Рамонт галоўнага корпуса БДУ. Што зменіцца?

2 Jun, 2017.

Зараз у галоўным корпусе БДУ праводзіцца бягучы рамонт хола першага паверха і туалетаў. З усімі нюансамі планаваных паляпшэнняў дапамог разабрацца Уладзімір Васільевіч Рагавіцкі, прарэктар па адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце БДУ.

Комплекс БДУ самы вялікі ў Рэспубліцы Беларусь. Многія будынкі з’яўляюцца помнікамі архітэктуры, што змушае ў такіх выпадках ажыццяўляць рамонтныя працы з асаблівай дбайнасцю пад наглядам Мі­ністэрства культуры і прызначаных навуковых кіраўнікоў.
Для забеспячэння адпаведнасці будынкаў і збудаванняў патрабаванням бяспекі  на працягу ўсяго перыяду іх выкарыстання прадугледжваецца правядзенне бягучых і капітальных рамонтаў.
Мінімальная працягласць эфектыўнай эксплуатацыі грамадскіх будынкаў да іх пастаноўкі на бягучы рамонт складае 5 гадоў, а да пастаноўкі на капітальны рамонт – 20 гадоў.
У сувязі з тым, што для капітальнага рамонту патрабуюцца значныя фінансавыя сродкі, у тым ліку на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі, у 2016 годзе было вырашана скарыстацца правам выканання прац па бягучым рамонце, калі гэтыя працы не ахопліваюць больш за 40 % дадзенага віду прац па будынку ў цэлым.

Так, у 2016 годзе па бягучым рамонце была здзейснена замена часткі аконных  блокаў, падаконнікаў і адліваў у навучальным корпусе па вул. К. Маркса, 31, працяг гэтай працы ў дадзеным навучальным корпусе плануецца і ў 2017 годзе ў перыяд 3–4 кварталаў.
Такім жа чынам па бягучым рамонце была здзейснена замена аконных запаўненняў  зенітных ліхтароў у паточных аўдыторыях навучальнага корпуса па вул. Курчатава, 5.
У сувязі з тым, што асноўныя цеплавыя страты ў будынках адбываюцца праз аконныя праёмы, выкананыя працы значна палепшылі тэмпературны рэжым у памяшканнях дадзеных навучальных карпусоў.    
На галоўны корпус БДУ ў 2015 годзе быў распрацаваны архітэктурны праект рэканструкцыі 2-й чаргі, на рэалізацыю якога  патрабавалася 19 000 000 руб., аднак праз адсутнасць фінансавання праект застаўся нерэалізаваным.

Уладзімір Рагавіцкі дэманструе новую плітку з керамаграніту

З гэтай прычыны ў 2017 годзе па рашэнні рэктара БДУ быў пачаты бягучы рамонт хола 1 паверха і туалетаў. Завяршэнне ўсіх прац, якія выконваюцца ААТ «Мінскрамбуд» і ТАА «Санвеста», у сувязі з правядзеннем прыёмнай кампаніі плануецца ў жніўні бя­гучага года.
Зараз афармляецца выбар праекці­роўшчыка для замены больш за 500 аконных блокаў, а таксама ўваходных груп з боку плошчы Незалежнасці і дваровага фасада, што значна скароціць цеплавыя страты, забяспечыць эканомію цеплавой энергіі, павысіць камфорт для абітурыентаў і прафесарска-выкладчыцкага персаналу.
Цяпер бягучы рамонт праводзіцца ў холе галоўнага корпуса. Каб не перашкаджаць навучальнаму працэсу, было вырашана ажыццяўляць будаўнічыя працы па захватках, падзяліўшы хол на часткі. Як пераконвае прарэктар, усё застанецца на сваіх месцах – гардэроб, буфет, вахта. Неўзабаве мы ўсе зможам ацаніць абноўленыя сцены (тынкоўка пад мармур), падлогу з керамаграніту і столь з абноўленай ляпнінай.

«Мы прытрымліваемся часавых рамак, – распавядае прарэктар. – Да пачатку пры­ёмнай кампаніі працы ў холе будуць за­вершаныя. А ўваход з плошчы Незалеж­насці будзем рабіць ужо пасля ўступных іспытаў у жніўні. Сам некалькі разоў на дзень наведваю аб’ект. Сачу за працоўным пра­цэсам, адпаведнасцю зададзеных матэрыялаў. Думаю, пасля рамонту тут усё прыкметна зменіцца».

Алёна ЛЯЎШЭНЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: