Дабрачынная кампанія SocksforLife (Шкарпэткі для Жыцця) стартавала ў Беларусі. Гэта міжнародная ініцыятыва дапамагае дзеткам, народжаным раней за належны тэрмін– а такіх у нашай краіне з’яўляецца да 5000 штогод. Для іх вяжуць малюпасенькія ваўняныя шкарпэткі і не толькі. Але і тыя, хто не ўмее вязаць, могуць далучыцца. Што да чаго, распытваем аднаго з каардынатараў праекта Алёну КАВАЛЕНКА.
— Спадарыня Алёна, чаму патрэбны кампаніі накшталт “Шкарпэткі для жыцця” – няўжо намаганняў дзяржавы і асобных бацькоў не хапае?
— Вельмі многія маці з неданошаным немаўлём сутыкаюцца з цэлым шэрагам праблем, і выхад яны найчасцей шукаюць самі, бо ў бальніцах на суправаджэнне такіх дзетак можа проста не ставаць часу і сіл. У перынатальных цэнтрах і так медперсанал самаадданы, не абмяжоўваецца працоўным часам, але ў сутках толькі 24 гадзіны… І маці пачалі арганізоўвацца, прытым па ўсіх гарадах.
— Чаму маці не можа сама для свайго дзіцятка звязаць ці пашыць усё патрэбнае?
— Пытанне санстанцыі. Калі нейкі прыватнік нешта там невядома як і невядома з чаго навяжа – бальніца не можа гэта проста так узяць, патрэбны праверкі, сагласаванні. Калі мы, асобныя маці,даведаліся пра існаванне міжнародных праетаў “Цуда-васьміножкі” і “Шкарпэткі для жыцця”, нам вельмі захацелася прымяніць замежны досвед дапамогі неданошаным дзеткам і іх сям’ям і ў нашай краіне. Нашы прыватныя ініцыятывы знайшлі падтрымку ў “BabyStory” – інфармацыйнай сацыяльна-дабрачыннай установе дапамогі дзецям і сем’ям, яе кіраўніца Наталля Міранчук. Пачалося доўгае хаждэнне па інстанцыях: ніткі і напаўніцель прымаюцца толькі сертыфікаваныя, і трэба было даказаць, што мы якраз такія і выкарыстоўваем. Міністэрства аховы здароўя дало нам дазвол на дзейнасць у медустановах. Зараз нашы шкарпэткі і васьміножкі лічацца індывідуальнымі рэчамі, пры прыёме ў родддамы іх “высмажваюць” у адмысловых печках. У нашых рэчаў абавязкова ёсць суправаджальная карта, дзе майстрыхі ўказваюць выкарыстаны тып ніткі, напаўніцеля і г.д.
— Як праверыць – ці праўда ў той карце?
— Калі доўга вяжаш, тып ніткі адчуваеш на дотык. Нават 30% акрыла ці бамбука адразу адчуваюцца. Абавязкова правяраем кожную партыю на адпаведнасць кожнаму пункту патрабаванняў міжнародных стандартаў. Бывае, кепска васьміножкам донца прышыюць, прыдзіраемся да “шчупальцаў” – яны павінны пэўным чынам спружыньваць, і калі гэтага няма – уласнаручна выпраўляем усе хібы. Кожную шкарпэтачку прамацваем: ці дастаткова шчыльная гумка, пераправяраем памеры, бо не ўсе правільна мераюць… Разумеем адказнасць, якую нясем: барані Божа, мы дапусцім памылку, нейкая варсінка з “няправільнай” ніткі трапіць немаўлятку ў дыхальныя шляхі! Тут пытанне не ў нашай рэпутацыі, а ў жыцці і здароўі дзетак. Першая партыя ў нас была каля 200“Цуда-васьміножак” для Мінскага абласнога роддома, і за паўтары гадзіны праверкі мы стаміліся больш, чым калі б дзень бульбу капалі. Бо разумеем цяжар адказнасці.
Як працуюць шкарпэткі
Да 5000 дзяцей штогод з’яўляюцца на свет у нашай краіне раней за належны тэрмін. Іх паўнавартаснае развіццё і здароўе наўпрост звязана з наяўнасцю неабходных разнастайных сродкаў падтрымкі з самага нараджэння. Але ваўняныя шкарпэткі патрэбны малёнку не толькі для цяпла. Па меркаванні ўрачэй, яны вельмі дапамагаюць у працэсе выхаджвання неданошаных дзетак і выконваюць важную функцыю – стымулююць кровазварот і нагадваюць ім пра тое, што трэба дыхаць. Палепшаны кровазварот стымулюе, у сваю чаргу, развіццё ўнутраных органаў. Ваўняныя рэчы не даюць дзіцяці надоўга і глыбока засынаць, бо злёгку паколваюць яго. Дзіця прачынаецца, рухаецца і пачынае лепей дыхаць. Кожная пара шкарпэтак з’яўляецца індывідуальным падарункам і трапляе да дзіцяці ў роддоме альбо пры яго выпісцы дадому.
— А чаму дзяржава не можа проста закупіць усё неабходнае – замовіць, напрыклад, выраб такіх рэчаў нашым фабрыкам, ды той жа “Алесі”?
— Па-першае, васьміножкі даволі складаныя ў вырабе, гэтага машына не звяжа. Па-другое, мы супраць таго, каб падобныя рэчы рабіліся масава на фабрыках, бо тады ў іх будзе адсутнічаць сэрцаі энергетыка кожнай маці, якая вяжа. А тады такая шкарпэтка ці такі васьміножка працуюць зусім па-іншаму. Ёсць яшчэ пытанні з вопраткай для неданошаных малят, толькі-толькі пачынаюць у нас з’яўляцца самыя малыя памеры – ад 48-га, Украіна і Расія робяць такую вопратку ўжо не адзін год, і вось тут мы вядзем перамовы з айчыннымі прадпрыемствамі, каб яны пісалі праекты і дамаўляліся, атрымлівалі франшызы… Для нас важны вынік – каб патрэбная вопратка з’явілася ў продажы, а лаўры могуць пакінуць сабе (смяецца).
Цуда-васьміножкі
Праект рэабілітацыі неданошаных дзяцей з дапамогай вязаных васьміножак існуе са студзеня 2013 г. Тады адна датчанка-маці зрабіла цікавае адкрыццё: свайму неданошанаму дзіцяці яна звязала маленькага васьміножыка і паклала цацку ў кувез. Малеча перастала пастаянна цягнуць і выдзёргваць зонды з трубачкамі, стала значна спакайнейшай, аднавілася і нармалізавалася дыханне, сэрцабіццё і кроваток. Неўзабаве падобная практыка набыла папулярнасць у шматлікіх медустановах Даніі, Швецыі, затым Галандыі і Бельгіі. З лістапада 2014 г. праект «Цуда-васьміножкі» паспяхова рэалізуецца ва Ўкраіне, увосень 2015 г. ён стартаваў у Расіі і Казахстане. 22 сакавіка 2016 г. праект «ЦУда-васьміножкі Беларусь» пачалі рэалізоўваць 54 майстрыхі інтэрнэт-ініцыятывы «Вяжам для дабрачынных праектаў (Беларусь)». Першая перадача васьміножак адбылася 15.05.2016 года, 228 цацак выправіліся ў “Клінічны радзільны дом МІнскай вобласці” насустрач і на дапамогу неданошаным дзеткам.
— Як Вы дайшлі да такога жыцця? Чаму неданошаныя дзеткі, чаму вязанне?
— У мяне дачушка нарадзілася з праблемамі дыхання, і таму многія пытанні матулек з неданошанымі дзеткамі мне блізкія і зразумелыя. Вязала сама хіба ў студэнцтве, потым закінула. А калі дачка нарадзілася, я выпадкова знайшла на расійскім сайце “Краіна мам” цікавую інтэрнэт-ініцыятыву “Вяжам для дабрачынных праектаў (Беларусь)”, кіраўнік Ірына Коласава. Тады праводзілася акцыя – трэба было звязаць рэчы для Слуцкага дзіцячага дома, шкарпэткі, жылеткі і г.д., адгукнулася каля 150 майстрых, і я “ўвязалася”. Ініцыятыва Ірыны Коласавай больш звязаная з вязаннем для онкахворых дзетак у Бараўлянах, надоечы мы закрылі акцыю з імі – вязалі галаўныя ўборы, анёлкаў і цацкі-развіванкі, бо многія з такіх дзетак губляюць зрок, пачуццё дотыку, і ім патрэбны адмысловыя цацкі, каб псіхолагі з імі займаліся. У гэтай інтэрнэт-ініцыятывы няма пастаяннага складу, але ёсць касцяк тых, хто пастаянна вяжа – вось ім я і “зудзела”, што за мяжой вяжуць васьміножак для неданошаных дзетак, а ў нас ніхто не вяжа, ну давайце, давайце… І мяне падтрымалі! Але пры ўмове, што наведаю роддамы і даведаюся, ці ёсць патрэба. Многія з майстрых – шматдзетныя маці, па 5-6 дзяцей, і яны ўсё адно знаходзяць час вязаць яшчэ для кагосьці. Прытым маці гэтыя – з розных куткоў Беларусі, з вялікіх і малых гарадоў і з вёсак. Каб дзяўчат не перагружаць, мы працуем па прынцыпе акцый: абвясцілі, навязалі, сабралі-праверылі, перадалі ў бальніцы – адпачываем некалькі тыдняў ці месяцаў, потым усё з пачатку. А з “БэйбіСторы” мы знайшліся амаль цудоўна: ляжала з дачкой у бальніцы ў палаце з маці неданошанага дзіцятка, яна распавяла, што існуе нейкі форум такіх матуль, я пачала шукаць – і знайшла інтэрнэт-ініцыятыву Наталлі Міранчук. У мінулым мадэль, яна стала першай у Беларусі фатаграфаваць нованароджаных дзетак, да 10 дзён жыцця, стварыла для гэтага спецыяльную студыю, цяпер гэтаму вучыць. Усе фотаздымкі ў нашых роддамах – гэта яе работы ці яе каманды. Ёй часта трапляліся і неданошаныя дзеткі, і маці сталі звяртацца да яе са сваімі праблемамі і пытаннямі, так на базе студыі была створана арганізацыя для дапамогі неданошаным дзеткам і іх сем’ям (гл. сайт: premature.by). Вось да іх я і сунулася са сваімі “васьміножкамі” – а ў іх ужо выспявалі шкарпэткі!Толькі не было каму заняцца, непасрэдна вязаць. Праз тыдзень пасля нашай сустрэчы ўсё завярцелася…Да таго, амаль год перапісвалася з каардынатарам “васьміножак” на Украіне Аляксандрай Белясна (праект “Раненько”),цікавілася, а як у іх вырашаюцца пытанні з санстанцыямі ў роддамах (у іх, дарэчы, усё значна прасцей – не трэба столькі інстанцый праходзіць), у нейкі момант ад іх да нас прыехала куратар вязальных праектаў Дарына Шукевіч – беларуска, якая пэўны час жыла на Ўкраіне і там удзельнічала ў праекце “Цуда-васьміножкі”. Мы павязалі разам,абмяняліся досведам, разам праверылі “васьміножак” для першай перадачы ў Абласны роддом, і цяпер яна вядзе ў нас “васьміножную” тэму, а я – “шкарпэтачную”.
Як працуюць васьміножкі
- Дапамагаюць дзецям супакоіцца. Шчупальцы васьміножкі нагадваюць немаўлю пупавіну, побач з якой яно знаходзілася ва ўлонні маці. Трымаючы шчупальцы ў кулачку, дзіця адчувае абароненасць. Цацка ўспрымаецца малечай на ўзроўні інстынктаў і з’яўляецца важным дапаможнікам рэабілітацыі. Зацікаўлены шчупальцамі, дзіцёнак не спрабуе цягнуць і вырываць з сябе зонды з трубачкамі, якія забяспечваюць яго ежай і кіслародам, так неабходнымі неданошаным малым.
- Дабратворна ўплываюць на ўдасканаленне функцый нервовай сістэмы.
- Стымулююць псіхаэмацыйнае развіццё.
- З’яўляюцца падтрымкай для маці. Нарадзіўшы дзіця раней часу, жанчына часта занураецца ў свае перажыванні, а падораны валанцёрамі васьміножка дапаможа ёй адчуць сябе не адзінокай. Цацка выкліча ў яе ўсмешку і падзяку, нагадае, што ёсць людзі, не абыякавыя да яе сітуацыі, якія шчыра хочуць дапамагчы ёй і немаўлятку хутчэй апынуцца дома.
У нас ёсць сайт, некалькі адмысловых старонак у соцсетках. Трэба разумець, што ў Беларусі за год нараджаецца каля 5000 неданошаных дзяцей. Абласны роддом дае лічбу 1200 дзяцей з адмысловымі патрэбамі – з іх 800 неданошаных, а 500 з асаблівасцямі ў развіцці, і ім усім патрэбна адмысловае вядзенне, і тыя ж “васьміножкі” і шкарпэткі могуць дапамагчы. А калі гэта нашы дзеці, то і вязаць павінны нашы маці. Мэта ў нас глабальная – каб нашы ініцыятывы былі ва ўсіх гарадах. Ясна, гэта патрабуе часу, робіцца часта за кошт сваёй сям’і і працы. Тут дзякуй вялікі кіраўніцтву, якое дазваляе дадатковы раз памяняцца з калегамі і потым адпрацаваць. Дзякуй бацькам, якія дапамагаюць з дачушкай – гэта не заўжды атрымліваецца, мы з дачкой разам хадзілі і ў абласны роддом, і ў “сямёрку”, і з юрыстамі яна ў мяне сядзела, вывучала дакументы, нядаўна ёй споўнілася 4 гады…
— Колькі майстрых зараз удзельнічае ў вязанні “шкарпэтак для жыцця”?
— Цяжка палічыць, бо многія просяць, каб мы іх нідзе не называлі. Шмат дапамагаюць не толькі ў вязанні, а, напрыклад, у распрацоўцы і друку інфармацыйных улётак і флаераў. Некаторыя крамы дапамагаюць з ніткамі – робяць істотныя зніжкі і нават дораць. Мы гатовы дзячыць, чым можам, размяшчаць інфармацыю спонсараў на флаерах, але многія просяць захоўваць іх ананімнасць. Нашы сайты робяць валанцёры – маці, якія адгукаюцца, прытым часта гэта шматдзетныя сем’і, з асаблівымі дзеткамі, і тут мы, канечне, не можам прыспешваць, як не можам і адмовіць, маўляў, ідзі сям’ёй займайся, калі чалавек ужо знайшоў сілы і час, калі ў такой рабоце ў такога чалавека ёсць патрэба. Хто зразумее праблемы дзетак, як не маці? Хай нават і не родная. У сваіх праблемах мы адзіныя, а так хочацца быць адзінымі і ў радасці, каб дзеткі былі здаровыя. Так, нарадзілася дзіцятка кепска, да часу, але можна прыкласці намаганні ўсім разам, дапамагчы маці. Яна не будзе ведаць нас асабіста, але будзе ведаць, што ёсць не толькі медперсанал, але яшчэ і падтрымка людзей, якія таксама праз гэта прайшлі, якім не ўсё адно. Важна, каб у маці фарміраваўся пазітыўны настрой, на добрай хвалі і выздараўліваць лягчэй.
Усім светам
Socksforlife – міжнародная ініцыятыва, сусветная і круглагадовая кампанія па павышэнні дасведчанасці пра заўчасныя роды, скіраваная на паляпшэнне сітуацыі і стану неданошаных дзяцей і іх сямей, каманды па доглядзе за дзіцяці.
Інфармацыйная сацыяльна-дабрачынная ўстанова дапамогі дзецям і сем’ям “BabyStory” (Бэйбі Сторы) з’яўляецца сябрам велізарнай міжнароднай арганізацыі дапамогі неданошаным немаўляткам і іх бацькам – EFCNI.
Еўрапейскі фонд неданошаных нованароджаных дзяцей (EFCNI) – першая пан’еўрапейская арганізацыя, якая прадстаўляе інтарэсы неданошаных і нованароджаных дзяцей, а таксама іх сямей. Яна аб’ядноўвае бацькоў і мульцідысцыплінарных спецыялістаў сістэмы аховы здароўя з адзінай мэтай: паляпшаць доўгатэрміновыя паказчыкі здароўя нованароджаных немаўлят і дзяцей, народжаных ранэй тэрміну, забяспечваючы ім як мага лепшую прафілактыку, лячэнне, догляд і падтрымку (гл. cайт:www.EFCNI.org)
— Апрача вязальных майстар-класаў, вы яшчэ праводзіце акцыі са школьнікамі?
— Так, у мінскай школе №9 адна класная кіраўніца, маці, адгукнулася на нашу акцыю, спыталася, што могуць зрабіць пяцікласнікі. У класны час школьнікам паказвалі брашуры пра немаўлят, на адмысловую цацку-немаўлятка прымяралі шкарпэткі, дзеткі загарэліся – і вось, на папяровых “шкарпэтках” яны напісалі свае пажаданні неданошаным маляткам і іх маці. Гэта вельмі добрая праца на ўмацаванне сямейных каштоўнасцей. Цяпер не будзем усяго адкрываць, але ў гэтым кірунку, працы са школамі, мы таксама прыкладаем намаганні, і будзем спадзявацца, атрымаецца цікавы і маштабны праект.
— Яшчэ адна крыніца “вязальнай” дапамогі – царкоўныя прыходы?
— Калі нас запрасілі правесці майстар-клас у прыход Царквы Іісуса Хрыста Святых апошніх дзён, я троху напружылася, бо сама праваслаўная, а тут – пратэстанты. Але ў нас ва ўсіх нараджаюцца дзеткі, і дапамагаць трэба ўсім светам. Мяне здзівіла, як сур’ёзна там паставіліся да справы, як добра падрыхтаваліся: закупілі ўсе матэрыялы, вывучылі ўсю інфармацыю. Іх кіраўнік недзе ў Штатах ужо займаўся гэтай тэмай, адтуль і паўстала цікаўнасць да нас. На галоўным сайце праекта “Цуда-васьминожкі” (http://mynomadhome.com/the-octopus-for-a-preemie-project-a-list-of-countries-and-their-websites) ёсцьпералік краін-удзельніц, там указаны наш сайт і старонкі ў соцсетках – так яны на нас і выйшлі. Вельмі зручна яны падрыхтавалі зіп-пакункі з наборам для вязання васьміножак: 50 г нітак, 50 г напаўніцеля халафайбера (файбертэк), тамбур (кручок для вязання), панчошка, нітка з іголкай – карацей, усё патрэбнае. На сустрэчы было няшмат людзей, але арганізатары потым рассылалі інфармацыю з матэрыяламі, і васьміножкі ад іх ўсё яшчэ прыходзяць. Вельмі шмат неабыякавых і зацікаўленых людзей у Праваслаўнай Царкве, мы толькі пачынаем з імі працу, у тым ліку ў маім родным Брэсце, спадзяемся на водгук. Штогод праходзяць праваслаўныя злёты ў розных кутках Беларусі – нас запрасілі, можа, і там павяжам. Людзі адкрытыя, і гэта вельмі здорава.
Чым я магу дапамагчы?
- Звязаць шкарпэткі ці васьміножку для неданошаных немаўлят. Падрабязнасці, схемы, патрабаванні да нітак і да т.п. – на старонках праектаў у соцсетках: https://www.facebook.com/groups/1041870725914307/ і далей па спасылках ;
- Падараваць “Бэйбі Сторы” ніткі для вязання, кручкі і спіцы, што зручна зрабіць праз каардынатараў Алёну Каваленка (+ 375 29 728 29 19) і Дарыну Шукевіч (+375 29 398 79 53);
- Распавесці пра цёплыя праекты “Шкарпэткі для жыцця” і “Цуда-васьміножкі” сваім сябрам і знаёмым;
- Здзейсніць ахвяраванне памерам 2 рублі на адну пару шкарпэтак (падрабязнасці – на сайце “Бэйбі Сторы”).
— Першы майстар-клас па “Шкарпэтках для жыцця” адбыўся 11 мая 2017 г. на базе Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей, але далей палічыць усе акцыі і майстар-класы мне не ўдалося – так шмат іх было і за такі кароткі час, як паспяваеце ўсё арганізаваць?
— Адно чапляецца за іншае, на адным майстар-класе знаёмімся з людзьмі, яны запрашаюць яшчэ кудысьці, перадаюць інфармацыю далей… Вось зараз у Брэсце вязальная сустрэча будзе праходзіць ужо без нас – мы фізічна не паспяваем прыехаць, і надалей у іх запланаваны шэраг самастойных акцый, ужо ёсць свае каардынатары па Брэсце, мы падтрымліваем сувязь, каб разумець, што-як-калі вяжуць. Сілаў пакуль хапае, бо вельмі натхняе бачыць, як крок за крокам, паціхеньку нашы ідэі пачынаюць рэалізоўвацца. Так доўга было зацішша, пакуль ішла падрыхтоўчая праца і мы былі ў ціхім суме… Заўсёды, калі апаноўваў адчай, раптам штосьці здаралася, напрыклад, нейкая маці патэлефануе, што ёй патрэбны васьміножка, а праз два месяцы тая ж маці тэлефануе, што яны выпісаліся з бальніцы, што васьміножка спрацаваў, дзячыць – гэта вельмі падтрымлівае. Пачынаць новае вельмі страшна, усё не без перашкод, іх і зараз хапае, але вельмі цудоўна, што ідзе ўсебаковая падтрымка, і ад дзяржаўных структур, і ад грамадскіх арганізацый, і ад асобных сямей. Патрэбныя людзі знаходзяцца, дзверы адчыняюцца – мяркую, гэта значыць, што мы рухаемся ў правільным кірунку.
— Ваша першая партыя васьміножак была замоўлена Мінскім абласным роддомам, як складвалася супраца з ім?
— Нас вельмі ветліва сустрэў галоўны ўрач, Пётр Леанідавіч Масько, гэта было яго рашэнне – прыняць нас, быць зацікаўленым у нашай супрацы. Ён зладзіў нам цэлую экскурсію па комплексе, паказаў іх цудоўныя сцены – не шэрыя, а расфарбаваныя, з птушкамі, дрэвамі, сэрцайкамі, нейкія дзяўчаты лётаюць разам з дзецьмі, усё ярка і крэатыўна, пяшчотныя фотаздымкі Наталлі Міранчук. Паказаў, што ў іх выкарыстоўваецца музыкатэрапія, якая таксама дае свой станоўчы вынік. Усе такія нетрадыцыйныя сродкі дапаўняюць медыкаментознае лячэнне, працуюць у сукупнасці. У нас часта пытаюць, няўжо мы думаем, быццам наш васьміножка выратуе дзіця. Сам па сабе, канечне, не выратуе, але ў комплексе з іншымі сродкамі можа быць вельмі эфектыўны. Кампетэнцыя дактароў, любоў маці, трошкі дадатковага цяпла ад той майстрыхі, якая звязала шкарпэткі ці васьміножку – у сукупнасці ўсё дзейнічае.
Гутарыла Маргарыта АЛЯШКЕВІЧ