З Кітая з любоўю. Студэнтка БДУ распавядае пра сваю вучобу ў Паднябеснай

21 Jul, 2017.

У мінулым годзе ў студэнтаў Інстытута журналістыкі з’явілася магчымасць праходзіць гадавое навучанне ва ўніверсітэтах Кітая. Мы пагаварылі са студэнткай журфака Ірынай ДЗЕЙКАЛА, якая выкарыстала гэтую магчымасць і паехала на год у Хэнаньскі ўніверсітэт.

– Вучоба ў Кітаі складалася з наступных прадметаў: аўдзіраванне, іерогліфіка, гутарковая кітайская мова, а ў першым семестры яшчэ і напісанне. Усё  цалкам абапіралася на вывучэнне кітайскай мовы,  – распавядае дзяўчына. – Выкладчыкі і выкладанне падаліся мне больш лаяльнымі і мяккімі, чым у нас. Самі заняткі былі досыць кароткімі (з 8.30 раніцы да 12 дня), што абсалютна не адпавядала звыклым лекцыям да 3-4 гадзін дня ў родным універсітэце.

Дарэчы, у Кітаі сістэма адукацыі больш жорсткая, больш складаная і стражэйшая за нашу. Кітайскія студэнты вучацца з 6 раніцы і да самага вечара, маюць толькі адзін перапынак на абед. Хатняе заданне выконваюць у сценах школы. Рэпетытараў для паступлення ў ВНУ яны не наймаюць, таму што школа дае ўсе неабходныя веды і навыкі.

Умовы для жыцця цалкам добрыя: інтэрнат гатэльнага тыпу з пакоем на два чалавекі, дзе ёсць душ і туалет, але кухня на паверсе.

– Наогул, усё залежыць ад суседзяў. Мы жылі на паверсе з пакістанцамі, а яны, як аказалася, людзі не вельмі акуратныя, таму мне было не надта камфортна, – дзеліцца Ірына. – Калі ты прывык да чысціні і ўтульнасці, то будзе трохі цяжка.

Складанасці таксама заключаюцца ў тым, што амаль кожнаму студэнту цяжка прывыкнуць да ўсяго новага: горад, людзі, ежа, менталітэт, экалогія. Радуе тое, што да беларускіх студэнтаў ставяцца добразычліва.

Што тычыцца цяжкасцей у навучанні, то іх не было. Экзамены былі дастаткова лёгкія і нас асабліва не мучылі, – прызнаецца дзяўчына.

Вольны ад вучобы час беларускія студэнты праводзяць па-рознаму: экскурсіі, заняткі спортам, чытанне і іншае. Усё досыць стандартна: ад «марнавання часу» да самых актыўных заняткаў.

Я хадзіла ў трэнажорную залу, гуляла па горадзе і нашаму кампусу, апошні быў проста надзвычайны: шмат прыгожых раслін, кветак і дрэў. –  Успамінае студэнтка. – Часам у горадзе былі бруд і жудасныя пахі, а ў кампусе заўсёды можна было атрымаць асалоду ад свежага паветра.

Кітай – краіна будучага і калі вы мэтанакіраваны чалавек, які хоча вывучаць кітайскую мову, пабываць у іншай краіне, пазнаёміцца з новымі людзьмі, які не баіцца чагосьці новага і гатовы ўдасканальвацца, то Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт дае студэнтам выдатную магчымасць вучобы ў Кітаі. Пагадненні аб супрацоўніцтве глядзіце ТУТ і ТУТ

Кацярына КІРЫЕНКА

print

Вам таксама можа спадабацца: