Тэзіс 1.Вы чулі пра “Мінскую ініцыятыву”?
Для тых, хто не ведае, падкажам, што нарадзілася яна ў культурнай прасторы СНД у мінулым годзе ў Сілічах. Збірае, як правіла,маладых пісьменнікаў Беларусі, Малдовы, Украіны і Расіі (далучацца могуць і прадстаўнікі іншых краін). Арганізуе некамерцыйны Фондсацыяльна-эканамічныхі інтэлектуальных праграм (Фонд СЭІП) пры падтрымцы Федэральнага агенцтва друку і масавых камунікацый пры ўдзеле Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД. “Гасціннасць, мяккасць, дабрыня, гатоўнасць даць табе прытулак – ці ты чужы, ці ты радня” (Н. Гілевіч) беларусаў добра вядомыя, і форум у Мінску прайшоў, што называецца, “на ўра”. Сёлета, у разгар лета (для беларусаў, расіян, украінцаў – халоднага, а для гаспадароў – усамы прыпар цяпла), Фонд СЭІП праводзіў такі міжнародны фестываль ужо ў сталіцы Малдовы Кішынёве. Сустрэча атрымала самую што ні ёсць прэтэнцыёзную назву “Час вялікіх спадзяванняў”. Фестываль – гэта фэст, феерыя, карнавал, назва больш адпавядае таму, што гэта іскрыстае свята, якое выпраменьвае святло, нястрымнае выкрасанне весялосці, радасці сяброўскіх сустрэч і…кахання. Так яно і адбывалася. Але нашмат цікавей даведацца, як праходзілі “гарачыя будні” маладых паэтаў на форуме, як выглядае маладая літаратурная змена Беларусі на фоне іншых творчых дэсантаў з Расіі, Малдовы, Украіны. Ці можам мы ганарыцца маладымі талентамі нашай амбітнай і таксама яшчэ вельмі маладой і не менш амбітнай Беларусі? Скажам адразу: можам і абавязаны. Краіна павінна ведаць сваіх герояў. Нездарма амаль усе тыя маладыя творцы незадоўга да гэтага былі прыняты ў ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. З такім папаўненнем можна толькі павіншаваць творчы саюз.
У кагорту маладых творцаў уваходзіць нямала ўніверсітэцкіх творцаў, традыцыі літаратурнага руху тут славіліся здаўна. У 1923 годзе Янка Купала новы верш “Арлянятам” упершыню прачытаў студэнтам БДУ (“Гэй, узвейце сваім крыллем, арляняты буйна, бурна…”). Якуб Колас на сустрэчы са студэнтамі БДУ 15 лістапада 1952 года ўпершыню агучыў вядомае пасланне “Сябрам -студэнтам”, надрукаванае ў газеце “Беларускі ўніверсітэт”, пра тры творчыя дары маладосці, пра адкрытыя насцеж шляхі-дарогі ў жыццё. Выходзілі альманахі, зборнікі паэзіі студэнтаў універсітэта: “Падарунак”-1958г.; “Вясновыя усходы” – 1951 г.; “Узлёт” – 1965 г.; “Натхненне” – 1967 г.; “Універсітэт паэтычны” – 1971 г.; “Вёсны” – 1977 г.; “Вусны” – 1985 г. З’яўляліся шматлікія кнігі, напрыклад, “Універсітэцкі гарадок” Міколы Аўрамчыка (1967).
Традыцыі жывуць. Працуе клуб творчай моладзі “Клумба” пры фундаментальнай бібліятэцы БДУ. У апошні час прыняты ў “Саюз пісьменнікаў Беларусі” паэты з БДУ Маргарыта Латышкевіч, Кацярына Роўда, Таццяна Купрыянец. Першыя рэцэнзіі на творы паэткі з’явіліся ў “ЛіМе”. (Гл. У. Навумовіч “Верш, народжаны памяццю”). Таццяна Купрыянец і Маргарыта Латышкевіч былі ўключаны ад БДУ ў склад удзельнікаў фестывалю гэтым летам у Кішынёве ў Малдове. Дарэчы, Кацярына Роўда з кнігай паэзіі “Водар белага наліву” (гл. рэцэнзію У. Навумовіча ў “ЛіМе”–“Мовай вербаў і бяроз”), а таксама Маргарыта Латышкевіч з кнігай “Яблыкі” прадстаўлены ў намінацыі “Дэбют” на Нацыянальную літаратурную прэмію ў 2017 годзе, што будзе ўручацца ў Полацку на Дні беларускага пісьменства трэцяга верасня.
Тэзіс 2. Пра каманду. Пара выйсці з ценю
Так кажуць на Захадзе. На Усходзе (вуснамі найперш Мікіты Міхалкова) –сціпласць – прамы шлях у невядомасць. У Беларусі кажуць, што гэта за хлопец ці дзяўчына, якіх трэба паказваць, трэба, каб пыталіся: “Чый гэта,чыя гэта – такія ўдалыя?” Маладая каманда падабралася сапраўды ўдала. Кожныз удзельнікаў мог прасаліраваць, калі была для гэтага нагода, у песнях,а таксама ў чытанні вершаў“узяць агонь на сябе”, а разам трымаць у напружанні і цікавасці ўвесь той бамонд садружнасці не адну гадзіну напружанай творчай працы днём на “майстар-класах”, у дыскусіях, на творчых сустрэчах і “круглых сталах”, а на сыходзе дня дык не адзін вечар і нават не адну цёплую малдаўскую ноч выконваючы беларускія народныя ды ўласныя вершы і бардаўскія песні, калі ў свой пансіянат “Дача Марыя”, за 20 км ад сталіцы дзяржавы Кішынёва сонца “на плячах” “прыносілі “юныя пііты”.
Беларуская дэлегацыя была заўважная ва ўсім: у песнях, у вершах і ў культурнай праграме. Тут і эпатажны каскадны акцёр, рэжысёр, паэт і празаік з пачаткоўцаў Дзмітрый Юртаеў, які, калі ўжо чытаў беларускія вершы на публіку, дык толькі з-пад самай столі, стоячы на двух крэслах ці на лесвіцы; лагодная і аналітычна настроеная, творча актыўная ў вершаскладанні і перакладах на беларускую мову (яе “Чакай” – пераклад верша К. Сіманава“Жди меня” зачараваў здарожаных пілігрымаў !?), аўтарка са сваім голасам, як у птушкі, душэўная і адкрытая, з самай “з глыбінкі”, супрацоўніца раённай газеты “Міёрскія навіны” Алёна Басікірская; паэтка са сваім “цвятаеўскім” позіркам на навакольную рэчаіснасць, мроістая і таямнічая, амбіцыйная Люда Клачко, дарэчы, выхаванка Мінскага тэхналагічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “рэдакцыйна-выдавецкая дзейнасць”, дзе кадры рыхтуе вядомы арганізатар алімпіяд па беларускай мове У. І.Куліковіч (вось ужо дзе сапраўды “настаўнік, падрыхтуй вучня!”).
У пісьменніцкую дэлегацыю ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” ўваходзіла лаўрэатка прэстыжных прэмій, конкурсаў у Брэсце, Маскве, Мінску выпускніца БДУ, фізік-радыёлаг Таццяна Купрыянец. Паэтку і празаіка Яну Явіч не трэба прадстаўляць асобна, варта сказаць, што той, хто чытае штотыднёвік-газету творчай інтэлігенцыі Беларусі “Літаратура і мастацтва”, ледзь не ў кожным нумары знойдзе яе зацемкі, рэпартажы, допісы пра літаратурнае жыццё краіны. І, несумненна, варта падкрэсліць удзел Ганны Чумаковай з Віцебска, якая прыехала на форум, як і належыць выканаўцы ўласных беларускамоўных бардаўскіх песень, з гітарай ды яшчэ з рознымі прыбамбасамі, гучным барабанам і незвычайнай, струменістай з пералівамі і шалясценнем трубой (усё гэтае начынне файна і гожа мацавалася за спінай у паэткі, аніколечкі не замінала ў вандроўцы і нават не выклікала пярэчання пры чатырохразовым перасячэнні дзяржаўных межаў; дарэчы, дарога цягніком займала наўпрост ні мала ні многа 25 гадзін).
Да выдатных вынікаў працы арганізатараў можна аднесці, што на 40-старонкавай фестывальнай праграме выдадзены біяграфіі аўтараў, іх творчыя набыткі, дасканала рэгламентавана штодзённая праца семінараў па прозе, паэзіі, чыя творчасцьу які дзень і час абмяркоўваецца, у каго пастаўлены творчыя сустрэчы і хто на якой дыскусіі выступае мадэратарам і ўдзельнікам. Праграма выконвалася строга і паслядоўна. Надзвычай цікавым было наведванне сядзібы памешчыка Ралі ў сяле Долна, дзе гасцяваў калісьці А. С. Пушкін, у выніку чаго і з’явілася паэма “Цыганы”. Шмат артэфактаў даўніны змяшчае і музей паэта, за сотню кіламетраў ад Кішынёва.
Тэзіс 3. Каб ведаць, што робіцца ўтваім сяле, трэбапабываць усуседнім
Цяпер пра тое, што было на самім семінары. Майстар-класы па паэзіі атрымаліся надзвычай“забойчымі”, літаральна часам каменя на каменіне пакідалі кіраўнікі (ды і ўдзельнікі ад іх не адставалі!) ад паэтычных экзерсісаў маладых і нават прызнаных “геніяў”. Скажам, наваяўлены пііт зямлі рускай з маскоўскай дэлегацыі (будзем далікатнымі і не назавём імя) залы збірае, калі пад гітару свае вершы выконвае, прыхільнікі “да столі” ўзлазяць адзін другому на плечы,каб паслухаць, з балконаў слухачы, як гронкі вінаграда,звешваюцца,а пры дэталёвым разборы з аб’ектыўным падыходам па-тынянаўску як тэарэтыка верша творы “рассыпаюцца”, неўражваюць, не пакідаюць значнага следу ў душы, што яшчэ найгорш, грашаць“агрэхамі” ў тэхніцы вершаскладання. Пытанням паэтыкі верша і паэтычнага выказвання, праблемам, якія знаходзяцца ў міждысцыплінарных сферах літаратуразнаўства і лінгвістыкі, надавалася асаблівая ўвага. Кожны такі майстар-клас спрыяў узбагачэнню паэтычнай культуры, засваенню канкрэтных пытанняў слоўнага мастацтва; аналіз адметнасцяў канкрэтнага верша івыкарыстання вобразна-выяўленчай палітры аўтарам, свежасці і навізны зместу, выяўленых творцамі, мелі тут пры канкрэтным падыходзе асаблівае значэнне.
Беларускія паэты ў “гарачым цэху”зарэкамендавалі сябе гожа і адметна. Мажліва, нават за кошт таго, што амаль кожны з іх прадставіў на“высокі суд”свае творы на роднай беларускай мове. Прапаную тут пераклад з рускай мовы Алёны Басікірскай згаданага вышэй верша Канстанціна Сіманава “Жди меня”. Такіх перакладаў у Алёны Басікірскай набіраецца ўжо на добрую кніжку. Як не пахваліць за такую “скібіну” плённай працы адоранай ад прыроды і карпатлівай творцы, якая да ўсяго штодня тысячамі знакаў абавязана “адзначацца” ў раёнцы, газеце, якую, як і любую іншую, нездарма называюць секунднай стрэлкай гісторыі краю, народа, раёна,а тут яшчэ і тую, што ідзе “пад кожную страху ”ў вёсцы і чытаецца з адметнай увагай і клопатам сваімі ж сялянамі з асаблівым досведам.
Заслугоўвае асаблівай увагі выданне Ханны Чумаковай “БлокNot.интим”. Кніжка выйшла ў 2017 годзе, што называецца, з полымя, з жару, дзе пачуцці, думкі, эмоцыі, меркаванні, музыка ў галаве паэткі ставяць на мэце сцерці хоць якую б там ні было мяжу (і без таго даволі ілюзорную) паміж чытачом і пісьменнікам, творцам і створаным ім тэкстам, “ператварыць прамую ў прамень”, шматкроп’е ў кропку, каб зноўку стаць эмоцыяй мастака, які ў “кожным радку дыхае ва ўнісон” са сваім чытачом.
Вартасна прадставілі сваю творчасць Люда Клачко, у якой знайшлося шмат сяброў у творчым інтэрнацыянальным асяроддзі, Таццяна Купрыянец, інжынер-фізік.
Майстар-клас паэзіі вялі паэты Марыя Ватуціна, Уладзімір Кадэнка, Андрэй Каровін, Алеся Рудзягіна.
Тэзіс 4. Нельга выцягваць усходы рукой, каб яны хутчэй раслі
Майстар-клас прозы праходзілі меней драматычна і займалі больш часу. Знаёмства з мастацкімі творамі (эсэ, апавяданні, аповесці, раманы ці ўрыўкі з іх, творы для дзяцей) дасылаліся па электроннай пошце загадзя, таму і разгляд іх адбываўся больш падрабязны і грунтоўны. Тон тут задавалі Новікаў Уладзімір Іванавіч, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі і публіцыстыкі факультэта журналістыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. Ламаносава, Новікава Вольга Ільінічна, празаік, намеснік загадчыка аддзела прозы часопіса “Новый мир”, Андрэй Дзмітрыеў, да іх далучаўся і аўтар гэтых радкоў. Ад беларускай дэлегацыі разглядалася неардынарная “рубленая” проза Дзмітрыя Юртаева, другая частка кнігі для дзяцей Яны Явіч “Уцёна хоча ведаць”, а таксама проза калег па пяру, урыўкі з рамана “маладога класіка” Максіма Маткоўскага (Украіна), апавяданні цікавага і няўрымслівага, гарачлівага дваццацігадовага студэнта з Украіны Сяргея Савіна, сцэнарыста, кінадраматурга Жэні Дзекінай з Масквы,Таццяны Арловай-Валошынай з Кішынёва, літаратурнага крытыка рэдактара-райтара Уладзіміра Каркунова, проза Леры Чабатаровай, рэжысёра і актрысы. Былі і іншыя прэтэндэнты на вядомасць.Талстой гаварыў, што калі ён апускае пяро ў чарніліцу, выцягвае адтуль кавалачак уласнага сэрца, “кропельку ўласнай крыві”. Такое патрабаванне ў прозе і паэзіі было і на семінары.
Тэзіс 5. Ці можна вывучыцца на пісьменніка?
Што могуць дадаць да таленту тыя тры-чатыры дні літаратурнай вучобы? Калі нам хочацца назваць прафесіяй занятак літаратурай, дык неабходна дадаць, што гэта такая прафесія, якую не мы выбіраем, а якая сама нас выбірае. Пішуць тады, калі не могуць не пісаць. У нашы дні да сапраўднага таленту мы даўно перасталі ставіцца як да самародка, самароднага золата. Варта перагледзець нашы падыходы да таленавітай і па-сапраўднаму адоранай літаратурнай моладзі. Мудры Прышвін калісьці на сустрэчы са студэнтамі Літінстытута ў Маскве выказваў думку пра мастацтва як самаадчуванне, як стан душы, як будзённыя паводзіны: не ў тэатры, не на вуліцы, не сярод гасцей, а ў тваім ўласным жыцці.Калі ты вырашыў займацца літаратурай не толькі ў часы адпачынку, калі гэта для цябе не простае баўленне часу, рабі ўсё мажлівае,каб яна была для цябе не проста прыгожым заняткам, рабі біяграфію, жыві адным жыццём са сваімі героямі, будзь не назіральнікам падзей, а іх непасрэдным удзельнікам.
Каб не апынуцца на ўзбочыне, а ў гушчы жыцця.