Мемарандум быў падпісаны паміж БДУ, Аб’яднаным інстытутам прыкладной інфарматыкі НАН Беларусі, SAP СНД, «Санта Імпэкс Брэст» і IBA.
Праца будзе арганізавана на базе цэнтра кампетэнцый па інфармацыйных тэхналогіях факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, студэнцкіх праектных семінараў, стартапаў і хакатонаў, куды будуць прыцягвацца найлепшыя студэнты.
Сёння ўжо вызначаныя тры асноўныя кірункі дзейнасці цэнтра. У першую чаргу тут будзе здзяйсняцца праца па рэалізацыі задач і праектаў бізнес-кампаній. У прыватнасці, адным з заказчыкаў паслуг цэнтра выступіў «Санта Імпэкс Брэст», які зацікаўлены ў інавацыйных рашэннях і прапановах супрацоўнікаў БДУ і працаўладкаванні выпускнікоў ВНУ. Для рэалізацыі бізнес-замоў плануецца прыцягваць прадстаўнікоў АІПІ НАН і IBA.
Другі кірунак звязаны з адукацыйнай робататэхнікай. Цэнтр стане інавацыйнай пляцоўкай, дзе студэнты змогуць займацца праектнай дзейнасцю па стварэнні аўтаматызаваных машын для рашэння прамысловых задач. Тут будуць арганізаваныя заняткі па распрацоўцы розных мадэляў, сістэм кіравання імі, навучанні працы з робататэхнічнымі прыладамі. Будзе праходзіць сумесная з АІПІ НАН праца па падрыхтоўцы навучальна-метадычных праграм па адукацыйнай робататэхніцы, арганізоўвацца практычныя і лабараторныя заняткі са студэнтамі і практычныя канферэнцыі і семінары для супрацоўнікаў БДУ.
Праца ў цэнтры прадугледжвае розныя фарматы ўцягвання студэнтаў і выкладчыкаў у інавацыйную дзейнасць: ад лекцыйных заняткаў, знаёмства з перадавымі тэхналогіямі і прынцыпамі пабудовы новых бізнес-мадэляў у эпоху глабальнай лічбавай рэвалюцыі да рэалізацыі групавых і індывідуальных праектаў. Тут створаць усе ўмовы для запуску ўласнага стартапа. Студэнты і выкладчыкі БДУ атрымаюць доступ да ўнікальнага навучальнага матэрыялу SAP, змогуць прайсці дыстанцыйныя і вочныя курсы навучання, трэнінгі, тэхнічныя брыфінгі, арганізаваныя гэтай нямецкай карпарацыяй.
Трэці кірунак тычыцца матэматычнага мадэлявання лагістычных бізнес-працэсаў прадпрыемстваў. Любы заказчык зможа атрымаць колькасную ацэнку эфектыўнасці працы сваёй кампаніі, на аснове якой будуць дадзеныя рэкамендацыі па памяншэнні выдаткаў і павелічэнні прыбытку.
За дзень да інавацыйнага форуму SAP у Мінску, 17 мая, для студэнтаў і выкладчыкаў БДУ быў праведзены майстар-клас дырэктара па маркетынгу кампаніі SAP СНД Сяргея Панкратава на тэму «Лічбавая трансфармацыя – новыя ролі і задачы IТ-прафесіяналаў у сучасных рэаліях бізнесу». У мерапрыемстве прынялі ўдзел дырэктар цэнтра кампетэнцый па інфармацыйных тэхналогіях БДУ Сяргей Маркаў, менеджары праграмы «Універсітэцкі альянс» SAP СНД Юрый Купрыянаў і Ігар Сіўцоў.
Падобныя цэнтры на постсавецкай прасторы сёння функцыянуюць толькі ў пяці ВНУ Расіі. Гэта: Маскоўскі тэхналагічны ўніверсітэт, Вышэйшая школа эканомікі, Расійскі дзяржаўны ўніверсітэт нафты і газу імя І. М. Губкіна, Санкт-Пецярбургскі нацыянальны даследчы ўніверсітэт інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі і Цюменскі тэхнапарк. Усяго на сёння адкрыта 29 інавацыйных цэнтраў SAP Next-Gen Lab у розных краінах.
Алена МАРЦУЛЕВІЧ
Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ
Відэа: