Выяўлены новы від пахаванняў крывічоў канца I–пачатку II тысячагоддзяў нашай эры

14 Aug, 2017.

Адкрыццё зрабілі студэнты гістарычнага факультэта, Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А. Д. Сахарава і Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а таксама валанцёры Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры падчас чатырохтыднёвых археалагічных раскопак каля вёскі Наўры Мядзельскага раёна Мінскай вобласці .
 
Удзельнікі экспедыцыі абследавалі чатыры археалагічныя аб’екты агульнай плошчай 460 квадратных метраў. Асноўная задача складалася ў вывучэнні курганнага магільніка ў Наўрах. Адзначым, што даследаванне дадзенага археалагічнага аб’екта вядзецца яшчэ з канца ХIХ стагоддзя. Вынікі папярэдніх раскопак дазволілі ідэнтыфікаваць яго як некропаль крывічоў ХI–першай паловы ХII стагоддзя, які размяшчаўмя на заходнім памежжы Полацкай зямлі.
Новы сезон раскопак прывёў да нечаканых вынікаў. Падчас даследаванняў быў упершыню выяўлены нехарактэрны для канца I–пачатку II тысячагоддзяў нашай эры від пахаванняў.
 
Кіраўнік экспедыцыі выкладчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін гістарычнага факультэта БДУ Уладзімір Плавінскі адзначае: “Раней пры даследаванні пахаванняў крывічоў-палачан былі вядомыя толькі тыя, якія здзяйсняліся па абрадзе крэмацыі. Аднак падчас летняй экспедыцыі былі ўпершыню выяўлены пахаванні, якія адрозніваюцца ад тыповых для таго часу”.
Археолагі мяркуюць, што парэшткі крэміраваных, якія суправаджаліся іх атрыбутыкай і пахавальным інвентаром, змяшчаліся ў драўляныя ці берасцяныя канструкцыі.
Адзначым, што адным з кіраўнікоў экспедыцыі таксама выступіў загадчык кафедры філасофіі, сацыялогіі і эканомікі МДЭІ імя А. Д. Сахарава Мікалай Плавінскі.
 
Паводле інфармацыіі прэс-службы БДУ
print

Вам таксама можа спадабацца: