З 19 па 21 мая на турысцка-аздараўленчай базе «Высокі бераг» Стаўбцоўскага раёна ля маляўнічай ракі Нёман прайшоў самы знакаміты праект БРСМ БДУ «Студэнцкі турысцкі злёт–2017», які з году ў год аб’ядноўвае больш за 250 студэнтаў-актывістаў з усіх пярвічных арганізацый БРСМ нашых факультэтаў, а таксама актыў шматлікіх студэнцкіх арганізацый БДУ.
Сёлета тэматыкай турзлёту стала навука (медыцына, краіназнаўства, паліталогія, палеанталогія, філасофія, робататэхніка, бібліятэказнаўства і інш.) – даволі незвычайны выбар арганізатараў, здавалася б! Але ж 2017 – год навукі, і моладзь не адстае ад трэндаў.
Удзельнікамі турысцкага злёту сталі прадстаўнікі ГА «БРСМ» факультэтаў і інстытутаў БДУ, каардынацыйны савет Студэнцкага гарадка, каманда савета старастаў БДУ, творчая студыя «Мim-BSU», а таксама прадстаўнікі адміністрацыі і кіраўніцтва ўніверсітэта. Капітанам і камандам (а іх было 16) прыйшлося ладна папрацаваць, каб прадставіць вынікі праробленай працы і сваёй фантазіі на належным узроўні.
На працягу 3 дзён праходзілі традыцыйныя і ўсімі любімыя конкурсы візітовак, творчых нумароў, плакатаў, афармленне лагераў, палосы перашкод, плаванне на байдарках спалучаліся з лазертагам, ваеннай песняй ля вогнішча і, вядома ж, спартыўным арыентаваннем.
Нават надвор’е радавалася таму, што адбывалася! Чаму? А што можа быць важнейшым за пошук новых сяброў, згуртаванне ўжо сфарміраваных калектываў, узбагачэнне лёгкіх самым чыстым паветрам і адпачынак ад сацыяльных сетак?
На жаль, любая «казка» падыходзіць да лагічнага завяршэння… Наступіў самы важны і такі хвалюючы момант – падвядзенне вынікаў. Было цяжка выявіць пераможцу, бо каманды годна паказалі сябе ва ўсіх конкурсах і спаборніцтвах. Але…
Лаўрэатамі сталі:
– 3 месца – «Муха села на варэнне…» – БРСМ эканамічнага факультэта, які прадстаўляў «Паліталогію».
– 2 месца за БРСМ хімічнага факультэта з тэмай «Краіназнаўства». Студэнты змаглі прадэманстраваць аснову дадзенай навукі на найвышэйшым узроўні, што не можа не цешыць!
– 1 месца заняла каманда, якая прадстаўляла «Медыцыну» – БРСМ біялагічнага факультэта – сімвалічна, пагадзіцеся? Яны выклаліся на ўсе 100 %.
Камандны дух, неверагоднае згуртаванне, усім запомнілася іх «Жыць выдатна»… Малайчыны, так трымаць!
Хацелася б выказаць велізарную падзяку арганізатарам мерапрыемства за магчымасць удзелу ў турзлёце і пажадаць яшчэ больш крэатыўных ідэй, сіл і самых яркіх актывістаў. А ў наступным годзе праекту спаўняецца 10 гадоў. Што ж нас, удзельнікаў турзлёту, чакае? Пажывём – убачым!
Крысціна КЕЧКО