Міжнародны фэст студэнцкіх тэатраў “Тэатральны куфар. БДУ–2017” пройдзе ў БДУ

18 Sep, 2017.

Урачыстае адкрыццё адбудзецца 21 верасня (вул. Ульянаўская, 8). Пачатак у 16.30.

Папулярнае мерапрыемства БДУ збярэ 21 найлепшы ўніверсітэцкі тэатр з 9 краін: Беларусі, Расіі, Вялікабрытаніі, Польшчы, Сербіі, Чылі, Балгарыі, Філіпін, Туніса. Нашу краіну прадставяць сем тэатральных калектываў. Усяго ў конкурснай праграме прымуць удзел больш за 200 артыстаў.

Спецыяльным госцем цырымоніі адкрыцця стане моладзевы тэатр “Кола” з Віцебска з канцэптуальным перформансам “Папяровыя людзі”. Адзначым, уваход на цырымонію адкрыцця вольны.

Сёлета ў рамках фэсту адбудзецца біенале пластычных мастацтваў “Куфар_пластылін”. Знакавай падзеяй стане гасцявы прафесійны монаспектакль “Я хачу быць з табой”, аўтарам і выканаўцам якога з’яўляецца кіраўнік Maat Projekt Theatre Томаш Базан (г. Люблін, Польшча).

Адным з самых відовішчных дзеянняў сёлетняга сезону стане “фірмовы” праект фэсту “Куфар-in-Motion”, які аб’яднае ўсіх удзельнікаў. Канцэпцыя зводзіцца да імправізацыі рэжысёра ў стварэнні невялікага па форме спектакля за некалькі рэпетыцый. У пастаноўцы змогуць прыняць удзел усе артысты фэсту. Унікальны паказ адбудзецца на цырымоніі закрыцця, і яго можна будзе ўбачыць толькі раз. Сёлета рэжысёрам харэаграфічнага спектакля выступіць Алена Русіна з Санкт-Пецярбурга.

Сёлетняя афіша фэсту ўключае пастаноўкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, які пакажа рэжысёрскую працу Ганны Сулім па дакументальных матэрыялах і спадчыне Усевалада Меерхольда, Маскоўскага драматычнага тэатра “Мадэрн”, што прывёз на фэст “Тры сястры” А. П. Чэхава. Дарэчы, у асноўны склад гэтага прафесійнага тэатра ўвайшлі выпускнікі ГІТІС з майстэрні Веры Глаголевай і Алега Фаміна. У праграме фэсту па драме маладога пісьменніка Дзмітрыя Багаслаўскага новы спектакль “Каханне людзей” студэнцкага калектыву БДУ “На балконе”. Таксама на фэставай сцэне ажывуць героі п’ес Вампілава, Шэкспіра, Іванова ў выкананні акцёраў іншых тэатраў.

Прадстаўленні пройдуць на англійскай, іспанскай, сербскайм, польскай і рускай мовах.

Галоўны прыз – “Вялікі куфар” – прысуджае глядач, галасуючы пасля кожнага спектакля. А прафесійнае журы вызначыць “Найлепшы спектакль” асобна сярод аматарскіх і прафесійных тэатраў. У яго склад увайшлі: прэзідэнт асацыяцыі ўніверсітэцкіх тэатраў Літвы Алегас Кесмінас (старшыня журы); куратар Адкрытага міжнароднага фэсту Цэнтральнай Азіі OCAIF у Лондане Юлдаш Джурабоеў (Вялікабрытанія); мастак, сцэнограф Тамара Ахікян (Грузія); харэограф і куратар фэсту эксперыментальнага танца ў г. Люблін Томаш Базан (Польшча); харэограф і артыстка “Марыінскага тэатра-2”, тэатра “Мюзік-Хол”, БДТ імя Тоўстаногава Алена Русіна (Расія); тэатразнавец, крытык Аляксей Стрэльнікаў (Беларусь).

Урачыстае закрыццё фэсту 27 верасня.

Больш падрабязна пра расклад спектакляў тут: http://afisha.bycard.by/kufar/.

Арганізатарам тэатральнага фэсту выступіла ўпраўленне па справах культуры БДУ.

Даведка.

“Тэатральны куфар” праводзіцца штогод з 2004 года з мэтай аб’яднання таленавітай і актыўнай моладзі з усяго свету. За гэты перыяд яго ўдзельнікамі сталі студэнцкія тэатральныя калектывы больш чым з 45 краін. З’яўляецца адзіным у Беларусі міжнародным фэстам студэнцкіх тэатраў і адным з самых вядомых ва Усходняй Еўропе.

 

print

Вам таксама можа спадабацца: