Заснавальнік школы біяфізікі і клетачнай інжынерыі

17 мая, 2017.

Акадэміку НАН Беларусі, доктару біялагічных навук, прафесару кафедры біяфізікі фізічнага факультэта Сяргею Чаранкевічу споўнілася 75 гадоў.

С. М. Чаранкевіч нарадзіўся 20 красавіка 1942 г. у в. Палянічыцы Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У 1964 г. скончыў фізічны факультэт БДУ. З 1965 г. аспірант, асістэнт, старшы выкладчык, дацэнт, загадчык кафедры біяфізікі   (з 1980 г.).
У 1969 г. С. М. Чаранкевіч абараніў дысертацыю па спецыяльнасці «Оптыка». У 1989 г. абараніў доктарскую дысертацыю па спецыяльнасці «Біяфізіка». У 1990 г. прысвоена навуковае званне прафесара. У 2000 г. ён стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі за цыкл прац «Біяфізічныя механізмы функцыянальнага водгуку клетак». У 2009 г. абраны акадэмікам НАН Беларусі.
С. М. Чаранкевіч – вядомы навуковец у галіне біяфізікі, клетачнай інжынерыі, клетачнай інфарматыкі, нейраінфарматыкі, медыцынскай біяфізікі. С. М. Чаранкевіч сумесна з прафесарам Г. Г. Марціновічам прапанаваў і даказаў новую навуковую канцэпцыю пра ўдзел уну­тры­клетачных рэдокс-фактараў у падтрыманні гамеастазу клеткі.
У апошнія гады С. М. Чаранкевіч паспяхова развівае новыя навуковыя кірункі, у тым ліку распрацоўвае прынцыпы стварэння новых вылічальных прылад тыпу нейрачыпаў і нейрапрацэсараў на аснове спалучэння жывых нейронаў і паўправадніковых электронных прылад, а таксама вывучае законы навучання і механізмы фарміравання памяці ў нейронавых сетках мозгу. Ён распрацаваў шэраг арыгінальных біямедыцынскіх тэхналогій, заснаваных на вывучэнні працэсаў, звязаных з генерацыяй, рэгуляцыяй і ўтылізацыяй актыўных формаў кіслароду і азоту клеткамі для дыягностыкі і тэрапіі захворванняў, звязаных з парушэннямі імунітэту.
С. М. Чаранкевіч стварыў у БДУ навуковую школу ў галіне клетачнай і медыцынскай біяфізікі і клетачных тэхналогій. Падрыхтаваў 29 кандыдатаў і 3 дактароў навук. Ён з’яўляецца аўтарам больш як 700 публікацый, у тым ліку 440 асноўных навуковых прац, 48 аўтарскіх сведчанняў і патэнтаў, 5 мана­графій і 5 навучальных дапаможнікаў (у суаўтарстве).

Супрацоўнікі кафедры біяфізікі БДУ

Сяргей Мікалаевіч у наш час чытае лекцыйныя курсы «Фізіка біясістэм», «Фізіка мембранных сістэм», «Біяфізіка клеткі», «Фізічныя асновы структурнай і сістэмнай біялогіі», «Сучасныя праблемы біяфізікі» на фізічным факультэце. Кіруе навуковай працай студэнтаў і аспірантаў.
С. М. Чаранкевіч узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» (1999), медалём «За працоўныя заслугі» (2011), Ганаровай граматай Савета Міністраў Беларусі (2016 г.). Заслужаны работнік БДУ.

Калектыў кафедры біяфізікі сардэчна віншуе Сяргея Мікалаевіча з юбілеем, жадае яму дужага здароўя і новых творчых поспехаў.

print

Вам таксама можа спадабацца: