Сёння для развіцця міжнародных сувязяў, рэалізацыі сумесных праектаў БДУ мае ўсе неабходныя магчымасці. Разам з тым не так проста ўявіць, як прадстаўнікі беларускай зямлі выязджалі ў іншыя дзяржавы, вучыліся ў замежных універсітэтах 500 і больш гадоў назад! Сімвалам навуковага супрацоўніцтва, прыкладам у развіцці “інавацый” у далёкім Сярэднявеччы з’яўляецца наш Францыск Скарына. У 1517 годзе ў горадзе Прага ён пераклаў і выдаў са сваімі каментарамі першыя беларускія кнігі. Гэта быў сапраўдны прарыў у гісторыі ўсіх усходнеславянскіх народаў.
У рамках міжнароднага праекта 5 чэрвеня 2017 г. прадстаўнікі факультэта міжнародных адносін і юрыдычнага факультэта, упраўлення міжнародных сувязяў БДУ сумесна з калегамі з іншых ВНУ краіны падчас наведвання Прагі ўсклалі да помніка доктару Ф. Скарыну букет беларускіх валошак.
Веліч нашага выбітнага першадрукара, навукоўца, гуманіста з кожным годам не толькі не гасне, а ўзмацняецца ў вачах яго нашчадкаў.
З падзякай нашаму вялікаму земляку!
Яраслаў РАМАНОЎСКІ