Вязынка–2017: «забыць не мае сілы» (+відэа)

29 мая, 2017.

20 мая, субота, 12 гадзін — штосьці нагадвае, праўда? Сонейка не шкадавала цеплыні для тых, хто прыехаў на «Вязынку» – хапіла на ўсіх (нават крыху засталося). І ўжо за некалькі гадзін да пачатку афіцыйнага адкрыцця мерапрыемства большасць студэнтаў вілі вянкі з дзьмухаўцоў ды фатаграфаваліся каля сажалкі. Калі ісці на другі яе бок, можна пачуць, як сімфонія рапух становіцца нават гучнейшай за песні філфакаўцаў.


Халодны пачатак вясны стаў пры­чынай таго, што лісткі на дрэвах яшчэ да канца не рас­крыліся. Але таго ж сама нельга сказаць пра першакурснікаў філалагічнага факультэта. Да гэтага часу яны паспелі далучыцца да калектыву філфака, прымалі актыўны ўдзел у мерапрыемствах, а некаторыя – нават некалькі разоў.


Традыцыйна распачалася гімнам «Гаўдэамус» першая, урачыс­тая, частка «Вязынкі», якая працягвалася, як заўсёды, у атмасферы шчырасці і сяброўства. «Вязынка» – мерапрыемства, якое збірае ўсіх, хто мае дачыненне да філалагічнага факультэта, а таксама шматлікіх гасцей. Студэнты, выпускнікі, выкладчыкі, адміністрацыя – на нейкі час усе яны робяцца адной вялікай сям’ёй, не зважаюць на ўсялякія сацыяльныя ролі.


Ніколі яшчэ «Вязынка» не праходзіла без паэзіі. Падчас прамовы Сяргея Мікалаевіча Ходзіна, пра­рэктара БДУ па вучэбнай рабоце, слухачы ўспомнілі, з чым жа звязвае Янка Купала «ласку матчыну». Дэканы факультэтаў (Іван Сямё­навіч Роўда, Вячаслаў Міхайлавіч Малафееў, Віктар Генадзьевіч Шадурскі, Аляксандр Генадзьевіч Каханоўскі, Вадзім Францавіч Гігін) і начальнік Галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай работы БДУ Людміла Міхайлаўна Хухлындзіна прачыталі ўрывак з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля», каб нагадаць слухачам, што менавіта класік беларускай літаратуры «забыць не мае сілы».


Адной з асаблівасцяў «Вязынкі–2017» былі надзвычай таленавітыя курсанты ваеннага факуль­тэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі. Дзякуючы ім  мерапрыемства на некаторы час ператварылася ў рок-канцэрт, і слухачам нават не хапіла трох песень – яны патрабавалі працягу. Акрамя гэтага, важным госцем Вязынкі стаў ужо знаёмы студэнтам па «Фестывалі факультэтаў» гіпсавы Францыск Скарына (яго ролю выканаў студэнт славянскай філалогіі Дзмітрый Ляшкевіч), з чыіх вуснаў прагучалі знакамітыя словы з прадмовы да кнігі «Юдзіф».

Падзяліліся сваімі поспехамі ў вывучэнні беларускай мовы таксама і замежныя госці з Венгрыі і Кітая: Лаяша Дароцы, студэнт-стажор БДУ з універсітэта горада Дэбрэцэн, і група студэнтаў з Хэнанскага ўніверсітэта.


Як заўсёды, універсітэцкая су­польнасць з вялікай пашанай усклала кветкі ў знак падзякі да помніка Янкі Купалы, пасля чаго ўсе дружна рушылі на Парнас. «Экшн» на гэтым не спыніўся: пенальці дэкану, валейбол, турыстычная сцяжынка… Курсанты ваеннага факультэта акадэміі авіяцыі спаборнічалі ў сіле з філалагічным   факультэтам, перацягваючы канат (дзяўчаты не здаваліся да апош­няга). А яшчэ пагаворвалі, што каша была несалёнай, але гэта не­дакладная інфармацыя.


Калі звяртацца да лічбаў, 41 – столькі год прайшло з першай «Вязынкі»,135 – а столькі год прайшло з нараджэння двух знакавых для беларускай літаратуры і культуры людзей: Янкі Купалы і Якуба Коласа. Іх нараджэнне ў адзін год — выпадковасць? Мабыць. Але тое, што абодвум ім была ўласцівая такая любоў да родных мясцін? Што абодва яны мелі такі надзвычайны талент? Наўрад ці.

Юлія КЛІМЯНКОВА

Фота Анастасіі Вадэвіль

Яшчэ больш фота у VK

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: