“Бункай патрабуе ўзаемнага даверу”. Размова з членамі зборнай БДУ па каратэ Дзмітрыем і Рэнатам Архіпенка

14 Jul, 2017.

Свет спорту – яркі, захапляючы і жорсткі адначасова – гэта не толькі трэніроўкі, турніры, узнагароды, але яшчэ і цэлы вір лёсаў, мора эмоцый, жаданняў і меркаванняў. Для любога спартсмена вялікае шчасце знайсці ў гэтым моры аднадумцаў і шчырую ўзаемную падтрымку. Бо які шлях ні абраў бы для сябе чалавек, дзякуючы падтрымцы паплечнікаў, агульнасці мэт і інтарэсаў справа заўжды рухаецца хутчэй і лепш. Надзвычай добра, калі цёплыя і ўзаемаадказныя стасункі складаюцца ў сямейным коле. Мяркуючы па ўсім, менавіта гэтак будуюць сваё жыццё і кар’еру ў каратэ героі артыкулу – студэнты 2 курса эканамічнага факультэта Дзмітрый і Рэнат Архіпенка.

Каманда БДУ па ката (Дзмітрый Архіпенка, Рэнат Архіпенка, Глеб Алексін) выступае на Рэспубліканскай універсіядзе па каратэ

Браты Архіпенка – паспяховыя і  перспектыўныя спартсмены. Толькі ўвесну гэтага года яны здабылі золата ў раздзеле “Каманднае ката” на двух буйных спартыўных мерапрыемствах: чэпіянаце Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскай універсіядзе па каратэ. У раздзеле “Індывідуальнае ката” Дзмітрый на абодвух турнірах заваяваў срэбра, Рэнат – бронзу на спаборніцтвах Універсіяды. Маючы вялікі поспех у няпростай дысцыпліне, бесперапынна працуючы і рызыкуючы дзеля новых дасягненняў, хлопцы разам з тым уражваюць сваёй ветлівасцю і жыццесцвярджальным пазітывам.

– Дзмітрый, Рэнат, раскажыце, калі ласка, калі і ў сувязі з чым вы пачалі заняткі каратэ.

– У каратэ мы прыйшлі, калі вучыліся ў другім класе пасля таго, як з Гамарніка пераехалі жыць у Сухарава – распавядае Дзмітрый. – На свята першага верасня ў нашай школе зладзілі паказальныя выступленні. Сярод іншых сваю праграму тады прадставілі каратысты. На лінейку мы прыйшлі разам з бабуляй. Яна паглядзела на выступленне і сказала: усё, вось сюды вы дакладна пойдзеце. Ні ў мяне, ні ў Рэната выбару, такім чынам, не было. У той жа дзень а 3-й гадзіне мы прыйшлі дадому, узялі спартыўную форму – і адправіліся на трэніроўку. І нам абодвум усё адразу ж вельмі спадабалася. Клуб у нас быў той жа самы, што зараз – “Адамант”. Адзінае што ў той час ён так не называўся, а быў проста школьнай секцыяй каратэ. Галоўным трэнерам быў Леанід Мікалаевіч Лушчык, ката выкладала Лысенка Кацярына Мікалаеўна.

Дзмітрый Архіпенка

На першай трэніроўцы вы, як кажуць, “загарэліся”. Але ці адразу ўсвядомілі, што каратэ – менавіта тое, што вам трэба?

– Так, адразу. Хаця, мяркую, калі б мяне адправілі ў нейкі іншы від спорту, я б запаліўся гэтак жа і гэтак жа там і застаўся.

– А Вы, Рэнат? Ці маеце досвед у нейкай іншай дысцыпліне?

– Не. Пачынаючы з 2 класа школы, я нічым, апроч каратэ, займацца не спрабаваў.

– Калі да вас прыйшлі першыя поспехі?

– Першыя медалі мы заваявалі літаральна праз год пасля пачатку заняткаў, — адказвае Дзмітрый. – Гэта былі школьныя спаборніцтвы, удзельнічала літаральна пара клубаў. У раздзеле “Ката” Рэнат стаў першы, я – другім. І пасля гэтага справа, як кажуць, пайшла. У дзяцінстве было вельмі многа спаборніцтваў і медалёў. Потым, калі трошкі падраслі, турніры сталі больш сур’ёзнымі, а колькасць медалёў зменшылася, але, ўзрасла іх каштоўнасць.

– Як вы зразумелі, што ката – ваша стыхія? Чыё наогул было рашэнне – вашае ці трэнераў?

– Пакуль былі дзецьмі – працягвае Дзмітрый, – то і трэніраваліся, і выступалі і ў ката, і ў кумітэ. Але ката заўжды атрымоўвалася лепш, і Кацярына Мікалаеўна вырашыла ўзяць нас пад сваё крыло. Практыка кумітэ таксама працягвалася, але з часам мы пачалі ўсё болей ад яе адыходзіць.

Рэнат Архіпенка выступае на Рэспубіканскай універсіядзе па каратэ ў катэгорыі “Кумітэ мужчыны -75 кг”

– У кумітэ я тады выступаў, можа, трошкі радзей, чым брат – далучаецца Рэнат. – Не скажу, каб атрымліваў ад гэтага велізарную асалоду, але поспехі былі. Хаця зараз мне ў кумітэ вельмі падабаецца выступаць, і перыядычна я раблю гэта проста для сябе. Але спецыялізуюся ўсё адно ў ката.

– У якой вагавай катэгорыі Вы б’яцеся?

– Мая катэгорыя – “-75 кг”, у Дзімы – “-84 кг”.

– Значыць, у турнірнай сетцы не перасякаецеся?

– У дзяцінстве перасякаліся, зараз – не.

– Наколькі далёка Вы прасунуліся ў вывучэнні каратэ?

– Зараз у нас у абодвух чорныя паясы, экзамен здавалі ўзімку. Да нас у Мінск з Ірана для правядзення семінара прыязджаў сэнсэй Махамад Рэза Рашыднія. Уладальнік чорнага пояса 9 дана, трэнер зборнай Макао – спецыяльнага адміністратыўнага раёна Кітая. Пасля семінара мы здавалі экзамен і яму, і Леаніду Мікалаевічу Лушчыку. Здалі паспяхова.

– Леанід Мікалаевіч – заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь. Чалавек, які першым у нашай краіне атрымаў чорны пояс. Што для вас значаць трэніроўкі ў такога майстра?

– Гэта, безумоўна, вялікі гонар. І адказнасць: наўрад ці такога чалавека захочацца падводзіць, – адказвае Дзмітрый, – Але нельга сказаць, што гэта неяк абцяжарвае. Калі мы былі дзецьмі, то Леанід Мікалаевіч быў для нас гэткі “вялікі дзядзя”, якога ўсе баяліся. Калі ён заходзіў у залу, то ўсе размовы змаўкалі вокамгненна. Але зараз у нас ужо адносіны да яго не толькі як да настаўніка ці трэнера. Часам бывае, што мы размаўляем у пэўным сэнсе па-сяброўску. Ладзім вельмі добра, але трэніруе Леанід Мікалаевіч нас з братам цяпер вельмі рэдка. Толькі калі збіраемся выступаць у кумітэ, прыходзім да яго. А нашым непасрэдным трэнерам зараз з’яўляецца Кацярына Мікалаеўна.

– Скажыце некалькі словаў пра Кацярыны Мікалаеўну.

– Кацярына Мікалаеўна – цудоўны чалавек і вельмі кампетэнтны трэнер, – адказвае Рэнат. – Яна вучыць нас, развівае студэнцкі спорт і ў той жа час пастаянна вучыцца сама. Мяркую, што Кацярына Мікалаеўна – адна з самых важных людзей у нашым жыцці: яна вядзе нас па шляху каратэ з самага пачатку і вельмі нам дапамагае.

– Плён яе працы бачны па вашых дасягненнях. Так, у красавіку вы ўзялі золата на чэмпіянаце Беларусі.

– Мы сталі першымі ў раздзеле “Каманднае ката”. Мне ўдалося таксама ўзяць срэбра ў індывідуальным змаганні, – распавядае Дзмітрый. – Прайграў толькі ў фінале Сяргею Сёмчыку – спартсмену клуба “Чэмпіён”. Перад спаборніцтвамі акцэнт у трэніроўках рабіўся менавіта на выступленне ў камандзе, паколькі ў гэтым раздзеле мы мелі болей шансаў на перамогу, і менавіта ў ім хацелася выйсці на Еўропу. Не тое каб мы ўсе трое былі цалкам задаволеныя сваім выступленнем, але мы аказаліся мацнейшымі. Да фіналу рабілі ката Пайку, Анан, у фінальным паядынку – Хэйку разам з бункаем да яго.

– Гэта ўсё ката Сіта-Ру.

– Так, гэта наш стыль.

– А ці спрабавалі Вы калі-небудзь ката іншых стыляў?

– Так, калісьці было такое, – працягвае Дзмітрый. – дзесьці, напэўна, гады паўтары мы практыкавалі Сётакан. У нас тады была каманда з хлопцам з іншага клуба. Мы нават ездзілі з ім на юнацкі чэмпіянат свету ў Іспанію.  Потым, калі каманда перастала існаваць, мы яшчэ трошкі парабілі Сётакан у “асабісцы”. Але ў рэшце рэшт усё адно вярнуліся да Сіта-Ру, таму што яго практыкуе ўвесь наш клуб. Менавіта Сіта-Ру ў большай ступені вывучае Кацярына Мікалаеўна, і менавіта спецыялістаў па гэтым стылі запрашаюць да нас.

Рэнат Архіпенка

– Як людзі, якія практыкавалі і Сётакан, і Сіта-ру, што вы можаце сказаць, параўноўваючы іх?

– Сётакан – гэта, на маю думку, стыль, які робіць найбольшы акцэнт на сілу, на моц, – адказвае Дзмітрый. – У ім усе рухі амплітудныя. І асабіста мне было нават неяк прасцей “выкладацца” ў ім. Але ў пытанні аб тым, што мне больш падыходзіць, я давяраю трэнеру. Таму мой стыль усё адно Сіта-Ру.

– Мне здаецца, стыль Сіта-Ру больш практычны з пункту гледжання прыкладнога аспекту каратэ, – далучаецца Рэнат. – У ім няма такіх велізарных замахаў, усё скіравана на вынік. Рухі робяцца па найкарацейшай траекторыі, не вельмі доўгія стойкі, каб можна было рэзма змяняць месцазнаходжанне цела і г.д.

– Але ж пры апошнім губляецца моц…

– Так, сіла губляецца. Але калі правільна працаваць усім целам, то ўдары ўсё адно будуць моцнымі.

– Калі ласка, распавядзіце пра тое, як дабіцца такога ў ката. Як звычайна праходзяць вашыя трэніроўкі?

Рэнат Архіпенка

– Трэніроўкі ў нас праходзяць самыя розныя. Бываюць заняткі, прысвечаныя толькі напрацоўцы фізічных кандыцый. Працуем з “жалезам”, з уласнай вагай і да т.п. Бываюць трэніроўкі толькі па ката – з адмысловымі практыкаваннямі, якія паказвае трэнер і якія могуць быць абсалютна рознымі. Бліжэй да спаборніцтваў пачынаем выконваць ката так, як будзем рабіць гэта там: у рэжыме двубояў, з выхадамі і ўсімі належнымі паклонамі. Пасля выступленняў трэнер падыходзіць і паведамляе, якія былі дапушчаны памылкі. Або можа быць яшчэ такая праца: спартсмен пачынае выконваць ката, трэнер сочыць за ім і пасля пэўных рухаў спыняе і тлумачаць, што неабходна выправіць.

– Ці дастаткова, на ваш погляд, пастаяннага механічнага выканання адных і тых жа рухаў для таго, каб добра вывучыць ката? Або патрэбна таксама пастаянна працаваць над тэорыяй?

– Каб добра выконваць ката, патрэбна яго выконваць вялікую колькасць разоў, – адказвае Рэнат. – Але калі гэта рабіць бяздумна і механічна, гэта не прывядзе ні да чаго, не будзе ніякага росту. Трэба думаць пра тое, што ты робіш. Пра кожны рух. Менавіта для гэтага трэнер выпраўляе памылкі і задае агульны кірунак работы.

– А як дасягаецца сінхроннасць выканання каманднага ката?

– Толькі колькасцю выкананяў. У канкрэтнай камандзе і канкрэтнымі людзьмі. Справа абстаіць менавіта так. Таму што калі ў каманду прыходзіць іншы чалавек, то ён робіць элементы ў іншым рытме, з іншымі амплітудамі.  Даводзіцца перарабляць, выпраўляць – спачатку на словах, потым на справе.

– Раскажыце, як наогул Вы патрапілі ў раздзел “Каманднае ката”?

– О, гэта цікава, як нас паставілі разам, – адказвае Дзмітрый. – Мы браты-блізняты. І ката робім вельмі падобна, амаль аднолькава. Адпаведна, калі да нас дадаць трэцяга спартсмена, які добра робіць ката і пасуе нам па форме і фізічных дадзеных, то каманда будзе глядзецца шыкоўна. Тым больш што нам з братам адмыслова сінхранізавацца не трэба – ці, прынамсі, нам гэта зрабіць прасцей. Таму ў камандным ката мы выступаем з самага дзяцінства і на беларускіх спаборніцтвах заўжды былі на п’едэстале першымі ці другімі.

– Як вы “ўваходзілі” ў практыку бункай?

– Я нават не памятаю, як мы рабілі свой першы бункай. Напэўна, гэта было на нейкіх ужо юнацкіх спаборніцтвах, і тады ён быў зусім просценькі. Але наогул веданне бункай і яго дэманстрацыя патрэбныя для здачы экзаменаў на каляровыя паясы.

– Але ж бункай – рэч складаная і небяспечная. Як гэта – упускаць трэцяга чалавека ў ваш сямейны дуэт?

– Бункай патрабуе вялікага ўзаемнага даверу. Але звычайна спартсмены далучаліся да нас без праблем. Я не сказаў бы, што я канфліктны чалавек.

– Звычайна з намі ў камандзе выступалі людзі, якіх мы добра ведаем, – дапаўняе Рэнат. – Першая каманда ў нас была з аднакласнікам. Ён таксама займаўся каратэ і быў нашым вельмі добрым сябрам. Другая каманда – таксама з аднакласнікам, і дагэтуль мы з ім падтрымліваем вельмі добрыя стасункі. Калі ўсе свае, то няма ніякіх праблем.

– Бункай – гэта, як і непасрэдна ката, строга завучаныя комплексы, або можа мець месца імправізацыя? І дзе больш таго, што называюць варыяцыямі школы – у ката або ў іх расшыфроўцы?

– Імправізацый у поўным сэнсе быць не можа. Толькі калі раптам нехта забывае свае рухі падчас выступлення, то камандзе даводзіцца неяк выкручвацца, але звычайна такога не бывае. Што тычыцца непасрэдна ката, то трэба зазначыць, што традыцыйны варыянт комплексу існуе толькі адзін. Менавіта ён здаецца на экзамене на пояс. Але што да бункай, то спаборніцкая практыка гэты момант нівеліруе. Бункай павінен адпавядаць схеме ката, але кідкі, контрудары, падсечкі – усё гэта змяняецца. На адзін і той жа комплекс розныя каманды могуць рабіць розную расшыфроўку. Па-першае, гэта відовішчнасць, па-другое, ацэньваецца складанасць.

– А па якіх пунктах ацэньваецца бункай наогул?

– Бункай ацэньваецца па крытэрыях, сходнымі з крытэрыямі ацэнкі ката, – распавядае Дзмітрый. – Гэта адпаведнасць выкананаму ката (выкарыстанне тых жа рухаў, што і ў прадстаўленым комплексе), тэхнічнае выкананне (стойкі, тэхніка, прамежкавыя рухі, таймінг/сінхранізацыя, карэктнае дыханне, канцэнтрацыя (кімэ), складанасць выканання тэхнікі) і атлетычнае выкананне (сіла, хуткасць, баланс, таймінг). Таксама асобны момант складае пазбяганне траўм: калі з-за некантралюемай тэхнікі нанесена траўма і, дапусцім, пацякла кроў, то гэта фол. Калі інцыдэнт стаўся наступствам недастойных паводзінаў, гэта нават можа стаць падставай для дыскваліфікацыі каманды.

– Наколькі мне вядома, вы нядаўна судзілі XXIV адкрытае першынство і кубак ”БАКОГ” па каратэ. Скажыце, наколькі багаты ваш судзейскі вопыт на сёння? Як удасканальваеце сваё майстэрства?

– Судзім мы, напэўна, з 14-гадовага ўзросту. Зразумела, такая работа была нам даверана не адразу. Перад гэтым мы былі сакратарамі, адказвалі за таймер, выконвалі дробныя даручэнні на спаборніцтвах і г.д.Зараз у нашым клубе ўвесь час праводзяцца судзейскія семінары. Мы маем людзей, якія вельмі добра разбіраюцца ў правілах. Наведваем таксама вонкавыя семінары спецыялістаў з міжнароднай катэгорыяй.

– Рэнат, скажыце, што для вас складаней: судзіць ці выступаць?

– Напэўна, выступаць. У судзействе мне вельмі дапамагае добрая памяць. Я досыць лёгка асвоіў правілы і, прымяняючы веды на справе, літаральна ўжо з 16-гадовага ўзросту суджу нават без хвалявання. Хаця гэта вельмі адказная праца. Асабліва калі працуеш не суддзёй, а рэферы. Выходзячы на татамі, важна сказаць сабе, што ты тут галоўны і ніхто не можа аспрэчыць тваё рашэнне. Тады ўсё будзе ў парадку.

– Вы судзіце толькі спаборніцтвы па правілах WKF?

– Так, толькі па WKF. З правіламі іншых асацыяцый мы не знаёмыя. Міжнародныя турніры не судзілі, але ў Беларусі ў нас з судзействам праблем не ўзнікае. У якасці рэферы аднойчы нават выязджалі ў Расію. Мне падабаецца такая праца, гэта куды цікавей, чым сакратарства. Да таго ж, калі судзіш, то пачынаеш лепш разбірацца ў правілах. Спартсмену, які ведае іх грунтоўна, куды прасцей выступаць, асабліва калі ён кумітыст.

– У працы суддзяў фігуруе такая рэч, як судзейская кааперацыя. Што яна ўключае ў сябе?

Дзмітрый Архіпенка

– Судзейская кааперацыя існуе ў раздзеле “Кумітэ” і дзейнічае ў выпадках, калі складваецца наступная сітуацыя. Суддзя, які адпаведна палажэнню спартсменаў на татамі знаходзіцца ў лепшым становішчы для вынясення ацэнкі, фіксуе дзеянне, якое па ўсіх крытэрыях прызнае заліковым, і сігналізуе пра гэта выкідваннем сцяжка. Іншы суддзя, які знаходзіцца ў горшым становішчы і ацэньвае дзеянне як заліковае па ўсіх крытэрыях апроч пункту пападання, якога ён не бачыць, можа падтрымаць першага суддзю. У гэтым плане суддзям трэба давяраць калегам. Усе члены брыгады працуючых на татамі павінны давяраць адно адному.  Складаныя сітуацыі пасля спаборніцтваў разбіраюцца асобна.

– Раскажыце пра адносіны да спартсменаў у БДУ. Як вам вучыцца і сумяшчаць трэніроўкі і вучобу?

Дзмітрый Архіпенка

– Паступленне ў БДУ было нашым асабістым выбарам, – адказвае Дзмітрый. – Да цэнтралізаванага тэставання мы дакладна ведалі, якія прадметы будзем здаваць: англійскую мову, рускую мову, матэматыку. Нашая сяброўка, грунтуючыся на гэтым, параіла нам эканамічны факультэт, які скончыла сама. Зараз мы студэнты 2 курса, але спецыяльнасці ў нас розныя: у мяне “Эканамічная інфарматыка”, у Рэната – “Менеджмент”. Абіралі што каму бліжэй да душы.

– Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт падтрымлівае спартсменаў, – працягвае Рэнат. – Тым, хто актыўна спаборнічае, даецца індывідуальны графік. Але нават калі індывідуальнага графіку няма, можа быць дадзены дазвол на перанос сесіі на ранейшы ці пазнейшы час. Звязана гэта з тым, што международныя спаборніцтвы часта пападаюць менавіта на гэты перыяд. Што датычыцца наведвання, то пры наяўнасці адпаведных дакументаў аб тым, што ты не прагульваў, а быў на спаборніцтвах, ніякіх праблем з дэканатам не ўзнікне. Выкладчыкі таксама ставяцца да гэтага з разуменнем.

– А што тычыцца здачы экзаменаў?

– Наколькі падрыхтаваны, настолькі і здасі. Проста так адзнакі ніхто не ставіць, вучыць трэба ўсё.

– Некалькі пытанняў пра ваш спартыўны светапогляд. Сёння існуе раздзяленне паміж традыцыйным і спартыўным каратэ. Розніца між імі відавочная. З вашага пункту гледжання, што на сёння больш перспектыўна?

– Зразумела, што традыцыйнае каратэ – гэта сапраўднае каратэ, і спартыўнае выйшла з яго. Але традыцыйнае кумітэ ад спартыўнага адрозніваецца істотна, з самага відавочнага – ступенем кантакту. Японцы, пачынальнікі адзінаборства, намагаюцца вярнуцца менавіта да гэтага, у тым ліку і выкананне ката ў іх адпаведнае. І ўвесь свет сёння нібы паўтарае за японцамі, намагаючыся звярнуць сваю ўвагу на традыцыі баявога мастацтва.

– Атрымоўваецца, японцы дагэтуль застаюцца ў каратэ заканадаўцамі?

– Так.

– А ці можна сцвярджаць, што, стаўшы сусветным спортам, каратэ пры гэтым не стала інтэрнацыянальным, а засталося японскім?

– Я б так не сказаў, – адказвае Рэнат. – Сярод тых жа катыстаў першыя месцы на сусветных спаборніцтвах займаюць спартсмены-еўрапейцы. Хаця, калі прыязджаюць японцы, то ў ката часта перамагаюць яны.

Дзітрый Архіпенка

– У кумітэ яны таксама часта стаяць на п’едэстале, – дапаўняе брата Дзмітрый. – Але поспех у кумітэ вельмі моцна залежыць ад цэлага шэрагу кампетэнцый і кандыцый чалавека, і зразумела, што ў гэтым раздзеле заняць увесь п’едэстал будзе складана для любой краіны.

– Скажыце, ці ёсць у вас любімы спартсмен-катыст, на якога вы раўняецеся?

– Ёсць: японец Рыо Кіюна. Заўжды становіцца першым. На мінулай Прэм’ер-лізе ў Парыжы таксама стаў чэмпіёнам. Таксама мы ездзілі ў Турцыю на 52-і чэмпіянат Еўропы, там вельмі спадабаўся турэцкі спартсмен Алі Сафаоглу. Ён прайграў моцнаму суперніку, іспанцу Куінтэра, але ўсё адно зрабіў ката выдатна. З каманд не тое, каб можна было выдзеліць якую-небудзь асобна, але таксама вельмі падабаюцца японцы: вельмі крута ў 2011 годзе рабілі ката стылю сётакан. Але зараз ужо прысутнічае не столькі захапленне, колькі разуменне, што да такога трэба імкнуцца.

– Успрымаюцца як патэнцыяльныя канкурэнты, так? Вы ж можаце сустрэцца.

– Наогул, я цвяроза ацэньваю свае сілы, – кажа Дзмітрый. – Канешне, можам сустрэцца. Але я разумею, што тым жа японцам зараз прайграю безагаворачна. Але да такога ўзроўню патрэбна не проста імкнуцца, яго трэба пераўзысці.

– Вы займаецеся тым, што дастаткова традыцыйна ў цэлым – няважна, кажам мы пра артадаксальны або спартыўны варыянт. Каратэ – даволі папулярны спорт, калі браць “усходні кірунак”. Але ёсць дысцыпліны, якія валодаюць большай масавасцю і рэйтынгавасцю. Я кажу пра змяшаныя адзінаборствы. Як вы ставіцеся да іх?

– Выдатна. Наогул, я паважаю ўсе віды спорта, – адказвае Рэнат. – На маю думку, хто чым хоча, той тым няхай і займаецца. Змяшаныя адзінаборствы – гэта класна. Сам гляджу іх, вельмі цікава.

А Вы, Дзмітрый?

– Мне наогул падабаюцца ўсе баявыя мастацтвы – няважна, са зброяй ці без. Чытаю пра іх, спрабую ўнікнуць у іх сутнасць. ММА гляджу пастаянна.

– У ММА акцэнт робіцца хутчэй на рэзультатыўнасці тэхнікі, чым на бездакорнасці яе правядзення. На ваш погляд, ці адпавядае такі падыход духу баявых мастацтваў у цэлым, ці не ператварае ён паядынак у банальную бойку?

– Усе баявыя мастацтвы ствараліся і ствараюцца з мэтай адолення суперніка тым, хто іх вывучае. І ў змяшаных адзінаборствах рэалізацыя мэты бачна яскрава. Але патрэбна разумець, што каратэ – гэта тое, што часта становіцца стылем жыцця. ММА – гэта ў большай ступені спорт, і куды больш жорсткі.

– Але ж там паспяхова выступаюць і каратысты.

– Бо набытыя веды дапамагаюць. У прыватнасці – пачуццё адлегласці. Таму што каратэ – гэта ў прынцыпе праца на дыстанцыі і з дыстанцыяй.

– Заключныя пытанні хацелася б задаць пра вашыя планы на будучыню. Зараз вас чакаюць вялікія і адказныя змаганні сярод студэнтаў. А што наконт нашых міжнародных спаборніцтваў – напрыклад, Sanker Cup?  Ці ўдзельнічалі вы там калі-небудзь і ці плануеце гэта ў наступным навучальным годзе?

–  У дзяцінстве мы ўдзельнічалі ў Sanker Cup, – адказвае Рэнат. – Дакладна не памятаю гэты вопыт. Але калі ў гэтым годзе трэнер скажа, то, безумоўна, выступаць будзем.

– Якія планы маеце на аддаленую будучыню? Зараз у вас ужо чорныя паясы, можаце быць інструктарамі.

– Вядома, я буду развівацца далей. Каратэ я кідаць не збіраюся, – кажа Дзмітрый. – У нас з братам яшчэ далёка не той узрост, каб яго можна было назваць “пікам”. Яшчэ ёсць шмат часу, і калі не будзе праблем са здароўем, я скарыстаюся ім. Чым менавіта буду займацца, буду ведаць больш дакладна, калі скончу ўніверсітэт.

– А вы, Рэнат? Да якога ўзроўню плануеце дайсці да канца навучання?

– У нас яшчэ два гады вучобы наперадзе. Мяркую, за гэты час можна падняцца да ўзроўню чэмпіяната Еўропы і змагацца там як мінімум за трэцяе месца. Два гады пры поўных намаганнях – гэта вельмі многа, і за гэты час можна вельмі добра вырасці, калі задацца такой мэтай.

Наперадзе ў братоў Архіпенка чэмпіянат Еўропы сярод універсітэтскіх каманд, які пройдзе ў Партугаліі з 23 па 28 ліпеня. Зараз спартсмены актыўна трэніруюцца, каб паказаць найлепшы вынік і годна прадставіць БДУ на сусветнай арэне. Інтэрв’ю з Кацярынай Лысенка – трэнерам Дзмітрыя і Рэната па ката, – выйшла на сайце газеты асобным матэрыялам. Трымаем кулакі за нашых байцоў!

Сяргей МАЕЎСКІ

Фота: аўтара; з асабістых архіваў Дзмітрыя і Рэната Архіпенкі

print

Вам таксама можа спадабацца: