Міжнародныя праграмы абмену. Як гэта працуе ў БДУ?

18 Jul, 2017.

Хто з нас не хацеў бы апынуцца за мяжой па абмене? І не проста пабываць за мяжой, а яшчэ і атрымаць неабходныя веды па сваёй будучай прафесіі, а для супрацоўнікаў – абмяняцца досведам і павысіць свой прафесійны ўзровень. Якія рэсурсы мае наш універсітэт і як гэтым скарыстацца, нам распавядзе Аляксандр Уладзіміравіч РЫТАЎ, намеснік начальніка ўпраўлення міжнародных сувязяў па міжнародных праграмах, начальнік аддзела міжнародных праграм і праектаў.

— Аляксандр Уладзіміравіч, распавядзіце, калі ласка, навошта студэнтам адрывацца ад навучальнага працэсу і на якія тэрміны гэта магчыма?

Аляксандр РЫТАЎ

— У БДУ адзін з самых вялікіх банкаў міжнародных праграм і праектаў. Не так даўно мы праводзілі сацыялагічнае апытанне: чаму студэнты і выкладчыкі выбіраюць нашу ВНУ. На другім месцы быў адказ: у БДУ вялікая колькасць міжнародных праграм. Міжнародная праграма акадэмічнай мабільнасці – гэта набор правілаў і працэдур, на аснове якіх БДУ накіроўвае студэнтаў (калі казаць пра студэнтаў), якія навучаюцца на другім, трэцім курсах на навучанне, якое можа быць кароткатэрміновым (трэнінгі, навучальна-азнаямленчыя візіты, школы, напрыклад) і доўгатэрміновым (навучанне да двух семестраў, па выніках якога студэнты прывозяць акадэмічную даведку з адзнакамі па пройдзеных прадметах). Даведку мы потым інтэгруем у адукацыйную траекторыю ў БДУ. Студэнты, якія маюць падобную практыку, больш кампетэнтныя, паглыбляюць свае веды, атрымліваюць навыкі зносінаў на замежнай мове, досвед пражывання за мяжой, практыку міжкультурнай камунікацыі. Гэта робіць будучых спецыялістаў больш самастойнымі і адказнымі. Да таго ж яны прывозяць замежныя кантакты: сяброў, сферу будучых дзелавых зносін.

— Як працуюць абмены, якая структура дадзенага прадпрыемства?

— У БДУ створана ўзорная сістэма акадэмічнай мабільнасці, у цэлым для Беларусі. У яе ўваходзіць цэнтральнае структурнае падраздзяленне (аддзел міжуніверсітэцкага супрацоўніцтва УМС), на кожным факультэце ёсць каардынатары, якія навучаюць студэнтаў, як максімальна паспяхова выкарыстоўваць навучанне за мяжой. Калі ўдзельнік праграмы выязджае ў замежную ВНУ, ён складае трохбаковую дамову (БДУ, студэнт і ўніверсітэт, які прымае), дзе прапісваюцца прадметы вывучэння і інтарэсы трох бакоў.

— Ці існуюць перспектывы развіцця акадэмічнай мабільнасці ў нас у краіне і ў нашай ВНУ?

— Так, вядома. Перспектывы ёсць. Летась па гэтых пытаннях была праведзена інтэрнэт-канферэнцыя і распрацавана Канцэпцыя інтэнсіфікацыі і дыверсіфікавання акадэмічнай мабільнасці Рэспублікі Беларусь. Яе можна паглядзець на сайце. Я адзін з распрацоўшчыкаў дадзенага праекта. Яшчэ існуе дзяржаўная праграма “Моладзь – адукацыйная палітыка” на 2016–2020 гг., у якой ёсць падпраграма нумар пяць “Вышэйшая адукацыя”. І ў ёй вызначаны мэтавыя паказчыкі развіцця акадэмічнай мабільнасці ў частцы накіравання таленавітай моладзі за мяжу для навучання па запатрабаваных для нацыянальнай эканомікі спецыяльнасцях.

Дарэчы сказаць, калі ў нас адсотак выпускнікоў ВНУ, якія маюць які-небудзь адукацыйны досвед за мяжой, невялікі ў параўнанні з Еўрапейскім саюзам, то па выкладчыках мы маем добры паказчык – 17%. Прычым траціна – гэта ўнёсак універсітэта ў нацыянальную статыстыку.

— Як атрымаць інфармацыю пра гэтыя праграмы?

— Кожны год у верасні ўпраўленне міжнародных сувязяў праводзіць інфармацыйны дзень магчымасці акадэмічнай мабільнасці БДУ. Як правіла, інфадні праходзяць у аўдыторыі або фізфака, або ФМА. Таксама арганізоўваем візіты на самі факультэты. Матэрыялы гэтых інфадзён размяшчаюцца на спецыялізаваным партале акадэмічнай мабільнасці БДУ. Ёсць вялікі банк праграм і актуальнай інфармацыі на сайце УМС. Яшчэ УМС мае сваю асобную старонку ў Facebook. Для гэтага проста трэба набраць у пошукавіку “Аддзел міжнародных праграм БДУ”. Існуе кніга за маім аўтарствам “Моладзевая мабільнасць: шлях да поспеху”. Яе можна атрымаць у нашым аддзеле.

— Распавядзіце падрабязней пра самі замежныя праграмы, калі ласка.

— Міжнародныя праграмы можна падзяліць на чатыры групы. Першая: дамовы (мабільнасць, магчымая на аснове наяўных у нас дамоў і дамоў з замежнымі партнёрамі). У нас велізарная дамоўная база: больш за 400 дамоў. Мінус такіх дамоў у тым, што ў іх не прадугледжваецца фінансаванне. Г. зн. дамоўныя бакі вызваляюць студэнтаў ад аплаты за навучанне. Усе астатнія выдаткі па аплаце праезду і пражывання бярэ на сябе студэнт. У шэрагу дамоў замежнымі ВНУ прадугледжваецца або сацпакет, або стыпендыя.

БДУ ўдзельнічае ў Сеткавым універсітэце СНД. Ён фінансуецца з Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва. Студэнты-магістранты, якія навучаюцца па эканамічных і юрыдычных спецыяльнасцях, могуць прайсці навучанне ў вядучых ВНУ Расіі.

Добрая дамоўная база з Кітаем.

Другая група: першым чынам навучанне ў ВНУ Еўрапейскага саюза ў рамках міжнароднай праграмы ERASMUS+. Гэтыя дамовы даюць нам каля 60 замежных паездак для студэнтаў і выкладчыкаў у год. Каштоўныя гэтыя дамовы яшчэ і тым, што ў іх прадугледжваецца аплата праезду і стыпендыя, якая пакрывае выдаткі пражывання за мяжой. Гэты кірунак мы актыўна развіваем. На сайце УМС ёсць асобная ўкладка “Навучанне за мяжой”, далей – “Крэдытная мабільнасць”, а там – пералік дамоў пад гэту праграму.

Трэцяя група: любыя правераныя міжнародныя праграмы, якія адпавядаюць інтарэсам універсітэта. У нас ёсць каталог гэтых праграм на САЙЦЕ.

І чацвёртая: платныя адукацыйныя праграмы. Іх досыць шмат. Гэта падобна да адукацыйнага турызму.

— Ці зможа студэнт самастойна падаць дакументы для ўдзелу ў праграме? Як патрапіць у праекты такога кшталту?

— Вядома, з боку БДУ будзе ажыццяўляцца падтрымка ў частцы афармлення дакументаў, атрымання кансультацый. Ёсць праграмы, для ўдзелу ў якіх трэба прайсці адборачную камісію, тая ж праграма ERASMUS+. У камісію ўваходзяць выкладчыкі-каардынатары акадэмічнай мабільнасці на факультэтах, прадстаўнікі УМС, цэнтральнай адміністрацыі, навучальнага ўпраўлення, прадстаўнікі студэнцкай асамблеі, УВРМ. Дакументы падаюцца анлайн. Незалежна адзін ад аднаго камісія праводзіць ранжыраванне. І тыя прадстаўнікі, якія набіраюць максімальную колькасць балаў, атрымліваюць магчымасць навучання за мяжой. Тут камісія імкнецца вытрымліваць баланс мэтавых груп, спецыяльнасцяў і г. д.

— Ці можна дзе-небудзь паглядзець водгукі студэнтаў, якія прайшлі падобнае навучанне?

— Так, на партале акадэмічнай мабільнасці. Нідзе ў Беларусі і нават у СНД такой практыкі няма. Гэта вельмі важна, каб мы ведалі, як нас ацэньваюць. І мэта гэтых водгукаў – засцерагчы студэнтаў ад аналагічных памылак. У водгуках ёсць карысная інфармацыя пра побыт, пра атрыманне візы, праезд і іншае. Гэта вельмі цікавае для чытання, рэкамендую.

— Аляксандр Уладзіміравіч, і напрыканцы, што б Вы парэкамендавалі нашым студэнтам?

— Я б парэкамендаваў студэнтам любых спецыяльнасцяў шукаць магчымасці. Нават у сумежных галінах. Праграм шмат, ВНУ шмат. Усё можна атрымаць, калі толькі захацець. Тым больш што ўніверсітэт зацікаўлены, каб як мага больш студэнтаў атрымалі досвед замежных калегаў.

Таццяна БАГАМАЗАВА

Фота з сайта http://ums.bsu.by/ru/.

print

Вам таксама можа спадабацца: