У рамках першай “Школы SMM БДУ” праводзіліся заняткі на тэму стварэння відэакантэнту для Youtube. Адным са спікераў гэтага занятку стаў Дэміэн Кулаш – фронтмен вядомага амерыканскага гурта OK GO.
Гэты рок-квартэт вядомы сваімі незвычайнымі і зачаравальнымі музычнымі кліпамі. Першы іх ролік, якому атрымалася набраць дзясяткі мільёнаў праглядаў, быў зняты ў 2009 годзе і ўяўляў сабою танец на бегавых дарожках. За гэту незвычайную ідэю каманда OK GO ганаравалася прэміі Grammy ў намінацыі “Найлепшае музычнае відэа”.
Дэміэн запісаў на відэа для навучэнцаў школы адказы на пытанні, дзе падзяліўся сваім досведам і досведам гурта па стварэнні вірусных відэа. А мы падзелімся з вамі.
— У вас ёсць сакрэт натхнення?
— Сакрэт нашага натхнення не ў самым натхненні, а ў яго пошуку. Трэба прыходзіць не проста з добрай ідэяй, але з разуменнем таго, куды трэба ісці, каб знайсці гэту ідэю.
Відэа, якое, безумоўна, зрабіла нас папулярнымі, было знятае на бегавых дарожках. І ў нас не было адразу ідэі зняць гэты кліп менавіта такім. У нас была задумка запісаць на відэа танец на рухомай паверхні. Праз два тыдні роздумаў мы прыйшлі да таго кліпа, які ёсць цяпер. Менавіта тады мы вырашылі для сябе, што хочам здымаць падобныя відэа. Гуляць з аптычнымі ілюзіямі ці паспрабаваць зрабіць штосьці ў бязважкасці. І калі мы знаходзім адпаведных суаўтараў, тады мы проста ідзём ствараць гэту ідэю. У нас няма ідэй – мы іх знаходзім.
Важна не проста мець бліскучую ідэю, а мець здольнасць яе знаходзіць і рупліва працаваць над ёй. Важна таксама з крытыкай ставіцца да сваіх ідэй, заўсёды думаць над тым, што можна зрабіць лепш.
— Як у вас ідэя відэа становіцца рэальным відэа?
— Паўтаруся, што ўсё адбываецца падчас. Мы працуем над сваёй ідэяй і прыносім ў яе нешта новае. Але мы не проста хочам дэманстраваць візуальныя трукі, а імкнёмся кожны раз паднімацца на прыступку вышэй.
Мы знялі адзін кліп, у якім выкарыстоўвалася анімацыя на тоставым хлебе. Усе “кадры” былі выпалены лазерам. Мы разумеем, што гэта відэа вельмі крутое, і яшчэ лепш мы б яго і не рэалізавалі. Але гэта не стала для нас крокам наперад ці новай прыступкай. “Ваў-эфект” ад кліпа можа доўжыцца першыя 20-30 секунд, можа, хвіліну, а потым гэта становіцца сумным. Таму і ў песнях, і ў відэа мы імкнёмся да таго, каб яны сталі нешта вялікім і дапамагалі нам стаць лепшымі.
— Калі было цяжэй здымаць відэа: напачатку творчага шляху ці цяпер?
— Гэта зусім розныя рэчы. Адразу мы былі проста рок-гуртом, які вырашыў танчыць дзіўныя танцы на сцэне і запісваць сваю харэаграфію на відэа. Мы зразумелі, што гэта весела, гэтым дзеляцца нашы сябры. Але мы разумеем, што ва ўсім павінна быць мэта і пэўны план, таму паступова мы сталі рабіць тыя відэа, якія вы можаце бачыць цяпер у інтэрнэце.
І калі казаць пра сам працэс здымак, то мы заўсёды імкнуліся кідаць выклік. Вялікім эмацыйным досведам для мяне былі здымкі кліпа з выкарыстаннем машыны Руба Голдберга. Гэта прылада, якая выконвае адно простае дзеянне досыць складаным чынам, як правіла, пасродкам доўгай паслядоўнасці і ўзаемадзеяння.
Гэты быў першы кліп, калі мы зрабілі нешта сапраўды вялікае.
— Ці можа студэнт зняць падобны кліп, не маючы бюджэту на яго?
— Вядома, можа! Вам не трэба вялікіх грошаў на тое, каб стварыць добрую ідэю. Важна разумець, якой эмоцыяй і якой думкай вы хочаце падзяліцца. Ва ўсіх сваіх відэа мы хочам, каб людзі, якія іх глядзяць, казалі: “Ваў!” А для таго, каб выклікаць эмоцыі, вялікіх грошаў не трэба. Калі вы гарыце вашым праектам, вы прыдумаеце, як гэта зрабіць. Вы ведаеце, ёсць выдатныя фільмы і кліпы, знятыя на мабільны тэлефон. Важна развіваць уласныя навыкі і ўвесь час кідаць выклік .
Гутарыла Каця РУТКОЎСКАЯ
Фота: з архіва гурта OK GO, Каця Руткоўская
Кліп: OK Go “Here It Goes Again “