«Прыцягні! Падтрымай! Натхні!». БДУ далучыўся да Вялікай хартыі ўніверсітэтаў (+відэа)

21 Sep, 2017.

Цырымонія падпісання адбылася ў рамках міжнароднай канферэнцыі «Універсітэцкія каштоўнасці для сённяшняга дня: цэнтральна-еўрапейскія перспектывы і праблемы», якая завяршылася 31 жніўня ў Печскім універсітэце (Венгрыя).

БДУ прадставіў прарэктар па выхаваўчай і вучэбнай рабоце Уладзімір СУВОРАЎ. У цырымоніі таксама прынялі ўдзел віцэ-прэзідэнт Вялікай хартыі ўніверсітэтаў Агнета Блат, рэктар Балонскага ўніверсітэта Франчэска Уберціні, рэктар Печскага ўніверсітэта Ёзэф Бодзіс.

Далучэнне БДУ да хартыі паспрыяе рэа­лізацыі прынцыпаў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, аптымізуе працэс інтэ­грацыі ўніверсітэта ў міжнародную адукацыйную сістэму. Хартыю ў гэты ж дзень падпісалі 11 ВНУ, у ліку якіх Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны.
Па словах Уладзіміра Суворава, працэдура далучэння да Вялікай хартыі ўніверсі­тэ­таў была ініцыявана БДУ яшчэ ў 2011 годзе. 4 верасня 2015 года прыйшоў ліст з пацвярджэннем, што Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт прыняты ў лік падпісантаў (signatory) Вялікай хартыі, а таксама запрашэнне для рэктара прыняць удзел у афіцыйнай пра­цэдуры падпісання ў кастрычніку 2016 года   ў Бразіліі. Аднак летась візіт не адбыўся, у тым ліку з прычыны геаграфічнай аддале­насці месца правядзення.
Уладзімір Васільевіч распавёў, што на ўрачыстае мерапрыемства ва ўніверсітэт г. Печ, які ў гэтыя дні адзначаў сваё 650-годдзе, з’ехаліся ўсе рэктары Венгрыі, а таксама госці з больш як 35 краін.
30–31 жніўня адбыліся дзве знакавыя падзеі: падпісанне новымі ўніверсітэтамі Magna Charta Universitatum Europearum і канферэнцыя University Values for Today: Central European Perspectives and Challenges. Падпісанне праходзіла ва ўрачыстай ат­масферы, у прысутнасці Савета Печскага ўні­­версітэта і ганаровых гасцей. Першы подпіс падчас працэдуры было даверана паставіць Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту.

На наступны дзень адбылася канферэнцыя на тэму ўніверсітэцкіх каштоўнасцяў для сённяшняга дня. Усе даклады, якія рабілі вядомыя навукоўцы, былі вельмі цікавыя. У прыватнасці, казалі пра тое, што адукацыя павінна нагадваць працу дырыжора з палаца, чым саліраванне аднаго артыста, пра тое, што павінна быць менш «me, me, me» тэхналогій, а больш «we, we, we» тэхналогій, пра праблемы і місіі ўніверсітэтаў у сучасных грамадствах.

Найбольш запомнілася Уладзіміру Васіль­евічу выказванне аднаго з лектараў, які так ахарактарызаваў задачу выкладчыка: «Engage! Support! Inspire!» – што прыкладна азначае: «Прыцягні! Падтрымай! Натхні!»
– Нярэдка выкладчыкі лічаць, што прыцягнулі студэнта і той абавязаны вучыцца, а больш важна ў адукацыйным працэсе падтрымаць і натхніць. Уменне памятаць і пры­трымлівацца гэтых трох прынцыпаў у педагагічнай практыцы, на маю думку, і характарызуе прафесійную кампетэнцыю педа­гога, – адзначыў прарэктар БДУ.

У адным з карпусоў універсітэта я сфатаграфаваў плакат: «Перад тым, як памру…Напішы сваю мару». Што б ты хацеў зрабіць  у жыцці? Кожны на гэта пытанне адказвае па-свойму. Як мне здаецца, тут важныя не столькі адказы, колькі заклік, размешчаны  на стэн­дзе ўнізе і дробнымі літарамі: «Мара вялікая, пачатак заўсёды маленькі, але самае важнае пачаць адразу зараз!».
Простыя зразумелыя фразы, якія суправаджаюць студэнтаў. Гэта можа быць малень­кі лісточак, прылеплены на сценцы: «Калі ты расплюшчыш вочы і прыгледзішся, інтарэс знойдзе цябе».

Па словах Уладзіміра Васільевіча, у Magna Charta Universitatum Europearum зроблена спроба апісаць місію ўніверсітэтаў у сучас­ным грамадстве як цэнтраў фарміравання і перадачы ведаў і культурных каштоўнасцяў, сфармуляваны прынцыпы, якія пры чытанні ствараюць эмоцыю, неабходную творчаму чалавеку. Дадзены дакумент стаў нагодай для таго, каб штогод збірацца на канферэнцыі, абмяркоўваць прасоўванне па абраным шляху, праблемы, цяжкасці, абменьвацца разуменнем сучаснай сітуацыі, што вельмі важна для такой далікатнай справы, як аду­кацыя. Гэта вельмі важная прылада, якая дапамагае ўніверсітэтам кансалідавацца, аб’­ядноўваць высілкі і ў навуковых пошуках, і ў культурных, усталёўваць сувязі, структураваць кантакты. Мы далучаемся да агульнаеўрапейскай тэндэнцыі адкрыта абмяркоўваць праблемы, якія ўзнікаюць у адукацыйным працэсе, у кіраванні адукацыяй, у працы са студэнтамі, усе аспекты дзейнасці ўніверсітэтаў і іх ролю ў фарміраванні дзяржаў і грамадства.
– Уладзімір Васільевіч, дзякуй за цікавы аповед. Што б Вы хацелі пажадаць свайму ўніверсітэту?
– Падчас візіту я пераканаўся, што Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт знаходзіцца ў трэндзе агульнаеўрапейскай адукацыйнай прасторы. Гэта ўжо другі ўніверсітэт старэйшы за 650 гадоў, які я наведаў. Але было ад­чуванне, што з гадамі ўніверсітэты прыга­жэюць і большаюць. Я хацеў бы гэтага пажадаць і нашаму БДУ!

Таццяна БАГАМАЗАВА

Даведка
Вялікая хартыя еўрапейскіх універсітэтаў прынята ў горадзе Балоння (Італія) у 1988 г. рэктарамі еўрапейскіх універсітэтаў. Мэта дакумента – уніфікацыя адукацыйных сістэм, палітыкі развіцця еўрапейскай універсітэцкай супольнасці.
Хартыя была адкрыта для падпісання ўніверсітэтамі з нагоды 900-годдзя Балонскага ўніверсітэта. На дадзены момант яна падпісана 776 універсітэтамі з усяго свету.

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: