Ад айсбергаў да сланечнікаў: 5 выстаў, якія гарантуюць летні настрой (+відэа)

1 Aug, 2017.

 

У чарадзе экзаменаў, практыкі і дрэннага надвор’я непрыкметна наступіў жнівень, пасля якога – зноў халодная цьмяная восень. Прапануем папоўніць недахоп цёплых сонечных дзён і адначасова далучыцца да прыгожага, азнаёміўшыся са спісам самых летніх выстаў Мінска.

Вінцэнт Ван Гог. “Зорная ноч” ( 1889 г.)

  1. «Вінцэнт Ван Гог. Мастак зорнага неба»

Калі нехта і ведаў, як з дапамогай колеру перадаць адчуванне захопленага імгнення, то гэта быў Вінцэнт Ван Гог. Цяпер пазнаёміцца з яго працамі можна і ў Мінску! Аднак не чакайце стандартнай выставы з заламі, строгімі назіральнікамі і сухімі фактамі. У Van Gogh House экспазіцыя ўяўляе сабой майстэрню мастака, дзе можна не толькі пазнаёміцца з вядомымі і не вельмі рэпрадукцыямі карцін, але і паглядзець дакументальны фільм пра майстра постімпрэсіянізму або проста пасядзець у зручных крэслах з кубачкам гарбаты, адпачываючы ад гарадской мітусні.

Дзе: Van Gogh House (вул. Зыбіцкая 9, другі паверх).

Час працы: да 1 кастрычніка.

Рэжым працы: ПН-НД: 12:00-22:00.

  1. «Марк Шагал: Колер любові» + «Плынь часу»

Наўрад ці знойдзецца чалавек, які б не ведаў, хто такі Марк Шагал і хоць некалькі яго карцін. Таму наведванне выставы «Марк Шагал: Колер любові» можна было б назваць адносна «прахадным мерапрыемствам», не вартым нашай увагі. Аднак арганізатары вырашылі адкрыць нам мастака з зусім іншага боку. Вы не знойдзеце тут знакамітых «лятучых людзей», але ўбачыце шматлікія літаграфіі, эскізы і ілюстрацыі да кніг, у якіх заключана такая ж вялікая колькасць любові да блізкіх, роднага Віцебска і другога дома – Францыі, якое ёсць у «маштабных калегах».

Акрамя экспазіцыі майстра мастацкага авангарду, адчуць прыгажосць беларускага краю можна на  выставе «Плынь часу», якая аб’яднае ў сабе працы мастакоў рознага пакалення, школы і поглядаў. Як вынік – вялікі і непаўторны дакументальны фільм з карцін, з дапамогай якога наведнікі могуць убачыць і ўявіць, як мяняліся, але пры гэтым заставаліся ўнікальнымі краявіды Беларусі.

Дзе: Нацыянальны мастацкі музей (вул Леніна 20).

Час працы: «Марк Шагал: Колер любові»: да 12 верасня.

«Плынь часу»: да 7 жніўня.

Рэжым працы: ПН-НД: 11:00-19:00.

Выстава «Рэха памяці» Уладзіміра Уродніча

  1. «Рэха памяці»

Наша жыццё – чарада сезонаў, што змяняюць адзін аднаго, людзей і лакацый, вобразы якіх захоўваюцца ў нас у памяці або фіксуюцца на шматлікіх фотаздымках.

Выстава «Рэха памяці» Уладзіміра Уродніча – гэта магчымасць паглядзець на своеасаблівы «памятны альбом» мастака, толькі замест фотакартак у ім – шматлікія палотны з фарбамі, ад чаго каштоўнасць работ толькі павялічваецца, а разам з ёй – давер да перададзеных праз пейзажы і партрэты пачуцці майстра.

Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага.

Час працы: да 6 жніўня.

Рэжым працы: ПН-НД: 11:00-19:00.

Фотавыстава “Incredible Iceland. Неверагодная Ісландыя”

   4.   Фотавыстава “Incredible Iceland. Неверагодная Ісландыя”

Што нам прыходзіць на розум, калі мы чуем «Ісландыя»? Часцей за ўсё – шмат снегу, айсбергі і гейзеры, якія б’юць з-пад зямлі ледзь ці не на кожным кроку. Аднак фатограф Юлія Некрашэвіч вырашыла разбурыць гэты міф і паказаць, што і на гэтым далёкім загадкавым востраве жыццё працякае ва ўсёй сваёй каляровай разнастайнасці, няхай і з мясцовымі асаблівасцямі. І яна знаходзіць яе не толькі ў звыклых пейзажах «ледзяной зямлі» (бо менавіта так даслоўна можна перавесці назву краіны), што, дарэчы, не заўсёды пакрытыя снегам, але і ў чорна-белых гарадскіх здымках, якія вылучаюцца сваёй гасціннай аўтэнтычнасцю.

Дзе: Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва (вул. Някрасава, 3).

Час працы: да 12 жніўня.

Режым працы: АЎТ: 11:00-19:00, СР: 13:00-21:00, ЧЦ–СБ: 11:00-19:00.

Ксенія АТРАШКЕВІЧ

print

Вам таксама можа спадабацца: