Праца як паветра: інтэрнат №7 прызнаны найлепшым у студгарадку (+відэа)

12 Jun, 2017.

Супрацоўнікі сёмага інтэрната з узнагародамі ад прарэктара БДУ Уладзіміра Суворава

Цёплыя словы падзякі і захаплення, песні, кветкі і ўзнагароды – так падводзіліся вынікі прэстыжнага конкурсу «Найлепшая арганізацыя ідэалагічнай і выхаваўчай працы ў інтэрнаце БДУ».

Загадчыкі, каменданты, выхаваль­нікі, сацыяльныя педагогі, педагогі­арганізатары, інструктары па фі­зічнай культуры і студэнцкія саветы – усе тыя людзі, якія арганізу­юць жыццё студэнтаў у кожным інтэрнаце БДУ, клапоцяцца пра камфорт іх пражывання і вольны час. Ганаровыя госці ўрачыстага падвядзення вынікаў конкурсу – прарэктар па выхаваўчай і наву­чальнай рабоце Уладзімір Сувораў, начальнік упраўлення выхаваўчай працы з моладдзю Аляксей Багамазаў, дырэктар студгарадка Ала Мелех.

На працягу двух гадоў адмі­ністрацыя Студэнцкага гарадка БДУ выбірала найлепшы інтэрнат  і найлепшы педагагічны калектыў. Сярод прафесіяналаў і незаменных працаўнікоў дзевяці інтэрнатаў складана было вызначыць, хто пераўзыходзіць калегаў у арганізацыі ідэалагічнай і выхаваўчай працы. Нарэшце 1 чэрвеня шчаслівы ўладальнік кароннага тытула быў абвешчаны: перамог калектыў  «сямёркі»!

Конкурс праводзіўся ў тры этапы. На першым завочным этапе педагагічныя калектывы інтэрнатаў прадстаўлялі экспертнай камісіі творчыя справаздачы пра зробленую працу, другі этап уяўляў сабою падрыхтоўку і правядзенне мерапрыемства па любым кірунку ідэалагічнай і выхаваўчай працы, на трэцім этапе конкурсу быў праве­дзены рэйд­агляд інтэрнатаў. Па выніках усіх трох этапаў і быў вызначаны пераможца.

Падвядзенне вынікаў конкурсу стала сапраўдным святам, якое  прынесла сям’і інтэрнатаў шмат уражанняў, хваляванняў і ўспамінаў. Перад калектывамі інтэрнатаў  і гасцямі выступілі з пранікнёнымі песнямі студэнты з Казахстана «Ка­бэнд», а таксама студэнткі,   удзельніцы і пераможцы конкурсаў студгарадка 2016–2017 года «Ся­рэбраныя струны», «Міс Вясна». Марына Самойлава – пераможца «Сярэбраных струн» у намінацыі «Аўтар» – у кампаніі сваёй выса­кароднай гітары колеру слановай косткі захапіла радкамі: «Ты ж ведаеш, у мяне цёпла»…

Дырэктар Студэнцкага гарадка БДУ Ала Мелех, узнагароджваючы ўсіх удзельнікаў дыпломамі, натхнёна падзякавала калегам:

«Я параўноўваю вашу працу з паветрам. Паветра нельга ўзяць у рукі, пераставіць, пакратаць, але без яго няма жыцця. Так і выхаваўчая праца. Дзякуй, што вы прафесійныя ў сваёй працы. Тое, што  з выхаваннем у нашых інтэрнатах няма праблем, заслуга ўсіх вас».

Уручаючы прызавы дыплом загадчыцы сёмага інтэрната Нэлі Савугінай, прарэктар Уладзімір  Сувораў распавёў, як вельмі складана прыйшлося журы выбіраць найлепшага сярод лепшых, і па­хваліў: «У вас правільны працоўны настрой. Мерапрыемствы захапляюць. Тое, што праводзіцца студэнтамі ў інтэрнатах, заўсёды разумна, цікава. Дзякуй вам за гэту працу».

Ад усёй вялікай сям’і студга­радка жадаем яго супрацоўнікам поспехаў у адказнай працы, новых творчых ідэй, дасягнення мэт, фінансавага дабрабыту і парадку ва ўсім!

Дар’я ШУПЕНЬКА
Фота Валерыі Гаўрылавец

Відэа тут

 

print

Вам таксама можа спадабацца: