфаку” завіталі спецыяльныя госці. Пра дзвюх асоб прысутныя зналі загадзя, а вось імя трэцяга госця арганізатары трымалі ў сакрэце да самага пачатку мерапрыемства.
Першая госця была ўдзельніцай фіналу нацыянальнага адбору на “Еўрабачанне — 2017”. Як звязаны журфак і галоўны песенны конкурс Еўропы? Адказ вельмі просты! Інстытут журналістыкі можа пахваліцца сваёй таленавітай зорачкай – гэта студэнтка 3 курса Анжаліка Пушнова. Безумоўна, квартэт вядучых не мог пакінуць без увагі такую важную падзею ў жыцці юнай журналісткі. У імправізаванай студыі Анжаліка яшчэ раз узгадала, як рыхтавалася да творчага спаборніцтва, а таксама выканала сваю песню, англійскі тэкст якой арганізатары пераклалі на рускую мову і надалі яму жартаўлівы змест.
Кацярына Чычарава, якая 19 красавіка заваявала тытул “Міс журфак — 2017”, стала другой госцяй “Пражэктару на журфаку”. Вядучыя ўзгадалі незвычайны творчы нумар дзяўчыны, дзе галоўным элементам стала мука, таму сустрэлі госцю запэцканым у яе стулам. Не турбуйцеся, усадзілі госцю на чысты стул і спыталі пра галоўны сакрэт поспеху. Перамога ў Міс была для Каці вялікай нечаканасцю, яна да апошняга не верыла, што такі ганаровы тытул дастанецца менавіта ёй. Вясёлы квартэт прапанаваў дзяўчыне некалькі жартаўлівых варыянтаў таго, якім чынам Каця стала пераможцай.
Нарэшце трэці доўгачаканы госць! У студыі “Пражэктару на журфаку” з’явіўся кандыдат філалагічных навук, дацэнт, адзін з самых любімых выкладчыкаў усіх журфакаўцаў Фёдар Драбеня. У гэтым годзе ганаровы госць заняў пасаду намесніка дэкана факультэта журналістыкі, таму ўсе пытанні і жарты квартэта тычыліся гэтай падзеі. Фёдар Валянцінавіч усё ўспрымаў з усмешкай, узгадаў, як праявілі сябе на ягоных парах вядучыя вечара. Нейкая добрая цёплая настальгія пагрузіла прысутных у вельмі ўтульную хатнюю атмасферу – надыйшоў час падводзіць вынікі гэтага году на журфаку. Фёдар Валянцінавіч прызнаўся, што ён быў вельмі насычаным, а вядучыя Аляксандр, Павел і Яраслаў сумна заўважылі, што гэты год у Інстытуце журналістыкі стаў для іх апошнім. Вечар гумару і жартаў завяршыўся на лірычнай ноце, а Уладзіслаў Паповіч падараваў прысутным пачуццёвае выкананне песні пад мелодыю гітары.
Ініцыятарам стварыць “Пражэктар на журфаку” стаў Аляксандр Івулін, – кажа Павел Кіслы. – Менавіта ён прапанаваў такую цікавую ідэю і сабраў удзельнікаў разам, а мы, не задумваючыся, пагадзіліся. Рыхтавацца пачалі за тыдзень да мерапрыемства. Вырашылі, што неабходна стварыць каркас выступлення, з дапамогай якога нашаму квартэту было б лёгка імправізаваць. Разумелі, што ў такім фармаце працуем ўпершыню, таму будзе няпроста. На мой погляд, у нас атрымалася задуманае. Кожны знайшоў свой момант для ўдалага жарту, змог праявіць сябе і стаць неабходнай часткай каманды. Мы вельмі радыя, што арганізавалі такую сустрэчу, што атрымалася рассмяшыць прысутных і стварыць хатнюю атмасферу, а яшчэ ў чарговы раз пераканаліся: глядач журфака самы лепшы і ўдзячны! Шкада, што для многіх з нас гісторыя на журфаку завяршаецца, але вельмі хочацца спадзявацца, што яшчэ будзе працяг.
Дар’я НІКАНЧУК
Фота Дзіяны Басалаевай