«Мінчанінам года» стаў прафесар БДУ!

26 Sep, 2017.

Такога звання ганараваны Уладзімір САЕЧНІКАЎ, загадчык кафедры фізікі і аэракасмічных тэхналогій ФРКТ, за актыўную навуковую і выкладчыцкую дзейнасць у галіне вышэйшай адукацыі. Цырымонія ўзнагароджання адбылася 9 верасня ў Вялікім тэатры Беларусі.

Вучыцца ў Мінск Уладзімір Аляксеевіч прыехаў у 1971 годзе з ваеннага гарадка Віцебскай вобласці. «Са школьных прадметаў мне падабалася фізіка і матэматыка, – успамінае прафесар. – Паступіць у Белдзярж­універсітэт дапамаглі гадавыя падрыхтоўчыя курсы пры ВНУ, а таксама самастойныя заняткі». У 1976 годзе ён скончыў з адзнакай фізічны факультэт. Далей пачынаў сваю кар’еру з пасады малодшага навуковага супрацоўніка. Пазней, у 1995 годзе, стаў прафесарам кафедры інтэлектуальных сістэм, а праз тры гады – загадчыкам кафедры фізікі факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій.
На працягу многіх гадоў ён перадае свае веды і ўкараняе ў адукацыю новыя тэхналогіі. Зарэкамендаваў сябе ў такіх навуковых галінах: оптаэлектроніка, спадарожнікавыя інфармацыйныя і тэлекамунікацыйныя сістэмы, геаінфармацыйныя сістэмы, сродкі абароны інфармацыі і іншыя. Яго навуковая дзейнасць мае як фундаментальнае, так і прыкладное значэнне. Вынікі даследаванняў выйшлі ў больш як 300 публікацыях. Ім напісаны некалькі дзясяткаў навучальна-метадычных публікацый, у тым ліку і курсы лекцый, спецкурсы. Да таго ж ён з’яўляецца арганізатарам і навуковым кіраўніком Цэнтра аэракасмічнай адукацыі БДУ.

Падчас уручэння ганаровага звання «Мінчанін года»

На дадзены момант загадчык кафедры задзейнічаны ў арганізацыі трох адукацыйных праграм, у рамках якіх праходзіць абмен ведаў з замежнымі калегамі. Тут праводзяцца навучаль­ныя заняткі, семінары, сустрэ­чы, майстар-класы. Слухачы – студэнты, магістранты, аспіранты, выкладчыкі.
Па-першае, гэта TEMPUS – праграма Еўрасаюза, накіраваная на падтрымку працэсаў мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі. TEMPUS грае важную ролю падчас уваходжання акадэмічнай супольнасці Беларусі ў еўрапейскую сетку УВА. Сярод удзельнікаў – Берлінскі тэхнічны ўніверсітэт, Вільнюскі тэхнічны ўніверсітэт, каледж Эмануэль з Англіі. Па-другое, сёлета пачаўся праект, звязаны з касмічнымі сістэмамі і робататэхнікай з    удзелам бельгійскага і берлінскага ўніверсітэтаў, ВНУ Францыі, Латвіі, Эстоніі і краін СНД.
– І, па-трэцяе, праграма «Адукацыя па дронах». Тут напрацоўваюцца практычныя і тэарэтычныя веды на прафе­сійным узроўні па кіраванні і   абслугоўванні беспілотных лятальных апаратаў, – тлумачыць прафесар. – Каардынатарам выступае Універсітэт Саніа, Італія. Удзельнічаюць замежныя ўніверсітэты 14 краін, а яшчэ БДУ і Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.
У дадатак да ўсяго У. А. Саечнікаў працягвае шматгадовае супрацоўніцтва з Рурскім уні­версітэтам (г. Бохум, Германія) па нанафатоніцы. Ён удзель­нічае і ў іншых міжнародных праектах, навуковых праграмах Беларусі і Саюзнай дзяржавы.

Мабыць, у гэтым пераліку варта асобна вылучыць нанаспадарожнік БДУ, у распрацоўцы якога быў задзейнічаны Уладзімір Аляксеевіч. Такі апарат ствараецца ў нашай краіне ўпершыню. Мяркуецца, што яго запусцяць у наступным годзе з пляцоўкі Кітая. Дапаможа гэта зрабіць карпарацыя «Вялікая сцяна» (яна ж будуе індустры­яльны парк «Вялікі камень»).
З навучальнымі і працоўнымі візітамі загадчык кафедры наведаў шмат якія краіны. Таму яму ёсць з чым параўноўваць. Лічыць, што наша сталіца пераўзыходзіць шматлікія замежныя гарады. Ён адзначае:
– Мінск развіваецца, становіцца прыгажэйшым і зручнейшым. Магу смела сказаць, што гэта горад для жыцця. Мне вель­мі падабаецца, што тут право­дзіцца вялікая колькасць культурных, забаўляльных і спартыўных падзей. Узяць хоць канцэрты і вечары ля ратушы.
На ўзнагароджанні 9 верасня ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета прысутнічалі таксама жонка і сын Іван. Сыны Уладзіміра Аляксеевіча таксама захапляюцца навукай. Дарэчы, старэйшы сын Антон – аспірант і выкладчык ФРКТ, а малодшы Іван перайшоў на 3 курс гэтага ж факуль­тэта. Абодва бралі ўдзел у чэмпіянаце «CanSat у Расіі», які арганізоўвае Навукова-даследчы інстытут ядзернай фізікі імя Д. У. Скабельцына МДУ імя  М. В. Ламаносава. Летась у рамках гэтага чэмпіянату распрацаваныя студэнтамі і аспі­рантамі БДУ мікраспадарожнікі былі ўпершыню паспяхова запушчаны на вышыню 35 км.
Уладзімір Аляксеевіч, вядома, рады ганароваму званню «Мінчанін года». Гэты дыплом далучыцца да тых шматлікіх, якія ён ужо мае. А менавіта:      Ганаровая грамата Расійскага касмічнага агенцтва, ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі    БДУ.
– У будучыні, спадзяюся, БДУ чакае ўсё толькі самае лепшае, калі мы будзем дастаткова інтэнсіўна працаваць у адукацыі і навуцы, – лічыць прафесар. – Веру, што даможамся добрых вынікаў.

Даведка
«Мінчанамі года» сталі яшчэ 12 жыхароў сталіцы. Сярод лаўрэатаў – супрацоўнікі галіны прамысловасці, транспарту і сувязі, будаўніцтва, аховы здароўя, куль­туры і спорту, бяспекі і сацыяльнай абароны і іншыя. Званне «Мінчанін года» прысвойваецца з 2001 года.

Алёна ЛЯЎШЭНЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: