Беларускія спартсмены ў Каімбра: “ Мы выклаліся як маглі…”

4 Aug, 2017.

25 па 27 ліпеня ў партугальскім горадзе Каімбра прайшлі VIII студэнцкія гульні па каратэ. У спаборніцтвах прынялі ўдзел 222 спартсмены з 21 краіны, кожны з якіх адстойваў гонар свайго ўніверсітэта. За медалі таксама змагаліся спартсмены з Беларусі, якія прадставілі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры.

25 ліпеня прайшлі спаборніцтвы ў катэгорыях індывідуальнае і каманднае ката, у якіх вызначыліся фіналісты і ўдзельнікі паядынкаў за бронзавыя ўзнагароды. На жаль, на гэты раз беларускім спартсменам не ўдалося заваяваць медалі і дабрацца да пастамента. Вось вынікі першага дня спаборніцтваў, а таксама некаторыя каментары саміх удзельнікаў.

Дзмітрый АРХІПЕНКА ў першым коле сустрэўся са спартсменам з Партугаліі, аднак з-за траўмы пляча не змог працягнуць барацьбу за медаль.

Дзмітрый Архіпенка: «У асноўным рыхтаваліся да выступу ў камандным ката, разлічваючы на ​​першае месца. За пару дзён да выезду парваў звязкі. Знерваваўся, але што рабіць. У асабістым мужчынскім ката было шмат шанцаў стаць першым, катэгорыя падалася простай, аднак з-за траўмы прайграў у першым паядынку партугальцу. У камандным ката ў фінале сустрэліся нядрэнныя спартсмены. Не магу сказаць, чым бы скончыўся наш выступ, калі б мы прынялі ўдзел. У цэлым, уражанні ад турніру добрыя. Горад прыгожы».

Рэнат АРХІПЕНКА правёў чатыры сустрэчы: у баі-прывідзе з лікам 3:2 абыграў спартсмена з Іспаніі, у першым коле атрымаў перамогу над палякам Аляксандрам Карытоўскім (5:0), а ў другім коле саступіў будучаму фіналісту Вукоцічу з Чарнагорыі (1:4) . У суцяшальнай схватцы Рэнат саступіў турэцкаму катысту (0:5).

Рэнат Архіпенка: «Узровень турніру быў чаканы, бо я ўдзельнічаў у мінулым годзе ў Харватыі. З нагоды выступу: у асабістым ката думаў прайсці да паўфіналу, але ў трэцім коле прайграў спартсмену з Чарнагорыі. Калі б зрабіў, як на трэніровачных прагонах, то хутчэй за ўсё выйграў бы. Было непрыемна, што не змог, але асабліва не засмучаўся. З камандным ката было ўсё ясна загадзя, так што ўспрыняў пройгрыш нармальна. Выступ у камандным кумітэ быў нечаканым, аднак усё роўна быў рады выступіць. У першым паядынку трохі памыляўся – не вельмі задаволены сабой. У другім пачаў нядрэнна, але завёўся і пайшоў наперад, што было велізарнай памылкай. Думаў, што ў мужчынскім ката пераможа Фабіян са Славакіі, але прыехалі лепшыя хлопцы».

Глеб АЛЕКСІН ў паядынку-прывідзе быў мацнейшым за іспанца Альвара Торэса (3:2), пасля абыграў спартсмена з Польшчы (5:0). У другім коле прайграў турку Селману (0:5), які саступіў партугальцу і не змог прыцягнуць нашага спартоўца ў суцяшальны бой.

Глеб Алексін: «Партугалія – ​​незабыўная краіна! Гарачае надвор’е, гасцінныя жыхары і маленькая ўтульная Каімбра пакінулі самыя лепшыя ўражанні. З кожным годам еўрапейскія студэнцкія гульні становяцца ўсё больш сур’ёзнымі і адказнымі спаборніцтвамі. У Еўропе студэнты складаюць асноўны касцяк спартсменаў, таму, прыехаўшы сюды, сустракаеш шмат знаёмых, з якімі сустракаўся раней на іншых турнірах. З кожным годам узровень твайго майстэрства расце, але і супернікі не дрэмлюць. Ніколі не ведаеш, колькі суддзяў выберуць цябе на гэты раз. Калі выступаў раней, было прасцей: выступаць ад свайго імя заўсёды прасцей. Але ў Каімбры мы былі не проста “Глеб», «Паша» і «Мікіта» – мы выступалі за Беларусь. Усведамляючы груз адказнасці, выклаліся на поўную. Ніколі не забуду бой Пашы Кірыевіча пасля траўмы брата і жорсткі супраціў Антона Селязнёва найлепшаму спартсмену венгерскай зборнай. Магчыма, не ўсё атрымалася і чагосьці ледзь-ледзь не хапіла, але ж я ведаю: мы выклаліся як маглі. Сам сабе яшчэ скажу: настроіўся выдатна. Кацярына Мікалаеўна Лысенка заўсёды ўмела настроіць на патрэбны лад. Было трохі страшна перад выхадам на першы бой, аднак ведаў: усё атрымаецца. Перамога! Разагрэўся. Далей было прасцей. Зноў перамога! Трэці бой прайграў спартсмену з Турцыі: ён зрабіў ката лепш за мяне. Гэта была добрая магчымасць выйсці ў паўфінал. Магчыма, я прайграў той паядынак, але цяпер усё роўна, таму што спартсмен заўсёды знаходзіцца ў руху. Прайграў? Нічога! Далей будзе новы бой, а за ім – і новая перамога!».

Антон СЕЛЯЗНЁЎ у першым коле атрымаў перамогу над спартсменам з Германіі (5:0). У другім саступіў іспанцу Фернанда Пінанга (0:5). Каментаваць свой выступ адмовіўся.У фінале ў катэгорыі ката сустрэліся Антоніа Гарсія (Іспанія) і Андрэ Війера (Партугалія). Іспанец атрымаў перамогу з лікам 5:0.Бронзавымі прызёрамі сталі Петэр Фабіян (Славакія) і Джорджу Срджэвіч (Чарнагорыя).

У сераду 26 ліпеня прайшлі спаборніцтвы ў катэгорыях індывідуальнае і каманднае кумітэ. Нашу краіну прадставілі спартсмены Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Трафімовіч у катэгорыі індывідуальнае кумітэ звыш 84 кг, а таксама з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізычнай культуры – Павел Кірыевіч (катэгорыя індывідуальнае кумітэ да 75 кг) і Мікіта Кірыевіч (катэгорыя да 84 кг). Вынікі другога дня: Мікіта Кірыевіч прайграў у паядынку-прывідзе Марыюшу з Польшчы з лікам 6:0. Усяго было 24 чалавекі. Пазмагацца за бронзу Мікіту не ўдалося, бо паляк ня здолеў дабрацца да фіналу, прайграўшы спартсмену з Вялікабрытаніі. У катэгорыі да 84 кг чэмпіёнам стаў Элвін Карака (Рэспубліка Косава).

Павел КІРЫЕВІЧ заняў пятае месца ў мужчынскім кумітэ да 75 кг. Каб трапіць у асноўную сетку, яму давялося правесці бой са спартсменам з Турцыі. Павел абыграў Атабі з лікам 3:2. У першым паядынку змагаўся з Вуёвічам з Чарнагорыі (2: 0). Пасля цяжкай сутычкі з Максімам Леклерам з Францыі (1: 1 – Паша выйграў па сеншу, узяўшы першы бал) Кірыевіч сустрэўся ў паўфінале з партугальцам Радрыга Маседа, якому прайграў па ханты (0:0). На жаль, узяць бронзу ў паядынку з венгерцам Пашу не ўдалося: прайграў з лікам 1:2.

У адрозненне ад іншых беларускіх спартсменаў, у мужчынскім кумітэ звыш 84 кг, дзе выступаў Аляксандр Трафімовіч, сетка склалася больш удала: баёў-прывідаў не было. У першым паядынку ён абыграў партугальца з лікам 5:3. Далей правёў сустрэчу з Любішам з Чарнагорыі і саступіў па ханты (0:0). Аляксандр Трафімовіч размясціўся на сёмым радку, прайграўшы спартсмену з Турцыі.

Аляксандр ТРАФІМОВІЧ: «Ехаў як мінімум па медаль: разумеў, што трэба адстойваць гонар універсітэта і краіны. Хацеў заваяваць медаль любой цаной. Доўга і ўпарта рыхтаваўся. Напрацоўваў усё: сілу, фізічныя якасці, хуткасць, цягавітасць, тэхніку, пачуццё дыстанцыі і партнёра. Вынікам не задаволены: медаль не ўзяў.Чаму? Дзесьці адбіўся недахоп вопыту, дзесьці сам не дапрацаваў.

У камандным кумітэ спартыўны дух кожнага з нас і прага перамог завалодалі намі, і мы двойчы былі ў адным кроку ад медаля. Выклаліся як маглі, аддалі ўсё, што ў нас было. Выступілі годна, аднак не хапіла адной кроплі. Лічу, што атрымаў каласальны вопыт ад выступу: правёў шэсць паядынкаў з хлопцамі з розных краін. Такую колькасць баёў з моцнымі спартсменамі цяжка набраць у прынцыпе, а я атрымаў гэта ўсё з адных спаборніцтваў. Вызначыў ключавыя моманты, над якімі трэба працаваць. Буду далей трэніравацца і дасягаць новых перамог».

У катэгорыі каманднае кумітэ беларускія спартсмены заваявалі пятае месца, прайграўшы зборнай Турцыі.

У агульнакамандным заліку на еўрапейскіх гульнях сярод студэнтаў першае месца заняла гаспадыня турніру – Партугалія (12 медалёў), другое – Турцыя (12 медалёў), трэцяе – Македонія (3 медалі: 2 залатыя і серабро).

Яўгенія НАВІЧЭНКА

print

Вам таксама можа спадабацца: