НДЛ прыкладных праблем біялогіі дзейнічае ўжо 15 гадоў.
Лабараторыя першыя гады праводзіла выпрабаванні сапраўднасці каньяку, вінаў і сокаў, а пасля перакваліфікавалася на працу з больш шырокім спектрам: тут пачалі рыхтаваць кадры вышэйшай кваліфікацыі, абараняць дыпломныя працы, весці актыўную даследчую дзейнасць. У 2014 г. НДЛ ўвайшла ў склад кафедры заалогіі, што пашырыла інтарэсы супрацоўнікаў лабараторыі, якіх на сёння 7 чалавек: тры кандыдаты навук, два навуковыя супрацоўнікі і два малодшыя навуковыя супрацоўнікі. Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Курчанкі яны праводзяць даследаванні па перспектыўных напрамках: распрацоўваюцца гіпаалергенныя прадукты, ствараюцца кампаненты прадуктаў функцыянальнага харчавання для спартсменаў, дзяцей, пажылых людзей, аналізуюцца якасць прадуктаў і напояў.
Функцыянальнае харчаванне набірае ўсё большую папулярнасць, бо ў адрозненне ад традыцыйных прадуктаў, функцыянальныя вырабляюцца з зададзенымі ўласцівасцямі. Напрыклад, харчаванне для спартсменаў змяшчае не бялкі, а іх гідралізат, які хутчэй засвойваецца, а значыць – хутчэй ідзе фізічнае аднаўленне пры інтэнсіўных нагрузках. Да таго ж такое харчаванне не выклікае алергічных рэакцый. У барацьбе з гэтай праблемай навукоўцы вядуць распрацоўку рэцэптур такіх харчовых прадуктаў і БАД, якія б дазволілі знізіць іх алергенны патэнцыял і ў той жа час павысіць устойлівасць самога арганізма чалавека. У НДЛ прыкладных праблем біялогіі была праведзена работа і абаронена кандыдацкая дысертацыя па распрацоўцы тэхналогіі атрымання гідралізату бялкоў малака для вытворчасці гіпаалергеннага дзіцячага і функцыянальнага харчавання і пры ўдзеле Шчучынскага масласырзавода былі выпушчаныя вопытныя партыі гіпаалергенных гідралізатаў.
Супрацоўнікі лабараторыі вядуць працу па вывучэнні аб’ектаў расліннага свету і іх біялагічна актыўных рэчываў. Напрыклад, даследавалі незвычайны фрукт мангустан, які з’яўляецца рэкардсменам па ўтрыманні ксантонаў – прыродных антыаксідантаў. Ксантонаў у прыродзе налічваецца ўсяго каля 230 відаў, у адным жа толькі плодзе мангустана іх знойдзена каля 43. Больш за ўсё гэтых карысных рэчываў змяшчаецца ў лупіне плода, але ўжываць яе ў сырым выглядзе разам з мякаццю – дрэнная ідэя проста таму, што смак у знешняй часткі плода вельмі даўкі. Таму супрацоўнікі лабараторыі плануюць распрацаваць тэхналогію атрымання з лупіны мангустана сокаў прамога адціскання.
Цікавасць для навукоўцаў таксама ўяўляюць рэзка-араматычныя расліны, паколькі ў іх выяўлена павышанае ўтрыманне другасных метабалітаў розных класаў. У НДЛ прыкладных праблем біялогіі, напрыклад, займаюцца вывучэннем куркумы, якая ўжо даўно выкарыстоўваецца ў якасці спецыі для розных страў.
Яна здольная абараняць арганізм чалавека ад уздзеяння шэрагу негатыўных фактараў і нават зніжаць рызыку ўзнікнення ракавых захворванняў. Аднак існуе праблема з яе біядаступнасцю – яна вельмі нізкая. Даследаванні на лабараторных жывёлах паказалі: колькі куркумы ні з’ясі – засвоіцца біялагічна актыўных рэчываў не больш за 1,5–2%. Таму супрацоўнікі лабараторыі вядуць работу па павышэнні біядаступнасці шляхам стварэння комплексаў з водараспушчальнымі малекуламі вугляводаў, арганізаваных у форме «тора» з поласцю ўнутры – цыкладэкстрынамі. Такім чынам, растваральнасць куркумы, як паказалі лабараторныя даследаванні, павысіцца да 3000–5000 раз. У планах НДЛ распрацаваць нанаструктураваную форму і ўключыць яе ў склад рэцэптур БАД, якія будуць выкарыстоўвацца як самастойна, так і ў складзе комплекснай тэрапіі, напрыклад, пры лячэнні хворых на анкалогію.
Шмат хто з нас ужывае купленыя сокаўтрымальныя прадукты, дзіцячае харчаванне на аснове ягад і пладоў ярка-чырвонага і ружовага колераў. Аднак некаторыя вытворцы, каб знізіць кошт канчатковага прадукту, выкарыстоўваюць не дарагую натуральную сыравіну, а сінтэтычныя фарбавальнікі, якія надаюць прыемны колер, з’яўляюцца больш стабільнымі, што дазваляе павялічваць тэрмін захоўвання. Аднак ужыванне такіх фарбавальнікаў можа негатыўна адбіцца на здароўі. У НДЛ стварылі тэсты, якія дазваляюць экспрэс-метадам праверыць, ці змяшчаецца ў напоі з пладоў і ягад чырвоных і ружовых колераў сінтэтычныя фарбавальнікі.
Таксама калектыў лабараторыі распрацаваў тэсты на вызначэнне выбуховых і наркатычных рэчываў, якія дазваляюць правесці папярэднюю экспертызу ўсяго за дзве-тры хвіліны. Гэтыя тэст-палоскі выкарыстоўваюцца работнікамі памежнай службы і мытні.
На дадзены момант у лабараторыі праводзяцца даследаванні па 11 праектах і некалькіх дагаворах. У тым ліку навукоўцы працуюць над вылучэннем поліцукрыдаў з ракападобных і членістаногіх: займаюцца праблемай атрымання з экзаскелета членістаногіх хітыну і хітазана, якія можна будзе выкарыстоўваць як структурныя кампаненты для вытворчасці розных плёнак, харчовых пакрыццяў. Напрыклад, можна будзе дадаткова пакрыць ўнутраную абалонку ў тэтрапаках, што дасць магчымасць забяспечыць бактэрыястатічны эфект і падоўжыць тэрміны захоўвання прадукцыі ў такой упакоўцы. Яшчэ адзін цікавы напрамак для далейшай працы — распрацоўка на аснове хітазана раназажыўляўчых пакрыццяў.
Валерыя БАНДАРЧЫК
Фота Васіля Кузьмічкіна
Відэа: