Каратэ як баявое мастацтва ў сваім выхаваўчым аспекце скіравана найперш на асабістаснае развіццё навучэнцаў і дасягненне імі персанальнага поспеху. Імаверна, гэта грае адну з першых роляў, калі студэнты робяць свій выбар на карысць заняткаў каратэ. Аднак часта аказваецца так, што не толькі прыватную рэалізацыю, але і самую шчырую кампанію і самых надзейных сяброў студэнты знаходзяць менавіта ў дадзё. А самым дарагім настаўнікам, да якога захочацца вярнуцца праз гады і падзяліцца сваімі поспехамі ды няўдачамі, можа стаць не выкладчык навуковай дысцыпліны, а трэнер. Разумеючы гэта, студэнты шчыра і часам нават самазабыўна працуюць над тым, каб годна прадстаўляць родны універсітэт на спаборніцтвах любога маштабу.
19-21 мая на базе Легкаатлетычнага манежа Беларускага дзяржаўнага універсітэта фізічнай культуры адбылося правядзенне 19-га чэмпіянату Рэспубліканскай студэнцкай універсіяды па каратэ. Спартсмены нашай ВНУ ў сукупнасці заваявалі 2 золата ў раздзеле “Каманднае ката” і 8 узнагарод рознай ступені ў індывідуальных раздзелах: 1 залаты, 3 срэбныя і 4 бронзавыя медалі. У агульнакамандным заліку Беларускі дзяржаўны універсітэт здабыў бронзу. Дадзены матэрыял уяўляе сабою рэпартаж з другога дня спаборніцтваў.
Расклад другога спаборніцкі дня Рэспубліканскай Універсіяды складаўся з выступленняў спартсменаў ува ўсіх катэгорыях раздзелу “Індывідуальнае кумітэ. Жанчыны” і катэгорыях “- 84 кг” і “+ 84 кг” раздзелу “Індывідуальнае кумітэ. Мужчыны”. Змаганні ў жаночым раздзеле сталі для БДУ рэзультатыўнымі: у 4 з 5 катэгорый дзяўчаты ўзялі медалі. Найбольшую колькасць балаў і залаты медаль у скарбонку БДУ прынесла прадстаўніца клуба “Алімп”, студэнтка 2 курса эканамічнага факультэта МАЛАШАНКАВА Таццяна, якая стала чэмпіёнкай у вагавай катэгорыі “-55 кг”.
– Таццяна, Вы перамаглі ў катэгорыі “-55 кг”. Дзяўчаты, якія выступаюць у ёй, падаюцца такімі лёгкімі, нібы нават бязважкімі. І пры гэтым жорсткасць паядынкаў відавочная. Скажыце, што Вы думаеце на гэты конт? І ці падабаецца Вам каратэ наогул?
– Мне вельмі падабаецца мой спорт. Сапраўды, баі ў катэгорыі “-55 кг” істотна адрозніваюцца ад, дапусцім, баёў у катэгорыі “+68 кг”. Мы дужа хуткія, у нас вельмі хуткасныя ўдары. За кошт гэтага ствараецца ў тым ліку і відовішчнасць. У пэўным сэнсе выступаць у нашай вагавай катэгорыі нават складаней, чым у абсалютнай.
– А Вы выступалі калі-небудзь у абсалютцы?
– Так. Пачынаючы за 12-гадовага ўзросту я, напэўна, гады са тры ўвесь час выступала ў ёй, таму што дзяўчат было мала. Я сама вельмі маленькая, і заўжды выходзіла заўжды з суперніцамі, якія на дзве галавы вышэйшыя за мяне.
– З якога ўзросту Вы займаецеся каратэ?
– З 6 гадоў – і бесперапынна.
– Які ў Вас зараз пояс?
– Чорны пояс 1 дан па каратэ сётакан.
– Калі не сакрэт, каму здавалі экзамен?
– Калініну Пятру Міхайлавічу.
– Ці ўсё ў Вас сёння атрымалася з таго, што ад Вас чакаў трэнер?
– Насамрэч атрымалася і тое, што хацела я сама. Мой трэнер жадаў, каб я працавала нагамі. І ў першым паядынку я зарабіла тэхнікай ног 6 балаў: два ўдары былі адзначаныя ацэнкай “Іпон” (3 ачкі). У фінале таксама зарабіла бал ударам нагою. Але сваім выступленнем у фінале я крыху незадаволена: трошкі замарудзілася, засталася на месцы – і акурат у гэты час прапусціла атаку.
– Як ацэньваеце сённяшніх суперніц?
– Суперніцы мне заўжды трапляліся канкурэнтаздольныя, заўжды прымушалі біцца. З дзяўчынай, з якой сёння выступала ў фінале, я змагалася таксама і ў мінулым годзе. Тады я выйграла 5:0, сёння – 5:1. Трошкі недапрацавала, так сказаць. Але золата ў мяне два гады запар.
– Якія планы на бліжэйшую будучыню?
– Наколькі ведаю, размова ідзе пра Партугалію. У мінулым годзе ездзілі ў Харватыю, зараз вось ёсць такая магчымасць.
– Як будзеце рыхтавацца?
– Трэніравацца, трэніравацца і яшчэ раз трэніравацца.
У катэгорыі “-61 кг” другое месца заняла студэнтка НАВІЧЭНКА Яўгенія. Выхаванка клуба “Фудасін”, студэнтка 4 курса біялагічнага факультэта КУРЫЛІНА Елізавета заваявала 3 месца ў катэгорыі “-68 кг” і выканала нарматыў кандыдата ў майстры спорта.
– Елізавета, Вы бронзавая прызёрка Універсіяды. Што адчуваеце зараз?
– Адчуваю, што хачу займацца далей. Спаборніцтвы моцна ўзнялі баявы дух.
– Як Вам сённяшнія суперніцы?
– Моцныя. Гэта першыя спаборніцтвы такога высокага ўзроўню, у якіх я ўдзельнічала. На іх прыехалі спартсмены з усёй рэспублікі, з самых розных універсітэтаў. Змагацца было нялёгка.
– А рыхтавацца? Падрыхтоўка была планамернай, ці патрэба ўдзельнічаць стала нечаканай навіной?
– Гэта было нечакана. Аб тым, што я буду выступаць, мне паведамілі літаральна за тыдзень-паўтара. У гэты час я разбіралася з запазычанасцямі па вучобе, таму цалкам планамерных заняткаў не атрымалася. Але ў цэлым падрыхтавацца здолела.
– Адзін паядынак Вы выйгралі датэрмінова. У гэтым Вам добра дапамагла тэхніка ўдараў задняй рукой — гяку цукі. Гэта Вашая самая моцная тэхніка, ці яна была прыменена проста па сітуацыі?
– Хутчэй па сітуацыі. Сталася так, што праціўніцу можна было “выдзернуць” менавіта на гэтай тэхніцы, яна аказалася да яе падатлівай. Наогул, прыём гяку цукі не вельмі складаны для выканання. Але прымяняць яго патрэбна ў належны момант. З першай суперніцай гэта было якраз тое, што трэба.
– І Вы, па сутнасці, “адпрацавалі” на ёй гэты ўдар, каб прымяніць яго надалей?
– Так.
– А што наконт апаненткі, якая нанесла Вам паразу перад паядынкам за бронзу? Ці хацелася б Вам пераняць нешта з яе арсеналу?
– Мне вельмі хацелася б пераняць у яе прыёмы удараў нагамі. Я ведаю, што маю здольнасці і належную расцяжку для таго, каб біць нагамі на ўзровень галавы. Але для прымянення ў баі я такія ўдары яшчэ не адпрацавала, таму сёння іх не выкарыстоўвала. Засяродзілася на тэхніках, якія я ведаю і ў якіх упэўнена.
– Ці паспрыялі твайму поспеху парады трэнера – Снегірова Сяргея Мікалаевіча?
– Так, на шчасце, мне ўдавалася яго чуць. Наогул у працэсе боя існуе такая раз’юшанасць, што можна забыцца на неабходнасць слухаць трэнера. Але калі я ўсё ж такі гэта рабіла, мне гэта вельмі дапамагала.
Яшчэ адна выхаванка клуба “Фудасін”, студэнтка 2 курса Інстытута журналістыкі ІВАШКА Ірына, таксама ўдзельнічала ў спаборніцтвах Універсіяды ўпершыню. Свае заняткі Ірына пачала ў мінулым годзе – і, маючы на момант спаборніцтваў жоўты пояс, здолела дайсці да паядынку за бронзу.
– Ірына, у Вас сёння дэбют на вялікіх спаборніцтвах – і такі яскравы! Што Вы адчуваеце зараз?
– Самае першае, што адчуваю – гэта адказнасць. Тое, што давялося біцца за бронзу – гэта для мяне вялікае дасягненне. Тым болей што ў апошні тыдзень я рыхтавалася ў паскораным тэмпе.
– Як ацэньваеце якасць падрыхтоўкі да спаборніцтваў?
– Падрыхтоўка, безумоўна, была высакакласная. І галоўны трэнер Снегіроў Сяргей Мікалаевіч, і малодшыя трэнеры выкладаліся на поўную моц, гэта было зразумела ўсім. Паколькі непасрэдна пра ўдзел мы даведаліся літаральна за тыдзень, нам заставалася толькі трымаць сябе ў спартыўнай форме. Мяркую, што да наступных спаборніцтваў падрыхтоўка будзе больш значнай, будзе зроблены большы ўпор на паасобныя элементы.
– Асноватворны прынцып каратэ сётакан называецца “ікэн-хісацу”, што па-беларуску гучыць як “адным ударам – напавал”. Сёння Вы ўмоўна рэалізавалі гэта ў пачатковым паядынку, першай зарабіўшы ацэнку Юка і атрымаўшы перавагу сэншу. Скажыце, наколькі азначаны прынцып адпавядае Вашаму ўспрыняццю каратэ?
– Што тычыцца атрымання сэншу: вочы баяцца – рукі робяць. Але я не магу сказаць, што прынцып “адзін удар – адна смерць” правільны для мяне. Таму што сама філасофія каратэ бачыцца мне куды болей гуманнай. Найперш яна вучыць цябе дысцыпліне. А кожны трапны ўдар – гэта майстэрства і ўдалы выпадак.
– Калі ласка, апішыце здабыццё першага балу падрабязней. Суддзі адразу ацанілі Ваш удар. Суперніца “адкрылася” і дала нагоду біць, Вы самі стварылі выйгрышную сітуацыю або гэта стрэліў той самы “выпадак”?
– Не, гэта не было выпадкова. Я была гатовая правесці атаку. У пэўны момант я ўбачыла ў суперніцы, не ведаю, нейкую слабіну – і тады ўсё адбылося. Але потым яна хутка сабралася.
– Як і Вашая калега, вы вельмі добра рэалізоўвалі тэхніку гяку цукі. А ці была думка часцей праводзіць удары пярэдняй рукой – скажам, насустрач апанентцы?
– Калі б такая думка была, я б спрацавала так. Для ўдараў бліжняй рукой патрэбна хуткасць – а яе ў мяне зараз, на жаль, няма. У кожным выпадку патрэбна выкарыстоўваць свае мацнейшыя бакі.
– Шчыра жадаю, каб мацнейшых бакоў у Вас станавілася як найболей і каб ніводная суперніца не адшукала слабых.
– Вашыя словы ды Богу ў вушы. Дзякуй.
– Раскажыце пра заключны паядынак. Апроч тэхнікі рук, Вы вырашылі таксама прымяніць у ім удары нагамі. На жаль, дзеянні былі ацэненыя як парушэнне. Як лічыце, у Вас сапраўды быў шанец спрацаваць нагой у заліковую зону? Суперніца досыць умела трымала абарону.
– Чаму б і не. Бывае так, што і ў апошнюю секунду нага “прылятае”. Шанец ёсць заўсёды.
– Тая акалічнасць, што перад паядынкам за бронзу ўдалося адпачыць не столькі, колькі паміж пачатковымі баямі – калі выступае багата людзей, – а толькі дзве адведзеныя рэгламентам хвіліны, неяк паўплывала на канчатковы вынік?
– Лічу, што не. У мяне вельмі добрая група падтрымкі, яны аператыўна мяне размялі. І гэта быў вялікі плюс. Мне здаецца, падтрымка ўвогуле шмат значыць для любога спартсмена – як у каратэ, так і ў любым іншым відзе спорта.
– Спаборніцтвы натхнілі Вас на што-небудзь? Ці з’яўляюцца яны для Вас пэўным стартам?
– Не магу сказаць, што гэта проста “старт”. Бо хачу сказаць, што гэта батут! Велізарны штуршок наперад. Цяпер я дакладна ведаю, што не збіраюся спыняцца на дасягнутым.
Мужчынскае кумітэ ў катэгорыі “-84 кг”, на жаль, не прынесла БДУ прызавых месцаў. Зусім інакш сталася ў катэгорыі “+84” кг: сярод 17 выступоўцаў срэбра заваяваў студэнт 3 курса факультэта міжнародных адносінаў САБАЛЕЎСКІ Дзмітрый.
– Дзмітрый, Вы правялі сёння даволі багата паядынкаў. Скажыце, як гэта – дайсці да фіналу? Якія ўражанні ад спаборніцтваў наогул?
– Усе спартсмены ў маёй вагавай катэгорыі былі вельмі добра падрыхтаваныя. Для мяне кепска тое, што побач з імі я падаюся маленькім: яны ўсе вышэйшыя за мяне на галаву, і толькі ў плячах я іх даганяю па габарытах. З вялікімі цяжка працаваць: у іх вялікія рычагі. Даводзіцца рызыкаваць, каб дастаць да заліковых зон, збліжацца – і толькі тады атакаваць.
– Што тычыцца памяшкання, у якім мы спаборнічаем. Маю выказаць радасць, што турнір праводзіцца ў такой вялікай зале. Раней Універсіяду праводзілі ў звычайных спартыўных залах, і пры такіх умовах нельга было нармальна дыхаць, вельмі душна было. А тут, у легкаатлетычным манежы выдатна выступаецца і вольна дыхаецца.
– Вы сказалі, што сёння вам пастаянна даводзілася рызыкаваць. Але ж кумітэ – гэта наогул рызыка.
– Канешне.
– Як гэта – кожны раз нанава выходзіць і разумець, што па той бок таксама стаіць “зацікаўлены” чалавек?
– Скажу шчыра. Калі я выходжу на татамі, то цалкам “адключаюся”. Я не чую нікога і нічога, апроч трэнера і яго падказак. Аб тым, што можна зламаць нос ці палец – аб гэтым не думаю ніколі.
– Сёння ўдалося пачуць трэнера ?
– Так. Адзінае, чаго мне бракавала – падрыхтоўкі ў плане цягавітасці. Калі б не выдыхся у фінальным баі, мяркую, мог бы перамагчы.
– Раскажыце пра фінальны бой падрабязней. Якія якасці Вам удалося рэалізаваць найлепшым чынам?
– Што я сёння дакладна здолеў – гэта правільна перамяшчацца і прымусіць суперніка хвалявацца. Яго атакі не даходзілі да мяне, іх увесь час не залічвалі. У канцы ён ужо сам разгубіўся і не ведаў, што са мною рабіць. Але апошнія 30 секунд сталі вырашаючымі. Маё асабістае меркаванне: калі б хапіла “дыхалкі”, я змог бы працаваць далей і, хутчэй за ўсё, выйграў бы.
– Падзяліцеся сваімі планамі на будучыню.
– Зусім нядаўна каратэ стала алімпійскім відам спорта. І адразу стала бачна ўзровень. Усё стала адбывацца больш цывілізавана. Напрыклад, на Чэмпіянаце рэспублікі падчас змаганняў спартсменаў за 1 і 3 месцы быў створаны адпаведны антураж, трэнеры выходзілі ў касцюмах. Усё гэта дадавала турніру прыгажосці і драматычнасці. Таму я жадаю развівацца ў каратэ далей, трэніраваць будучых спартсменаў, алімпійцаў. Спадзяюся, што ў мяне ўсё будзе добра.
– Жадаю Вам поспехаў у змаганні за прыгажосць!
Трэцяе месца ў катэгорыі “+84 кг” заняў выхаванец клуба “Сэнкё”, магістрант Інстытута бізнэса і менеджмента тэхналогій БДУ ТРАФІМОВІЧ Аляксандр.
– Аляксандр, наколькі мне вядома, у часы студэнцтва Вы прадстаўлялі на спаборніцтвах Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт. Зараз, стаўшы магістрантам БДУ, ці пачуваеце Вы сябе на сваім месцы, ці ўсё Вам падабаецца?
– Так, мне ўсё падабаецца. Я рабіў свядомы выбар на карысць БДУ. Вучуся я ў магістратуры ІБМТ па спецыяльнасці “Фінансавы менеджмент” на вочнай вячэрняй форме. Тэрмін навучання – паўтары гады, таму і ў наступным годзе я магу выступаць на Універсіядзе за БДУ.
– І Вы скарыстаецеся гэтым шанцам?
– Безумоўна. Па-першае, гэта магчымасць выступіць на спаборніцтвах, дзе даволі багата ўдзельнікаў. У нашай рэспубліцы такое бывае рэдка. Па-другое, гэта мажлівасць паехаць на міжнародную Універсіяду. Калі, дай бог, мой шанец спраўдзіцца, у гэтым годзе можна патрапіць у Партугалію, у наступным, імаверна, яшчэ кудысьці.
– Раскажыце пра Вашых супернікаў. Я бачыў, што яны былі разнастайныя і па камплекцыі, і па манеры весці паядынак.
– Гэта сапраўды так. Трэба адзначыць, што на Універсіядзе наогул выступаюць вельмі розныя спартсмены. Трапляюцца не толькі каратысты, але і таэквандысты, барацьбіты, рукапашнікі, прадстаўнікі змяшаных адзінаборстваў – усе, каго збіраюць навучальныя ўстановы. Таму што барацьба ідзе і ў агульнакамандным заліку, балы вельмі патрэбныя, а ўлічваецца кожнае выступленне. Тым больш зараз каратэ стала алімпійскім відам спорта, яго прэстыж узняўся яшчэ вышэй. Усе хочуць заўжды быць на п’едэстале, мець высокі рэйтынг сваёй ВНУ.
– Ці ўдалося Вам рэалізаваць устаноўкі трэнера?
– Мяркую, так. Прынамсі, устаноўкі трэнера БДУ Леаніда Мікалаевіча ЛУШЧЫКА я рэалізаваў дакладна. Па самаадчуванні скажу, што хацелася б выступіць лепей. Таму што мог бы, можна было перамагаць. Але задачу-мінімум я выканаў: правёў 4 паядынкі, узяў бронзавы медаль. Трошкі ў канцы не “даціснуў” – сам вінаваты, што ж паробіш. Буду працаваць над сабой далей.
– Сёння Вы вельмі шмат балаў зарабілі дзякуючы тэхнікам работы ног – хаця і рукамі да апанентаў Вы “даставалі”. Пытанне чыста ад асабістага ўражання: скажыце, адваротны ўдар у верхні ўзровень ушыра мавашы геры – гэта Ваш каронны прыём?
– Як Вам сказаць. Ушыра мавашы геры – такі ж прыём, як і іншыя, і часам я раблю і яго таксама. Калі ўзяць прамежак, складзены з мноства спаборніцтваў, то будзе бачна, што рукамі я зарабляю болей балаў. Але, як Вы заўважылі,сёння былі розныя супернікі. Таму я вырашыў паспрабаваць розныя тэхнікі, паглядзець, што атрымаецца і што будзем зыходзячы з гэтага рабіць далей. Наогул, трэба заўжды атакаваць разнастайна. Удары нагамі прыносяць 2 або 3 балы, удары рукамі – 1. Калі цябе чакае мноства паядынкаў, пажадана па магчымасці эканоміць сілы. Калі выдаецца такая мажлівасць, трэба заканчваць паядынкі датэрмінова. Тэхніка ўдараў нагамі для гэтага прыдатна найлепшым чынам: атрымаў адзнаку “іпон” першы раз, другі, трэці – і ўсё, канец бою.
– Чаго пажадаеце самі сабе на бліжэйшую будучыню?
– Усё проста. Трэніруемся, працуем, зарабляем балы – перамагаем. Асобна трэба папрацаваць над абаронай, і папрацаваць шмат. Гэта мой праблемны момант: атакі йдуць добра, а абароны не хапае. Важна трымаць рукі напагатове, умець ставіць блокі. Улетку трэба закладаць базу на наступны сезон. Бо гэта міжсезонне – час, калі спаборніцтваў няма і ўсе ўзмоцнена трэніруюцца. Таму будзем рыхтавацца. Патрэбна заўжды ісці наперад, не спыняцца, не стаяць на месцы. Толькі наперад.
Другі спаборніцкі дзень завяршыўся ўзнагароджаннем пераможцаў у асобных раздзелах і агульнакамандным першынстве.
Апроч радасці за нашых спартсменаў і поспех універсітэта, спаборніцтвы падаравалі яшчэ і надзвычай каштоўную мажлівасць. А менавіта – размову з чалавекам, які з’яўляецца адным са стваральнікаў беларускай школы каратэ – Старшынёй Беларускай федэрацыі сётакан каратэ-до, заслужаным трэнерам Рэспублікі Беларусь, майстрам спорту і ўладальнікам VII дану каратэ сётакан ВІЛЬКІНЫМ Андрэем Якаўлевічам.
– Андрэй Якаўлевіч, калі ласка, распавядзіце нашым чытачам пра гісторыю і сучаснасць беларускага студэнцкага каратэ наогул і Універсіяды ў прыватнасці.
Студэнцкае каратэ ў нашай краіне прайшло вельмі вялікі шлях. Пачынаецца ён з 1999 года, калі ўпершыню была праведзена рэспубліканская Універсіяда. Праводзілася яна па ініцыятыве Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, дзе я працаваў 22 гады. Такім чынам, ужо напрацягу больш чым 2 дзесяцігоддзяў я вельмі цесна звязаны са спартыўным жыццём нашых ВНУ. Дарэчы, каратэ як асобная спецыялізація ўпершыню у Савецкім Саюзе з’явілася менавіта ў БНТУ – значна раней, чым у БДУФК.
Для таго каб нам далі мажлівасць правесці Універсіяду па каратэ, мы двойчы без аніякага фінансавання праводзілі Чэмпіянаты рэспублікі сярод студэнтаў. Зразумела, што каратэ не было тады алімпійскім відам спорта, таму вельмі цяжка было захаваць яго надалей у праграме Універсіяд. Сітуацыі, калі не было фінансавання, здараліся не аднойчы. Мы набывалі за свае сродкі медалі, спаборніцтвы правозділіся без прызоў, суддзі прыязджалі да нас за свой кошт. У мінулым годзе было выдадзена ўказанне праводзіць універсіяду толькі па алімпійскіх відах спорта. Тады было вынайдзена рашэнне правесці рэспубліканскі фестываль неалімпійскіх відаў спорту, але за кошт Універсіяды.
Увогуле за ўвесь час існавання спаборніцтваў Універсіяды па каратэ чэмпіёнамі на іх сталі больш за 150 чалавек. За рэдкім выключэннем, гэта практычна ўся гісторыя беларускага каратэ: усе знакавыя фігуры, што ўзніклі за гэтыя амаль што 20 гадоў, адзначыліся ў нас сваімі прыгожымі і яркімі перамогамі.
У гэтым годзе Універсіяда па каратэ ўпершыню праводзілася ў статусе спаборніцтваў па алімпійскім відзе спорта. Адпаведна, патрабаванні да нас значна павысіліся. Магу з упэўненасцю сказаць, што сёлетні турнір – гэта яшчэ адзін крок наперад у развіцці беларускага студэнцкага каратэ. У наступным годзе нас чакае 20-гадовы юбілей. У сувязі з гэтым я звярнуўся да ўсіх зацікаўленных людзей з тым, каб правесці мерапрыемства на добрым узроўні, не “замыліць” яго, а наадварот, выкарыстаць як мажлівасць для нашага далейшага прагрэсу.
– Ці стала сёлятняе мерапрыемства прарыўным у параўнанні са сваімі папярэднімі этапамі, або ўзыходжанне да сённяшняга ўзроўня было паслядоўным?
– Казаць, што раней усё было дрэнна, а зараз усё стала добра, нельга. Каратэ, і ў тым ліку яго студэнцкая частка, развіваецца дынамічна. Зараз усе спаборніцтвы праходзяць на больш высокім узроўні, у іх ліку і нашыя. Казаць, што былі здейснены нейкія рэвалюцыйныя прарывы ў параўнанні з папярэднімі гадамі, нельга, але ўзровень сапраўды вырас.
– Ці задаволеныя Вы працай судзейскіх брыгад?
– Мяркую, што суддзі справіліся са сваёй работай і ўзровень спартсменаў быў ацэнены аб’ектыўна. У гэтым годзе да суддзяў былі больш строгія патрабаванні, чым звычайна. Гэта таксама тлумачыцца тым, што наш від спорта стаў алімпійскім. Аматарскі ўзровень мусіць застацца ў мінулым.
– І апошняе пытанне. Партугалія – гэта прынцыпова новая мажлівасць для студэнтаў?
– Не, гэта не першая падобная паездка. Был і раней – у Польшчу, напрыклад. Што тычыцца паездак у Партугалію, аб якіх ідзе размова, то яны залежаць ад добрай волі кіраўнікоў ВНУ. Калі рэкраты выдзеляць сродкі, то спартсмены паедуць. І калі яны паедуць, у іх ёсць добрыя шанцы заняць высокія месцы. Таму што нават па еўрапейскіх мерках узровень беларускага каратэ сапраўды дастаткова высокі.
Спаборніцтвы Рэспубліканскай Універсіяды апынуліся цудоўнай мажлівасцю для кожнага спартсмена Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Камусьці пашанцавала праявіць свае таленты ўва ўсёй паўнаце, камусьці ўдалося паспрабаваць сілы з больш моцнымі і спрытнымі супернікамі. Дзякуючы атлетызму, мужнасці і самааддачы спартсменаў скарбонка БДУ ўзбагаціася новымі ўзнагародамі. Пажадаем нашым байцам плёну ў трэніроўках і новых яскравых перамог!
Сяргей МАЕЎСКІ
Яшчэ фота:
Склад каманды БДУ на Рэспубліканскай Універсіядзе 2017 па каратэ
1. Індывідуальнае ката. Жанчыны
Герасімава Аляксандра
Сцяпнова Крысціна
2. Індывідуальнае ката. Мужчыны
Архіпенка Дзмітрый
Архіпенка Рэнат
3. Каманднае ката. Жанчыны
Герасімава Аляксандра
Тымановіч Дамініка
Сцяпнова Крысціна
Навічэнка Яўгенія
Сянько Марыя
Гушчанкова Аляксандра
4. Каманднае ката. Мужчыны
Архіпенка Рэнат
Архіпенка Дзмітрый
Алексін Глеб
Лаппо Васілій
Ламака Аляксей
Сабалеўскі Дзмітрый
5. Індывідуальнае кумітэ. Жанчыны, -50 кг
Сцяпнова Крысціна
Сянько Марыя
6. Індывідуальнае кумітэ. Жанчыны, -55 кг
Малашанкава Таццяна
7.Індывідуальнае кумітэ. Жанчыны, -61 кг
Навічэнка Яўгенія
8. Індывідуальнае кумітэ. Жанчыны, -68 кг
Курыліна Елізавета
9. Індывідуальнае кумітэ. Жанчыны, +68 кг
Івашка Ірына
10. Індывідуальнае кумітэ. Мужчыны, -60 кг
Лаппо Васілій
11. Індывідуальнае кумітэ. Мужчыны, -67 кг
Утлік Павел
12. Індывідуальнае кумітэ. Мужчыны, -75 кг
Архіпенка Рэнат
Шамякоў Сяргей
13. Індывідуальнае кумітэ. Мужчыны, -84 кг
Ламака Аляксей
Архіпенка Дзмітрый
14. Індывідуальнае кумітэ. Мужчыны, +84 кг
Сабалеўскі Дзмітрый
Трафімовіч Аляксандр