Шаснаццаць першакурснікаў і дваццаць валанцёраў – будучых гісторыкаў БДУ – прынялі ўдзел у археалагічных раскопках у Шумілінскім раёне (Віцебская вобласць).
Тры мужчынскія ўпрыгажэнні вікінгаў, якія атрымалі назву «молаты Тора», адносяцца да IX-X стагоддзяў нашай эры. Такія амулеты належалі родавым воінам-вікінгам, бо зроблены яны не з дарагога металу, а з жалеза. З навуковага пункта гледжання, гэтыя знаходкі пацвярджаюць гіпотэзу навукоўцаў, што нарманы, або варагі (як яшчэ называлі вікінгаў ва Усходняй Еўропе), у Шумілінскім раёне мелі сваё пастаяннае паселішча. Адзначым, археалагічныя раскопкі ў гэтым комплексе вядуцца параўнальна нядаўна. Пасля таго, як на сайтах інтэрнэт-аўкцыёнаў «чорнымі капальнікамі» былі выстаўленыя рарытэтныя экспанаты раннесярэднявечча з гэтага раёна.
Знойдзеныя за апошнія два гады метралагічныя, нумізматычныя і рэчавыя экспанаты паказваюць на шырокі дыяпазон гандлёва-эканамічных сувязяў нашых продкаў рэгіёну Падзвіння: ад скандынаўскіх краін да Візантыі і Блізкага Усходу. Гаворка ідзе пра знаходкі, якія найбольш поўна характарызуюць матэрыяльную культуру эпохі вікінгаў, звязаную ў першую чаргу з рамяством і гандлем на тэрыторыі сучаснага комплексу Кардон – манеты, прадметы побыту і зброі.
Што прывяло іх на беларускія землі? Кіраўнік археалагічнай практыкі гістфака БДУ Віталь Сідаровіч адзначае, што менавіта гандаль. Язычнікаў, якія жылі на тэрыторыі сучасных Швецыі, Даніі і Нарвегіі, штурхала за межы родных краін не толькі «пірацкая цікавасць», а яшчэ перанасяленне, як вынік – эпідэміі і голад. Акрамя таго, супрацоўнік гістарычнага факультэта БДУ падкрэсліў: «У нашай краіне яшчэ не сустракалі цалкам захаваных «молатаў Тора».
Як высветлілася, такімі моднымі для таго часу атрыбутамі вікінгі супрацьпастаўлялі сябе хрысціянам.
На думку спецыялістаў, археолагам у найбліжэйшыя 100-150 гадоў на месцы гэтага паселішча працы хопіць.
Экспедыцыя ў гэты раён была арганізавана ў другі раз Інстытутам гісторыі НАН Беларусі. Археалагічны помнік «эпохі вікінгаў» – комплекс Кардон – увайшоў у топ-10 Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за 2016 год і прэтэндуе на статус гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднай першай катэгорыі. Сёлета ў археалагічных пошуках прынялі ўдзел больш за 115 чалавек. Сярод іх, акрамя студэнтаў БДУ, практыканты гістарычных факультэтаў Полацкага дзяржаўнага і Віцебскага ўніверсітэта імя Машэрава.
Жанна ВАСАНСКАЯ