Міжнародны форум «Святло Вялікай Перамогі» прайшоў 5–7 мая на базе САК «Брыганціна». Ён сабраў каля 150 удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Азербайджана, Літвы і Латвіі.
Перад стартам форуму замежныя госці наведалі музей Вялікай Айчыннай вайны, паглядзелі факультэты БДУ і Мінск.
5 мая праграма СВП пачалася ва ўнутраным дворыку БДУ са святочнага канцэрта і адкрыцця мемарыяла «Памяць у імя жывых», а ў якасці абеду ўдзельнікі атрымалі сапраўдную салдацкую кашу, якая дадала сілаў на працяг дня ў «Брыганціне».
Сфарміраваліся сем камандаў, куратарамі якіх з’яўляліся актывісты студэнцкага саюза, савета старастаў і БРСМ. Кожная сваім вонкавым выглядам і творчым нумарам раскрывала абраную тэму. Тут былі і ваенкары, і персідскія вязні, і маракі.
Па прыездзе ўдзельнікі патрапілі на закрыты паказ стужкі «Сабака Руды», на якім прысутнічаў прадзюсар фільма Сяргей Ждановіч. Фільм глыбока крануў усіх і выклікаў абмеркаванне, дзе ўздымаліся тэмы акцёрскага складу, прафесіяналізму працоўнай групы і глыбіні раскрыцця характараў.
Пасля ўдзельнікі маглі выбіраць: вечар памяці ля вогнішча ці дэбаты на тэму «Увядзенне курса гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў школах».
На дэбаты прыйшло няшмат людзей, але было відаць, што яны сапраўды зацікаўленыя тэмай.
А на вечары памяці ўдзельнікі і арганізатары ля вогнішча спявалі ваенныя песні і чыталі вершы.
У другі дзень праходзілі секцыі, канферэнцыя Студэнцкай асамблеі і творчы вечар. На сямі секцыях распавядалася пра жанчын падчас вайны, пра ваенную фатаграфію, пра псіхалогію салдатаў, пра форму і рыштунак, а таксама пра патрыятычнае выхаванне з дапамогай сучасных тэхналогій.
Канферэнцыя прайшла незвычайна: з-за вялікай колькасці замежнікаў і жадання ўдзельнікаў паслухаць пра тое, як жывуць актывісты ў іншых краінах, пытанняў да нашых старшыняў студэнцкіх арганізацый практычна не было, і амаль увесь час сышоў на размовы з гасцямі.
На творчым вечары кожная каманда ставіла нумар, які адлюстроўваў іх погляд на тэму вайны. Некалькі нумароў былі на аснове сапраўдных гісторый вязняў канцлагераў, былі ваенныя вершы, вальсы і песні.
Трэці дзень пачаўся з «Зарніцы», дзе кожны мог пакідаць сякеры, пабегаць праз пяскі і пераадолець розныя перашкоды – адным словам, прайсці мірную вайсковую падрыхтоўку.
На гэтым форум завяршыўся, пакінуўшы для кожнага з удзельнікаў і арганізатараў шмат тэм і пытанняў для разважання. Але самае галоўнае – пакінуўшы велізарнае сяброўства, якое з’яўляецца наймацнейшай абаронай свету.
Яўгенія КРЫЖАНОЎСКАЯ
Фота Аляксандра Снапка і Надзеі Драздовай
Відэа: