Пашыраючы гарызонты. Прафесар Міхаіл Жураўкоў пра набыткі кафедры і замежныя кантакты (+відэа)

25 Sep, 2017.

Калектыў кафедры тэарэтычнай і прыкладной механікі

З нагоды 80-годдзя  кафедры тэарэтычнай і прыкладной механікі ММФ  яе загадчык прафесар Міхаіл ЖУРАЎКОЎ распавёў пра дасягненні і сур’ёзныя планы калектыву.

– Міхаіл Анатольевіч, як бу­дзеце адзначаць юбілей?
– Кафедра пачала сваю афіцыйную дзейнасць з вучэбнага года, адпаведна і мы мяркуем у верасні–кастрычніку правесці шэраг мерапрыемстваў, каб адсвяткаваць  знамянальную дату. Гэта і спец­семіна­ры з запрашэннем нашых сяброў з іншых краін, якія б выс­тупілі з цікавымі дакладамі, гэта і адмысловыя лекцыі і семінары для студэнтаў, якія спецыялізуюц­ца па кафедры, каб яны разабра­ліся, што чакае іх пасля выпуску. Збіраемся таксама правесці і пэўную работу з будучымі студэнтамі: тут і навукова-папулярныя артыкулы, і перавыданне кнігі «Папуляр­ная механіка», дзе даступна расказваецца якраз пра тую механіку, якая вывучаецца ў БДУ. Час ідзе, мяняюцца метады, выпрацоўва­юцца новыя падыходы – у гэта выданне просяцца новыя раздзелы. Хочацца паказаць моладзі: і абітурыентам, і студэнтам, і аспірантам – што хаця кафедры ўжо 80 гадоў, яна застаецца маладой і развіваецца дынамічна, а пералік навуковых даследаванняў, якія ажыц­­цяўляюцца на кафедры, сур’­ёзны і цікавы.
– Чым было абумоўлена ўзнікненне такой кафедры?
– Кафедра перажыла некалькі этапаў: узнікненне і станаўленне, потым перыяд Вялікай Айчыннай вайны, калі ўніверсітэт пераязджаў і кафедра часткова страціла свой твар, потым адраджэнне. У 1960-70-я гады адраджэнне кафедры было звязана з запрашэннем вядучых вучоных з Расіі і Украіны. Кафедры механікі на механіка-матэматычных факультэтах у Савецкім Саюзе – гэта досыць унікальная з’ява. У нас няшмат універсітэтаў   у былых савецкіх рэспубліках, дзе ствараліся мехматы і асабліва кафедры механікі. Такая кафедра абумоўлена запатрабаванасцю спецыялістаў, якія вельмі добра  ведаюць матэматыку і разам з тым умеюць прыкласці гэтыя веды для рашэння задач з розных галінаў механікі. Галоўным чынам гэта бы­лі сферы космасу, авіяцыі, машы­набудавання. А наша рэспубліка была адным з лідараў Саюза ў га­ліне машынабудавання, і таму кафедра механікі падтрымлівалася, пачалі падрыхтоўку спецыялістаў, якія маглі б мадэляваць, даследаваць і прапаноўваць новыя рашэнні якраз у гэтай галіне. Сюды прые­халі вельмі цікавыя асобы – Мiна Мiнавiч Чапiнога, буйны спецыяліст у аэрагідрамеханіцы, Іван Аляксеевiч Прусаў, унікальны спецыяліст у механіцы дэфармуемага цвёрдага цела. З тых першых на­бораў студэнтаў і склаўся касцяк кафедры. Усцешна, што некаторыя супрацоўнікі дагэтуль працуюць тут. Адна з традыцый, якую мы ашчадна захоўваем, гэта навуковыя сумесныя семінары, дзе выступаюць і паважныя навукоўцы, наша прафесура і дацэнты, а таксама моладзь – аспіранты. Тут бываюць вельмі цікавыя палемічныя даклады і паведамленні на неадназначныя тэмы, якія часам не зусім успрымаюцца грамадствам, выказваюцца фантастычныя ідэі, накшталт вечнага рухавіка. Мы гэта вітаем, бо тое цікава і карысна. Пасля такіх семінараў абавязкова бывае чаяванне, дзе моладзь размаўляе з нашай прафесурай нароўні, абмяркоўваюць надзённыя праблемы кафедры, універсітэта, навукі, сваёй будучыні.
– Які сёння склад кафедры?
– Кафедра досыць мабільная. Вельмі здорава, што на працягу ўжо досыць значнага часу існуе  баланс паміж сталымі вучонымі і моладдзю. Імкнёмся, каб вялікая колькасць моладзі працавала і на кафедры, і ў нашай НДЛ пры кафедры. Сёння на кафедры тры пастаянныя прафесары. Вельмі добры працэнт абарон, і бываюць такія гады, калі абсалютна ўсе нашы выкладчыкі – з навуковымі ступенямі, але мы гэта «дасягненне» імкнёмся як мага хутчэй разбу­раць, бяром маладых, якія зноў жа дастаткова хутка абараняюцца,  папаўняючы шэрагі дацэнтаў. За­прашаем супрацоўнікаў з іншых універсітэтаў і гарадоў, каб яны прыйшлі са сваімі новымі ідэямі. Нядаўна з нашай кафедры вылучылася новая: кафедра нана– і біямеханікі, яе ўзначаліў прафесар Міхасёў, якраз з ліку запрошаных да нас з Віцебскага дзяржуніверсітэта. Такое раздзяленне дазваляе нам пашырыць спіс спецыялізацый па механіцы на факультэце. У МДУ колькасць кафедраў механікі і матэматыкі на мехмаце амаль аднолькавая… Добра, калі ў нас колькасць кафедраў механікі ўзрасце, але гэта не самамэта: галоўнае – каго тыя кафедры будуць рыхтаваць, для чаго і як. Каб выпускнікі змаглі знайсці сабе годнае прымяненне ў розных галінах.
– Што змянілася на кафедры за час Вашага кіраўніцтва?
– У адукацыі і навуцы са зменамі патрэбная пэўная асцярожнасць, бо гэта досыць кансерватыўныя галіны. Натуральна, базавыя прынцыпы адукацыі мы павінны захоўваць, але ісці ў нагу з часам, улічваць патрэбы эканомікі і грамадства ў якасці адукацыі, у набо­ры дысцыплін. Адпаведна, у нас ужо некалькі разоў былі істотна перагледжаны вучэбныя планы і спецыялізацыі па кафедры. Калі толькі прыйшоў, у нас была кафедра тэарэтычнай механікі і робататэх­нікі, потым стала называцца кафедрай тэарэтычнай і прыкладной механікі, што пашырыла пералік дысцыплін і кірункаў спецыялі­за­цый. За гэты час памянялі і асноў­ныя кірункі падрыхтоўкі спецыялістаў: зараз вельмі шмат увагі надаецца ІТ-тэхналогіям, спецыялісты атрымліваюцца дастаткова ўнікальныя – «Механік. Матэматык-прыкладнік». Такі чалавек можа мадэляваць розныя механічныя працэсы з дапамогай сучасных ІТ-тэхналогій, а можа працаваць і як матэматык, прытым не толькі ў галіне механікі, бо валодае шы­рокімі ведамі і па механіцы, і па   матэматыцы, і па інфарматыцы. З цягам часу мяняем як набор курсаў, так і іх напаўненне. Апошнім часам з’явілася шмат курсаў па камп’ютарным мадэляванні, а кірунак робататэхнікі ўвогуле набывае новы твар, бо пайшоў бум на робатаў, і мы якраз займаемся матэматычным забеспячэннем робатаў і маніпулятараў – прымушаем іх рухацца і дзейнічаць. Бія– і нанамеханіка таксама патрабуюць новых адмысловых курсаў.
Істотную ўвагу мы надаём і нашым міжнародным кантактам. Добрыя сувязі наладжаны з універсітэтамі розных краін Еўропы, з Кітаем – у гэтым годзе распачынаецца вельмі важны праект па сумеснай пад­рыхтоўцы студэнтаў у Далянскім універсітэце, практычна ўсе супрацоўнікі кафедры будуць выязджаць для чы­тання лекцый.  Да нас на стажыроўку прыязджа­юць студэнты з Францыі, Нідэрландаў, Германіі, нашы студэнты туды накіроўваюцца. Вельмі добрыя кантакты з Маскоўскім дзяржаўным універсітэтам, асабліва аспіранты нашы часта выязджаюць туды па дамове стажыравацца. Не стаім на месцы, пастаянна шукаем новыя кірункі развіцця, удасканальваем сам навучальны працэс, выпрабоўваем новыя формы выкладання, чытання лекцый, падачы матэрыялу. Навукова-даследчая кампанента падрыхтоўкі студэнтаў таксама пастаянна пад увагай: НДЛ прыкладной механікі пры кафедры штогод выконвае   вялікую колькасць дагавораў для прамысловых прадпрыемстваў  Беларусі і Расіі, ёсць і замежныя кантракты, у такіх тэмах задзейнічаны студэнты старэйшых курсаў, магістранты, аспіранты – гэта неад’емная частка падрыхтоўкі добрага спецыяліста.
– Як складваецца лёс выпускнікоў?
– Многія нашы выпускнікі застаюцца працаваць і ў нашай лабараторыі, і, што здорава, ідуць у фірмы, НДЛ, якія ўзначальваюць нашы ранейшыя выпускнікі. Ёсць пэўная пераемнасць пакаленняў. Тыя з нашых выпускнікоў, хто ўзначальвае лабараторыі і фірмы, у тым ліку ІТ-кірунку, з задавальненнем чытаюць у нас адмысловыя курсы або кіру­юць курсавымі і дыпломнымі работамі нашых студэнтаў, каб сабе падрыхтаваць спецыялістаў. Ажно некалькі мінскіх ІТ-кампаній прык­ладнога характару створаны якраз супрацоўнікамі нашай кафедры, і асноўная частка іх супрацоўнікаў –  таксама нашы выпускнікі. На жаль, многія з тых выпускнікоў, якія займаюцца новымі перспектыўнымі кірункамі, апошнім часам вельмі моцна раз’язджаюцца па свеце. Адзін з такіх выпускнікоў узначаліў буйную ІТ-кампанію ў Маскве, дзе займаюцца распрацоўкай ПА для горназдабыўнай прамысловасці.
У Амерыцы вялікая колькасць «нашых» – у Крэмніевай даліне, напрыклад. Іншая выпускніца – прафесар у Францыі, вельмі хутка пайшла там яе кар’ера ўгару. Напрыклад, па біямеханіцы ў нас ус­таляваліся вельмі добрыя кантакты з Дэльфцкім універсітэтам (Нідэрланды) – там ужо два мае аспіранты працуюць. Ці вось яшчэ адна мая вучаніца – таксама ў галіне біямеханікі працуе – распрацавала надзвычай захапляльны новы матэматычны апарат дробнага дыферэнцавання для вывучэння біямеханікі клетак, абаранілася – і з’ехала ў Амерыку, працягвае свае даследаванні там. Стаўлюся да гэтага па-філасофску: немала­важна, што нашы навуковыя дасягненні прызнаюцца па ўсім свеце, і нашых калег, маіх суаўтараў, з задавальненнем прымаюць на працу ў вядучыя інстытуты і кампаніі.
– Над якімі навуковымі кірункамі працуе кафедра?
– Кірункаў навуковых даследаванняў у нас дастаткова шмат, з году ў год яны могуць мяняцца. Асноўныя – па-першае, геамеханіка, мы працуем з прадпрыемствамі горназдабыўнай прамысловасці, як цвёрдых карысных выкапняў (калійныя радовішчы), так і вуглевадароднай сыравіны (нафта). Па-другое, ІТ-тэхналогіі: прыкладныя аўтаматызаваныя сістэмы і комплексы для прамысловых прадпрыемстваў, распрацоўка адмысловых сістэм, праграмнага забеспячэння для прамысловасці горнай здабычы, машынабудавання, нафтавай і газавай галінаў,   што дазваляе мадэляваць і аўта­матызаваць вялікія функцыі. Сюды ж адносяцца сістэмы CAD, CAE – сістэмы камп’ютарнага аўтаматызавання інжынерных разлікаў. Затым механіка машын і механізмаў: мы працуем з нашымі машынабудаўнічымі гігантамі, як «Гомсельмаш», МАЗ, БелАЗ, МТЗ, тут існуе велізарны комплекс задач, звязаных з мадэляваннем работы розных сістэм механізмаў і машынабудаўнічых канструкцый, напрыклад, вывучэнне трываласці і зносаўстойлівасці частак меха­ніз­маў і г. д.
Вельмі цікавы кірунак распрацоўваем з расійскай чыгункай – вывучаем трываласць і ўстойлі­васць транспарту, узаемадзеянне транспарту з рэйкамі, як паводзяц­ца цяжкія і звышцяжкія саставы на вялікіх хуткасцях. Новы і надзвычай займальны кірунак – біямеханіка, тут у нас некалькі груп, якія працуюць у розных напрамках.
Дастаткова даўно задзейнічаны ў галіне пратэзавання зубоў, складаных  парушэнняў сківіцы: распрацавалі камп’ютарны комплекс, які ўжо ўкаранёны ў некаторых клініках Расіі і Беларусі, для ма­дэ­лявання пратэзаў і каронак адпаведна канструкцыі сківіцы канкрэтнага чалавека па 3D-тамаграфіі. У гэтым жа рэчышчы праца па выпраўленні цяжкіх парушэнняў сківіцы: існуюць спецыяльныя апараты для дзяцей, якія змяняюць форму сківіцы, а мы распрацавалі адмысловую методыку, якая дазваляе разлічыць нагрузку на сківіцу, каб яе дадаткова не пашкодзіць. Даследуем з нашым пратэзным камбінатам узаемадзеянне пратэзаў з натуральным касцяным складам людзей. Ёсць вельмі цікавыя работы з кардыёлагамі па матэматычным мадэляванні працы крывяноснай сістэмы, паталогій сэрца. Працуем і з бараўлянскім цэнтрам анкалогіі, сумесна з Інстытутам цепла– і масаабмену НАН РБ вывучаем фізіка-механічныя ўласцівасці анкаклетак – па іх можна вызначыць, як развіваюцца ракавыя пухліны, праводзім вопыты з атамна-сілавым мікраскопам… Ну і, нарэшце, яшчэ адзін новы кірунак – нанамеханіка, якая вывучае, што робіцца ўнутры нанаматэрыялаў, механічныя працэсы тут істотна адроз­­ні­ваюцца. Напрыклад, сумесна з супрацоўнікамі нашага хімічнага факультэта і НДІ ФХП вывучаем фі­зічна-механічныя ўласцівасці гра­фе­ну – будуем мадэлі нанаструктур з рознымі дэфектамі і парушэннямі. Прац у нас шмат, і ўсе цікавыя.

Гутарыла
Маргарыта АЛЯШКЕВІЧ

Прэзентацыя тут

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: