Белае палатно размалююць акцёры і рэжысёры. «Тэатральны куфар БДУ — 2017» пачаў сваю гульню

23 Sep, 2017.

Ужо ў 14-ы раз праходзіць міжнародны фестываль студэнцкіх і моладзевых тэатраў «Тэатральны куфар БДУ-2017». З 21 па 27 верасня ў БДУ збяруцца 20 тэатраў з 9 краін. У конкурснай праграме возьмуць удзел больш за 200 артыстаў.

Урачыстае адкрыццё форуму прайшло ў Ліцэі БДУ 21 верасня. Моладзевы тэатр «Кола» з Віцебска стаў спецыяльным госцем цырымоніі. Менавіта з яго пачаўся тэатральны форум – артысты забаўлялі гледачоў сваім перформансам «Папяровыя людзі», запрашалі прысутных паімправізаваць.
«Тэатральны куфар» праходзіць пад патранажам Міністэрства адукацыі Беларусі і прывітальнае слова ад міністра Ігара Карпенкі зачытаў начальнік Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і моладзевай палітыкі Эдуард Тамільчык. Ён адзначыo, што тэатральны форум стаў унікальнай пляцоўкай, дзе збіраецца для зносін і развіцця майстэрства таленавітая моладзь.
Таксама прывітаў замежных гасцей Уладзімір Сувораў, прарэктар па выхаваўчай і вучэбнай рабоце. Ён пажадаў удзельнікам перамогі і добра правесці час.

«Тэатральны куфар» БДУ кажа шчыра – гуляе набела» – менавіта ў такім канцэптуальным ключы праходзіць у гэтым годзе фестываль студэнцкіх і моладзевых тэатраў.
«Белы – гэта поўнае зліццё ўсіх спектральных колераў, што (з сімвалічнага пункту гледжання) бачыцца як аб’яднанне ўсяго матэрыяльнага ў адным праўдзівым духоўным, – тлумачыць Кацярына Саладуха, дырэктар фестывалю. – Як і тэатр, які ўяўляецца сінтэзам мастацтваў, так і фестываль, які аб’ядноўвае калектывы, густы, тэндэнцыі, традыцыі. Белы фестываль падорыць шчырыя эмоцыі, непадробныя пачуцці, шчырая размова пра сябе і свет вакол ».

Як падкрэсліваюць арганізатары, фестываль пацвярджае сваю папулярнасць: каля 100 заявак прыйшло ў адрас адборачнага камітэта. Сярод удзельнікаў расце колькасць беларускіх калектываў. Фестываль прывабны і для гледачоў, бо квіткі на спектаклі прадаюцца па нізкім кошце – усяго 5 рублёў.
Чым будзе здзіўляць фестываль у гэтым годзе? Адным з самых цікавых дзеянняў стане «фірмовы» праект «Куфар-in-Motion». Гэта будзе імправізацыя рэжысёра ў стварэнні невялікага спектакля за некалькі рэпетыцый з канкурсантамі. А пастаноўку можна будзе ўбачыць толькі на цырымоніі закрыцця. У гэтым годзе рэжысёрам праекта выступіць Алена Русіна з Санкт-Пецярбурга.
Таксама ў рамках фестывалю адбудзецца конкурс пластычных мастацтваў «Куфар_пластылін». Знакавай падзеяй стане гасцявы прафесійны монаспектакль «Я хачу быць з табой». Аўтар і выканаўца – куратар фестывалю эксперыментальнага танца ў г.Люблін, Польшча Томаш Базан.
Сёлета БДУ будзе прадстаўляць тэатр «На балконе» са спектаклем «Каханне людзей» (прэм’ера) і тэатр «На філфаку» з пастаноўкай «Піф-Паф – І ты мёртвы!».
За што ж будуць змагацца ўдзельнікі? Галоўны прыз тэатральнага фестывалю – «Вялікі куфар». Яго прысуджаюць гледачы, якія галасуюць пасля кожнага спектакля. Яшчэ калектывы будзе ацэньваць незалежнае прафесійнае журы, якое ўручыць прыз у некалькіх намінацыях.
У склад журы ўвайшлі: старшыня – прэзідэнт асацыяцыі ўніверсітэцкіх тэатраў Літвы Олегас Кесмінас; куратар Адкрытага Міжнароднага фестывалю Цэнтральнай Азіі «OCAIF» у Лондане Юлдош Джурабоеў (Вялікабрытанія); мастак, сцэнограф Тамара Ахікян (Грузія); харэограф і куратар фестывалю эксперыментальнага танца ў г.Люблін Томаш Базан (Польшча); харэограф і артыстка «Марыінскага Тэатра-2», тэатра «мюзік-Хол», БДТ імя Таўстаногава Алена Русіна (Расія) і тэатразнаўца, крытык Аляксей Стрэльнікаў (Беларусь).
Арганізатарам тэатральнага форуму выступае ўпраўленне па справах культуры БДУ.

Алёна ЛЯЎШЭНЯ

Фота Васіля Кузьмічкіна і Таццяны Багамазавай

Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: