Міжнародныя праграмы абмену. Як гэта працуе ў БДУ?

31 Jul, 2017.

Хто з нас не хацеў бы апынуцца за мяжой па абмене? І не проста пабываць за мяжой, а яшчэ і атрымаць неабходныя веды па сваёй будучай прафесіі. А для супрацоўнікаў – абмяняцца досведам і павысіць свой узровень. Якія рэсурсы мае наш універсітэт і як гэтым скарыстацца, нам раскажа Аляксандр РЫТАЎ , намеснік начальніка ўпраўлення міжнародных сувязей па міжнародных праграмах, начальнік аддзела міжнародных праграм і праектаў.  

Аляксандр Рытаў

— Аляксандр Уладзіміравіч, раскажыце калі ласка, навошта студэнтам адрывацца ад навучальнага працэсу і на якія тэрміны гэта магчыма?  

— У БДУ адзін з самых вялікіх банкаў міжнародных праграм і праектаў. Не так даўно мы праводзілі сацыялагічнае апытанне: чаму студэнты і выкладчыкі выбіраюць нашу ВНУ. На другім месцы быў адказ: у БДУ вялікая колькасць міжнародных праграм. Міжнародная праграма акадэмічнай мабільнасці – гэта набор правілаў і працэдур, на аснове якіх БДУ накіроўвае студэнтаў (калі казаць пра студэнтаў), якія навучаюцца на другім, трэцім курсах, на навучанне, якое можа быць кароткатэрміновым (трэнінгі, вучэбна-азнаямленчыя візіты, напрыклад, альбо школы) і доўгатэрміновым (навучанне да двух семестраў, па выніках якога студэнты прывозяць акадэмічную даведку з адзнакамі па пройдзеных прадметах). Даведку мы потым інтэгруем у адукацыйную траекторыю ў БДУ. Студэнты, якія маюць падобную практыку, больш кампетэнтныя, паглыбляюць свае веды, атрымліваюць навыкі зносінаў на замежнай мове, досвед пражывання за мяжой, практыку міжкультурнай камунікацыі. Гэта робіць будучых спецыялістаў больш самастойнымі і адказнымі. Да таго ж, хлопцы і дзяўчаты прывозяць замежныя кантакты: сяброў, сферу будучых дзелавых зносінаў.

— Як працуюць абмены, і якая структура дадзенага прадпрыемства?

— У БДУ створана ўзорная сістэма акадэмічнай мабільнасці. У яе ўваходзіць цэнтральнае структурнае падраздзяленне (аддзел міжуніверсітэцкага супрацоўніцтва УМС), на кожным факультэце ёсць каардынатары, якія вучаць студэнтаў, як з максімальнай выгадай выкарыстоўваць навучанне за мяжой. Калі ўдзельнік праграмы выязджае ў замежную ВНУ, ён заключае трохбаковую дамову дагавор (БДУ, студэнт і ўніверсітэт, які прымае), у якой прапісваюцца прадметы для вывучэння і, адпаведна, інтарэсы трох бакоў.

— Ці існуюць перспектывы развіцця акадэмічнай мабільнасці ў нас у краіне і ў нашай ВНУ?

— Так, вядома. Перспектывы ёсць. У мінулым годзе па гэтых пытаннях была праведзена інтэрнэт-канферэнцыя і распрацавана Канцэпцыя інтэнсіфікацыі і дыверсіфікацыі акадэмічнай мабільнасці Рэспублікі Беларусь. Яе можна паглядзець на сайце: http://conference.bsu.by. Я адзін з распрацоўшчыкаў дадзенага праекта. Яшчэ існуе дзяржаўная праграма “Моладзь –адукацыйная палітыка» на 2016-2020гг., у якой ёсць падпраграма нумар пяць “Вышэйшая адукацыя». І ў ёй усталяваныя мэтавыя паказчыкі развіцця акадэмічнай мабільнасці ў частцы накіравання таленавітай моладзі за мяжу для навучання па запатрабаваных для нацыянальнай эканомікі спецыяльнасцях.

Дарэчы сказаць, калі ў нас працэнт выпускнікоў ВНУ, што маюць хоць які замежны адукацыйны вопыт, невялікі ў параўнанні з Еўрапейскімі саюзам, то па выкладчыках мы маем добры паказчык – 17 %. Прычым трэць – наш універсітэт дае ўклад у нацыянальную статыстыку.

— Як атрымаць інфармацыю наконт дзейных праграм? Дзе пра іх можна даведацца?

— Кожны год у верасні ўпраўленне міжнародных сувязяў праводзіць інфармацыйны дзень магчымасці акадэмічнай мабільнасці. Як правіла, інфадні праходзяць у аўдыторыі альбо фізфака, альбо ФМА. Таксама будуць арганізаваныя паходы на самі факультэты. Матэрыялы гэтых інфадзён размяшчаюцца на спецыялізаваным партале акадэмічнай мабільнасці БДУ: http://mobility.bsu.by. Ёсць вялікі банк праграм і актуальнай інфармацыі на сайце УМС: ums@bsu.by. Яшчэ УМС мае сваю асобную старонку ў Facebook. Для гэтага проста трэба набраць у пошукавіку «Аддзел міжнародных праграм БДУ». Існуе кніга за маім аўтарствам: «Моладзевая мабільнасць: шлях да поспеху». Можна яе атрымаць у нашым аддзеле.

— Раскажыце падрабязней пра самі замежныя праграмы, калі ласка.

— Міжнародны праграмы можна падзяліць на чатыры групы. Першая: дамовы (мабільнасць, магчымая на аснове наяўных у нас дамоў і пагадненняў з замежнымі партнёрамі). У нас велізарная база: больш за 400 дамоў. Мінус іх у тым, што ў іх не прадугледжваецца фінансаванне. Г. зн. дамоўныя бакі вызваляюць студэнтаў ад аплаты за навучанне. Усе астатнія расходы па аплаце праезду і пражывання бярэ на сябе студэнт. У шэрагу дамоў замежнымі ВНУ прадугледжваецца альбо сацпакет, альбо стыпендыя.

БДУ ўдзельнічае ў Сеткавым універсітэце СНД. Ён фінансуецца з Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва. Студэнты-магістранты, якія навучаюцца па эканамічных і юрыдычных спецыяльнасцях, могуць прайсці навучанне ў вядучых ВНУ Расіі.

Добрая дагаворная база з Кітаем.

Другая група: перш за ўсё навучанне ў ВНУ Еўрапейскага саюза ў рамках міжнароднай праграмы ERASMUS +. Гэтыя дамовы даюць нам каля 60 замежных паездак для студэнтаў і выкладчыкаў у год. Каштоўныя гэтыя дамовы яшчэ і тым, што ў іх прадугледжваецца аплата праезду і стыпендыя, якая пакрывае выдаткі пражывання за мяжой. Гэты напрамак мы актыўна развіваем. На сайце УМС ёсць асобная ўкладка «Навучанне за мяжой». Далей – «Крэдытная мабільнасць». І там – пералік дамоў пад гэтую праграму.

Трэцяя група: любыя правераныя міжнародныя праграмы, якія адпавядаюць інтарэсам універсітэта. У нас ёсць каталог гэтых праграм на сайце http://mobility.bsu.by.

І чацвёртая: платныя адукацыйныя праграмы. Іх досыць шмат. Гэта падобна да адукацыйнага турызму.

— Ці зможа студэнт самастойна падаць дакументы для ўдзелу ў праграме? Ці патрэбная дапамога? І як патрапіць у такога роду праекты?

— Вядома, з боку БДУ будзе аказвацца падтрымка ў частцы афармлення дакументаў, атрымання кансультацый.

Ёсць праграмы, для ўдзелу ў якіх трэба прайсці адборачную камісію, тая ж праграма ERASMUS +. У камісію ўваходзяць выкладчыкі-каардынатары акадэмічнай мабільнасці на факультэтах, прадстаўнікі УМС, цэнтральнай адміністрацыі, навучальнага кіраўніцтва, прадстаўнікі студэнцкай асамблеі, УВРМ. Дакументы падаюцца анлайн. Незалежна адзін ад аднаго камісія ажыццяўляе ранжыраванне. І тыя прадстаўнікі, якія набіраюць максімальную колькасць балаў, атрымліваюць магчымасць навучання за мяжой. Тут камісія імкнецца вытрымліваць баланс мэтавых груп, спецыяльнасцяў і г. д.

— Можна дзе-небудзь паглядзець водгукі студэнтаў, якія прайшлі падобнае навучанне?

— Так. На партале акадэмічнай мабільнасці: http://mobility.bsu.by. Там ляжаць водгукі ўдзельнікаў. Нідзе ў Беларусі і нават у СНД такой практыкі няма. Гэта вельмі важна, каб мы ведалі, як нас ацэньваюць. І мэта гэтых водгукаў засцерагчы студэнтаў ад аналагічных памылак. Шмат карыснай інфармацыі пра побыт, як візу аформіць, як праехаць і г. д. Гэта вельмі цікавае чытво, рэкамендую. Яно натхняе.

Аляксандр Уладзіміравіч, дзякуй Вам за змястоўную гутарку. Цяпер наогул усё стала ясна і проста. І напрыканцы, што б Вы парэкамендавалі нашым студэнтам?

— Я б парэкамендаваў студэнтам любых спецыяльнасцяў шукаць магчымасці. Нават у сумежных галінах. Праграм вельмі шмат. ВНУ вельмі шмат. Усяго можна дамагчыся. Тым больш што ўніверсітэт зацікаўлены, каб студэнтаў выязджала як мага больш.

print

Вам таксама можа спадабацца: