Супольнае дасягненне: каманда БДУ ўзяла бронзу на Рэспубліканскай Універсіядзе па каратэ (частка першая)

26 Jun, 2017.

Беларускі дзяржаўны універсітэт – гэта вялікая сям’я, кожны член якой можа знайсці ў ёй сваё месца адпаведна здольнасцям, мэтам і інтарэсам. Перамогі і дасягненні БДУ з’яўляюцца нашым агульным гонарам. З персанальнага поспеху, з плёну працы кожнага студэнта і супрацоўніка складаецца агульны прэстыж універсітэта на рэспубліканскай і сусветнай арэне. Гэтае сцверджанне тычыцца ўсіх аспектаў акадэмічнага жыцця – адукацыйнага, навуковага, а таксама спартыўнага. Сваім плённым развіццём студэнцкі спорт забяспечвае прапаганду здаровага ладу жыцця і спрыяе выхаванню важных асобасных якасцяў нашых навучэнцаў. Але апроч таго, ён з’яўляецца выдатнай кузняй спартсменаў, здольных прадстаўляць краіну на любых турнірах. Яскрава і пераканаўча гэта пацвярджаюць дасягненні студэнтаў на спаборніцтвах міжуніверсітэцкага ўзроўню.

“Залатая” каманда катыстаў з трэнерамі. Злева направа (студэнты): Архіпенка Дмітрый (ЭФ, 2 курс), Герасімава Аляксандра (ЭФ, 1 курс), Тымановіч Дамініка (Мехмат, 4 курс), Алексін Глеб (ФФСН, 2 курс), Сцяпнова Крысціна (ФМА, 1 курс), Архіпенка Рэнат (ЭФ, 2 курс). У цэнтры – трэнер зборнай БДУ па ката Лысенка Кацярына Мікалаеўна. На пярэднім плане – трэнер зборнай БДУ па кумітэ і адзін з асноватворцаў беларускага каратэ Лушчык Леанід Мікалаевіч

“Залатая” каманда катыстаў з трэнерамі. Злева направа (студэнты): Архіпенка Дмітрый (ЭФ, 2 курс), Герасімава Аляксандра (ЭФ, 1 курс), Тымановіч Дамініка (Мехмат, 4 курс), Алексін Глеб (ФФСН, 2 курс), Сцяпнова Крысціна (ФМА, 1 курс), Архіпенка Рэнат (ЭФ, 2 курс). У цэнтры – трэнер зборнай БДУ па ката Лысенка Кацярына Мікалаеўна. На пярэднім плане – трэнер зборнай БДУ па кумітэ і адзін з асноватворцаў беларускага каратэ Лушчык Леанід Мікалаевіч

19-21 мая 2017 года на базе Легкаатлетычнага манежа Беларускага дзяржаўнага універсітэта фізічнай культуры адбылося правядзенне 19-га чэмпіянату Рэспубліканскай студэнцкай універсіяды па каратэ. У гэтым годзе ўдзел у спаборніцтвах прынялі больш за 20 каманд рэспубліканскіх ВНУ. За права называцца лепшымі сярод лепшых змагаліся 173 спартсмены, 18 з якіх прадстаўлялі наш універсітэт ва ўсіх індывідуальных і камандных раздзелах.

Члены зборнай БДУ з’яўляюцца выхаванцамі самых розных мінскіх клубаў, сярод якіх – “Фудасін”, “Сэнкё”, “Адамант”, “Алімп”. Дзякуючы супольным намаганням і максімальнай саммааддачы кожнага студэнта каманда БДУ здолела здабыць 174 балы і заняць трэцяе месца ў абсалютным камандным заліку, прапусціўшы наперад толькі Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (175 балаў) і гаспадара пляцоўкі – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры (244 балы). Скарбонка БДУ папоўнілася на 2 золата за раздзел “Каманднае ката”, 1 срэбра і 1 бронзу за раздзел “Індывідуальнае ката” і 1 золата, 2 срэбры і 3 бронзы за раздзел “Кумітэ”. Дадзены матэрыял прадстаўляе сабой першую частку рэпартажу з месца падзей.

Першы склад мужчынскай каманды БДУ ў раздзеле "Каманднае ката": Архіпенка Рэнат (ЭФ, 2 курс), Архіпенка Дзмітрый (ЭФ, 2 курс), Алексін Глеб

Першы склад мужчынскай каманды БДУ ў раздзеле “Каманднае ката”: Архіпенка Рэнат (ЭФ, 2 курс), Архіпенка Дзмітрый (ЭФ, 2 курс), Алексін Глеб

Першы дзень спаборніцтваў уключаў у сябе змаганні ў раздзелах “Індывідуальнае ката” і “Каманднае ката”, а таксама мужчынскае кумітэ ў вагавых катэгорыях “-60 кг”, “-67 кг” і “-75 кг”. Надзвычай удала нашыя спартсмены выступілі ў раздзеле “Каманднае ката”: і мужчынскі, і жаночы склад здолеў узяць золата, не саступіўшы супернікам у ніводнай сустрэчы. Мужчынсую каманду пераможцаў склалі два студэнты 2 курса эканамічнага факультэта – майстар спорта АРХІПЕНКА Рэнат і кандыдат у майстры спорта АРХІПЕНКА Дзмітрый, –  і студэнт 2 курса Факультэта філасофіі і сацыяльных навук, кандыдат у майстры спорта АЛЕКСІН Глеб.

Глеб, скажыце, якія комплексы сёння выконвала ваша каманда?

Мы выконвалі ката вышэйшага ўзроўню – Пайку, Хэйку, Анан, – а таксама ката Пінан Годан. Дадзеныя комплексы належаць да стылю Сіта-Ру.

Алексін Глеб

Алексін Глеб

Як Вы мяркуеце, ці ўдала сёння выступіла зборная БДУ наогул?

– Мяркую, што зборная выступіла даволі паспяхова. Канешне, хацелася б дасягнуць большага, не ўсё атрымалася так, як было запланавана. Але тым не менш хлопцы і дзяўчаты пастараліся, выйшлі ў фіналы і ўзялі прызавыя месцы.

У красавіку вашая каманда ўдзельнічала таксама ў Чэмпіянаце Рэспублікі па каратэ WKF, дзе таксама заваявала золата. Што можаце сказаць аб Універсіядзе ў параўнанні з ЧР?

– На рэспубліканскіх спаборніцтвах выступала меней спартсменаў, чым на спаборніцтвах Універсіяды. Сённяшняе мерапрыемства больш маштабнае, прадстаўлены значна шырэйшы ахоп выступоўцаў, у іх розны ўзровень падрыхтоўкі. Але спартсмены, якія былі на Рэспубліцы, змагаюцца і тут.

Выкананне бункай (расшыфроўкі прыёмаў ката)

Выкананне бункай (расшыфроўкі прыёмаў ката)

– Як вы ацэньваеце сваё выступленне ў камандным і індывідуальным ката сёння? – пытаемся ў Дзмітрыя Архіпенка. – З чаго склаўся шлях да п’едэсталу?

– Выступаючы ў індывідуальным раздзеле, я рабіў ката самага рознага ўзроўню. Базавыя формы прадставіў у пачатковых сустрэчах – выканаў няблага, сваім выступленнем задаволены. Але асноўнае, безумоўна, вырашалася ў фінальным паядынку – спадзяюся, паказаў тое, што сапраўды магу. У камандным ката фінальны паядынак таксама аказаўся найбольш складаным.

Ці назіралі Вы за выступленнем другога мужчынскага складу БДУ ў раздзеле “Каманднае ката”? Як ацэньваеце яго працу?

– Безумоўна, я назіраў за калегамі. Працу іх ацэньваю добра, яны сапраўды малайцы. Не ўсе спартсмены сярод іх – катысты, ёсць адзін кумітыст, што пэўным чынам адбілася на зладжанасці выступлення. Але яны шмат працавалі і ў выніку зрабілі вельмі добрую каманду – нягледзячы на тое, што не займаюцца ката прафесійна. Выступілі годна.

Другі склад каманды БДУ ў раздзеле “Каманднае ката” (злева направа): Лаппо Васілій, Сабалеўскі Дзмітрый, Ламака Аляксей.

Браты Дзмітрый і Рэнат АРХІПЕНКА выступілі таксама ў раздзеле “Індывідуальнае ката”. Спартсмены занялі адпаведна 2 і 3 месца.

Выступленне ў раздзеле “Індывідуальнае ката”

Жаночую каманду, якая стала чэмпіёнам у раздзеле “Каманднае ката” прадставілі студэнтка 4 курса механіка-матэматычнага факультэта ТЫМАНОВІЧ Дамініка, студэнтка 1 курса факультэта міжнародных адносін СЦЯПНОВА Крысціна і студэнтка 1 курса эканамічнага факультэта ГЕРАСІМАМА Аляксандра.

1

Першы жаночы склад каманды БДУ ў раздзеле “Каманднае ката” (злева направа): Герасімава Аляксандра (ЭФ, 1 курс), Тымановіч Дамініка (Мехмат, 4 курс), Сцяпнова Крысціна (ФМА, 1 курс)

Калі ласка, падзяліцеся сваімі ўражаннямі ад спаборніцтваў. Ці ўсё вам удалося?

– Лічу, што атрымалася ўсё. Мы аказаліся на тым месцы, на якім павінны былі аказацца. І цалкам рэалізавалі ўстаноўкі нашага трэнера Кацярыны Мікалаеўны Лысенка. Правільна, дзяўчаты? – кажа Дамініка і сустракае адназначную падтрымку.

Па якім прынцыпе Вы падбіралі ката для выступленняў?

– Мы абіралі тыя ката, якія падыходзяць нам усім, таму што мы з розных стыляў – адказвае Крысціна. – Адна з нас займаецца каратэ Сіта-Ру, другая – каратэ Сётакан, трэцяя займалася і тым, і тым. Першыя тры ката, якія мы рабілі, з аднаго стылю, а фінальнае – з іншага.

Скажыце, выбар на карысць заняткаў каратэ – гэта было рашэнне, прынятае ў дарослым узросце, альбо Вы займаецеся з дзяцінства?

– Мяне адправілі займацца каратэ, калі мне было 5 гадоў, – кажа Дамініка. – Гэта было рашэнне маці.

– Мяне таксама адправілі – у 7 гадоў, – далучаецца Крысціна.

– Я займаюся з 6 год, – адказвае Аляксандра. – Гэта было маё асабістае жаданне.

Пэўна, у вас ужо ўва ўсіх чорныя паясы?

– Амаль. Толькі ў адной з нас карычневы – 1 кю.

Скажыце, што патрэбна рабіць, каб добра выступаць у фінале раздзела “Ката”?

– Патрэбна рабіць ката не горш, чым яно выконваецца на трэніроўцы. Сабрацца, выйсці – і годна паказаць сябе.

Выкананне бункай

Выкананне бункай

Другі склад жаночай зборнай БДУ (Навічэнка Яўгенія, Сянько Марыя, Гушчанкова Аляксандра) годна прадставілі ката вышэйшага ўзроўню ў паядынку за трэцяе месца, але суперніцы, на жаль, аказаліся мацнейшымі.

Другі жаночы склад зборнай БДУ ў раздзеле "Каманднае ката" (злева направа): Гушчанкова Аляксандра, Навічэнка Яўгенія, Сянько Марыя

Другі жаночы склад зборнай БДУ ў раздзеле “Каманднае ката” (злева направа): Гушчанкова Аляксандра, Навічэнка Яўгенія, Сянько Марыя

Васілій Лаппо выступае ў раздзеле "Кумітэ мужчыны -60 кг"

Васілій Лаппо выступае ў раздзеле “Кумітэ мужчыны -60 кг”

Апроч індывідуальнага і каманднага ката, мужчынскі склад зборнай БДУ выступіў у гэты дзень у раздзеле “Кумітэ”. Нягледзячы на тое, што заваяваць медалі не ўдалося, трое нашых спартсменаў здолелі дайсці да паядынкаў за бронзу – гэта ЛАППО Васілій (-60 кг), УТЛІК Павел (-67 кг) і АРХІПЕНКА Рэнат (-75 кг). Аб удзелу ў паядынках мы распыталі Рэната АРХІПЕНКА.

– У кумітэ я не выступаў даволі даўно, – распасядае спартсмен. – Калі выходзіў на першый паядынак, пачуваў сябе неяк заціснута, баяўся атакаваць. Але апошнія дзве схваткі, якія ў мяне былі з хлопцамі з нацыянальнай зборнай, удалося правесці вельмі добра. І нават неяк больш яны мне спадабаліся: з такімі супернікамі рэальна добра і прыемна працаваць. Хаця я і прайграў у паядынку за бронзу, сваім выступам я ў цэлым задаволены. Але ў некаторых момантах хацелася б дзейнічаць лепш. Мяркую, гэта атрымаецца, калі пэўны час павыступаць.

Архіпенка Рэнат

Архіпенка Рэнат

Паядынак за трэцяе месца Вы праводзілі з супернікам, які, будучы ў Вашай вагавай катэгорый, пры гэтым мае значную перавагу ў росце. Раскажыце, як гэта па адчуваннях.

– Не ведаю, неяк… незвычайна, ці што. Калі я працаваў у кумітэ раней, усе супернікі былі майго росту. А тут раптам двухметровы апанент. І пры гэтым такія рэчы вырабляе! Стаіць, здаецца, далёка, а тут раз – і побач з табой ужо яго рука. Незвычайна, цяжка, але гэта добры вопыт.

Ці ўдалося ў працэсе паядынка выпрацаваць нейкую тактыку?

– Наогул я думаў, што апанент будзе больш працаваць нагамі. Таму спачатку хацеў яго “выдзёргіваць” – правакаваць на ўдар нагой, каб паспрабаваць зрабіць падсечку. Яшчэ адзін раз удалося злавіць яго на контратацы і правесці ўдар рукой у спіну. Але, можа быць, я трошкі баяўся, таму ў некаторых момантах марудзіў. Або супернік проста быў шпарчэйшы за мяне.

Я бачу, Вашая каманда Вас дужа любіць.

– Так, у нас сапраўды вельмі дружны клуб. Усе добра ладзяць паміж сабой.

Удзячныя ім за падтрымку?

– Так, дзякуй ім усім.

А што наконт трэнера? Яго парады дапамаглі Вам сёння?

– Я стараўся максімальна яго слухаць і рабіць тое, што ён мне падказваў. Месцамі ў мяне не атрымоўвалася, але наогул дзякуй яму вялікі за дапамогу.

Якія планы на бліжэйшую будучыню?

– Бліжэйшым часам мы будзем рыхтавацца да выступу на сусветнай Універсіядзе ў раздзеле “Каманднае ката”, а таксама да індывідуальных выступленняў. Мажліва, у жніўні паедзем у Іран, але дакладна яшчэ невядома. Пакуль што гэта ўсё.

Браты Архіпенка –  вельмі дасведчаныя людзі ў галіне спартыўнага каратэ. На іх рахунку шматлікія перамогі на спаборніцтвах рэспубліканскага і сусветнага ўзроўню. Напачатку 2017 года спартсмены здалі экзамен на чорны пояс сэнсэю Рашыднія – галоўнаму трэнеру зборнай Макао (спецыяльнага адміністратыўнага раёна Кітая). Напярэдадні мерапрыемства мы падрабязна распыталі братоў пра іх жыццёвы шлях, успехі і няўдачы, погляды на розныя рэчы і мэты на перспектыву. Інтэрв’ю з імі, а таксама з трэнерам зборнай БДУ па ката Лысенка Кацярынай Мікалаеўнай, што падрыхтавала нашых чэмпіёнаў, выйдуць на сайце газеты асобнымі матэрыяламі.

Рэнат Архіпенка выступае ў раздзеле "Кумітэ мужчыны-75 кг"

Рэнат Архіпенка выступае ў раздзеле “Кумітэ мужчыны-75 кг”

Аб вопыце змагання мы распыталі таксама студэнта 3 курса Факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Сяргея ШАМЯКОВА. У спаборніцтвах Універсіяды Сяргей ўдзельнічаў у свой уласны дзень народзінаў.

Шамякоў Сяргей

Шамякоў Сяргей

Сяргей, як гэта для Вас – выступаць падчас персанальнага свята? Звычайна ў такі дзень людзі намагаюцца адпачыць, а Вы працуеце.

– Не ведаю, я не сказаў бы, што гэта праца. Я вельмі даўно не прымаў удзелу ў такіх буйных спаборніцтвах, у асноўным быў гарадскі ўзровень. Заўважна розніца ў колькасці ўдзельнікаў: у маёй катэгорыі іх сёння было 17. У такім маштабным змаганні я апошні раз спрабаваў сябе, пэўна, гадоў 7 таму. Па-першае, здорава ўспомніць гэты вопыт, па-другое, здорава было паглядзець на каратыстаў з усёй рэспублікі. Не думаю, што я ўпусціў нешта значнае ў свой дзень народзінаў, удзельнічаць ва Універсіядзе было вельмі цікава.

Раскажыце пра апанентаў, якія Вам дасталіся.

– Напэўна, гэта былі не зусім тыя супернікі, з якімі мне хацелася б папрацаваць. Мне яны здаліся не вельмі вопытнымі кумітыстамі. Першы супернік, напрыклад, быў відавочна заціснуты, баяўся бароцца. Таму праца з ім хутчэй запомнілася, так бы мовіць, тэхнічна: я “адчуў пляцоўку”, размяўся, адчуў сябе ў стойцы, паспрабаваў правесці некаторыя свае прыёмы. Але ў чым я застаўся супернікам задаволены, дык гэта тым, што ён ствараў мне непрыемнасці ў плане дыстанцыі, стараўся трымацца бліжэй да мяне і за кошт гэтага ў цэлым добра адпрацаваў. Другі мой супернік, як я даведаўся, спецыялізуецца ў таэквандо.  Паядынак добра адбіўся ў свядомасці. Я не памятаю, калі апошні раз прайграваў па заўвагах: дзве з іх атрымаў за выхад за пляцоўку, іншыя дзве – за выкананне ўдарнай тэхнікі з праносам. Раней суддзі не заўважалі такога ў мяне – пэўна, сёння працавалі людзі з іншым узроўнем дасведчанасці. Я адчуваў, што магу выйграць, таму што ў мяне атрымалася зарабіць балы, а ў суперніка – не. І я здолеў бы пратрымаць розніцу як мінімум у адзін бал да канца боя. Але выйшла інакш. У любым выпадку, вопыт атрыманы карысны.

Сяргей Шамякоў (чырвоны пояс) выступае ў катэгорыі "-75 кг" раздзела "Кумітэ"

Сяргей Шамякоў (чырвоны пояс) выступае ў катэгорыі “-75 кг” раздзела “Кумітэ”

– Кроў на каратэгі Ваша ці чужая?

– Мяркую, што мая: мне трапілі ў твар рукой з бліжняй дыстанцыі. Быў пэўны дыскамфорт, але зараз пачуваюся нармальна. Толькі нос крышку баліць.

Трэнер вельмі актыўна падтрымліваў Вас сёння. Ці сапраўды табе дапамагло гэта, ці ўдавалася наогул чуць нешта ў гарачцы бою?

– Безумоўна, я чуў трэнера. І гэта сапраўды давала плён. Тактычныя парады, якія мне даваліся, асабліва дарэчнымі аказаліся ў другім паядынку. Менавіта спосабам, які мне падказаў Сяргей Мікалаевіч, я і зарабіў бал: вычакаў пэўны час і ў патрэбны момант контратакаваў. Наогул, не толькі парады трэнера, але і маральная падтрымка вельмі важна. Ад свайго клуба я сёння выступаў толькі адзін. І вельмі прыемна, што столькі людзей прыехала падтрымаць мяне.

– Ці плануеце ўдзельнічаць ва Універсіядзе ў наступным годзе?

– Так, планую. Буду працягваць займацца, рыхтавацца па меры магчымасцяў. Я не ведаю дакладна, што менавіта будзе з маімі планамі ў цэлым, але калі нічога не зменіцца, то абавязкова буду хадзіць на заняткі да Сяргея Мікалаевіча і рыхтавацца да тых спаборніцтваў, якія толькі будуць – гарадскі этап, таксама, можа быць, паспрабую сябе на міжнародным узроўні. Калі возьмуць, прыму таксама ўдзел у Спартакіядзе БДУ.

Завяршыўся спаборніцкі дзень урачыстай цырымоніяй узнагароджання пераможцаў.

Пасля цырымоніі ўзнагароджання нам удалося ўзяць інтэрв’ю ў галоўнага суддзі спаборніцтваў КРАЕВІЧА Аляксандра Сяргеевіча.

Аляксандр Сяргеевіч, скажыце, як вы ацэньваеце правядзенне мерапрыемства з пункту гледжання адпаведнасці яго плану? Ці ўсё атрымалася па рэгламенце? Ці задаволены Вы арганізацыйнай працай?

Галоўны суддзя спаборніцтваў Краевіч Аляксандр Сяргеевіч

Галоўны суддзя спаборніцтваў Краевіч Аляксандр Сяргеевіч

– Першы спаборніцкі дзень Універсіяды прайшоў сапраўды добра і ў адпаведнасці з рэгламентам. Трошкі толькі спазніліся з фіналамі за кошт цырымоніі ўрачыстага адкрыцця. Нашае мерапрыемства мы праводзім не ўпершыню, таму ў арганізацыйным плане рухаемся наперад. Сёння патрэбна асобна адзначыць зладжаную працу прадстаўнікоў каманд і суддзяў. Дзякуючы гэтаму мы скончылі спаборніцтвы да цямна пры вялікай колькасці ўдзельнікаў.

Па колькасці ўдзельнікаў і колькасці каманд мерапрыемста чымсьці вылучаецца з агульнага шэрагу?

– Так, вылучаецца. За ўсе гады сёння ў нас было самае вялікае прадстаўніцтва ВНУ – 21 установа, ад якіх на спаборніцтвы былі заяўлены 182 удзельнікі. Гэта даволі вялікая колькасць. Больш за тое, сярод спартсменаў выступалі як члены нацыянальных каманд, так і звычайныя студэнты. Нашыя спаборніцтвы адрозніваюцца ад іншым менавіта тым, што на іх могуць паспрабаваць свае сілы спартсмены самага рознага ўзроўню.

Ці задаволены вы працай судзейскага складу?

– Судзейскія брыгады на сённяшніх спаборніцтвах склалі прафесіяналы. Былі падабраныя суддзі самай высокай нацыянальнай катэгорыі, да якіх былі даданыя суддзі сярэдняга звяна. За кошт працы з больш вопытнымі калегамі яны мелі мажлівасць павысіць сваё майстэрства Дзякуючы зладжанай і якаснай працы суддзяў мы завяршылі дзень без траўм. Гэта самы галоўны і значны паказчык для любых спаборніцтваў – каб усе спартсмены паехалі дадому здаровымі і шчаслівымі.

Што даюць студэнтам удзел у спаборніцтвах Рэспубліканскай Універсіяды і перамога ў іх? Які перспектывы яны для іх адкрываюць?

– Я лічу, што самая галоўная задача нашага мерапрыемства – гэта далучыць студэнтаў, дарослых ужо людзей, да заняткаў спортам наогул і каратэ ў прыватнасці. У нашай краіне каратэ – гэта вельмі масавы від спорта сярод дзяцей. Калі дарослы чалавек прыходзіць вучыцца ў ВНУ, ён мае мажлівасць працягнуць свае трэніроўкі, займацца любімай справай і выступаць на спаборніцтвах. І гэта вельмі важна.

З пункту гледжання Беларускай федэрацыі каратэ мы ствараем добры дарослы рэзерв для папаўнення нацыянальнай каманды, каб спартсмены маглі выступаць на сусветных форумах і ствараць там добрую канкурэнцыю. Наступны важны момант – гэта тое, што дзякуючы поспеху на Універсіядзе спартсмены могуць выязджаць на чэмпіянаты Еўропы і свету сярод студэнтаў і паказваць добрыя вынікі там.

Вышэйшыя навучальныя ўстановы могуць аказваць садзейнічанне пры выездзе студэнта для выступлення за свае каманды і рэкламаваць сябе такім чынам на высокім узроўні. І ў мінулым годзе мы мелі такі вопыт. Нашая каманда каратыстаў выехала ў складзе беларускай нацыянальнай зборнай на Чэмпіянат Еўропы сярод студэнтаў і прывезла палову ўсіх медалёў краіны – 5 з 10. Таму ў нашых дзяўчат і хлопцаў ёсць вялікія перспектывы, і самае галоўнае – матывацыя для таго, каб перамагаць на спаборніцтвах і прадстаўляць сваю ВНУ і сваю краіну на еўрапейскіх і сусветных форумах.

Супольнае дасягненне: частка другая.

Сяргей МАЕЎСКІ

Яшчэ фота:

Рэнат Архіпенка выступае ў катэгорыі "-75 кг" раздзела "Кумітэ" Сяргей Шамякоў выступае ў катэгорыі "-75 кг" раздзела "Кумітэ"

print

Вам таксама можа спадабацца: