Цёплае надвор’е пацешыла госцяў і жыхароў Мінска на яго юбілей – 950 гадоў! Традыцыі адзначаць Дзень горада ўжо 16 гадоў. З самай раніцы Мінск стаў пляцоўкай, дзе праходзілі гістарычныя рэканструкцыі, канцэрты, забаўляльныя праграмы. Парк імя М. Паўлава, дзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт прадставіў сваю пляцоўку, не выключэнне.
Са сваімі найлепшымі праграмамі выступілі ўдзельнікі конкурсу “Найлепшы моладзевы праект БДУ”, які ўжо доўгія гады дае старт смелым ідэям студэнтаў. Так, сваё майстэрства ў гэты дзень дэманстравалі праектныя каманды “Віртуозы хімічнага эксперыменту” (кіраўнік Юлія Баярскіх) і “Лекторыя па эксперыментальнай фізіцы” (кіраўнік Андрэй Кавалёнак). Першыя здзіўлялі гледачоў хімічнымі вулканамі і растворамі, якія змяняюць колер, а другія – займальнымі фізічнымі эксперыментамі, у якіх мог паўдзельнічаць кожны. “Мама, мне сказалі, што я стану фізікам! Хачу ў БДУ!” – з запаленымі вачамі выгукалі хлапчукі.
На свяце была і творчая студыя “MiM-BSU”. Загадкавыя мімы ў гэты дзень сабралі шмат дзіцячых усмешак, шчаслівых поглядаў, моцных “абдымашак” і вясёлых фатаграфій. А мастакоў аквагрыму з усіх бакоў атачылі дзеткі. Да мастакоў прысаджваліся дзяўчаткі і хлопчыкі, а сыходзілі прыгожыя прынцэсы, кветкавыя феі, чараўнікі, супергероі і розныя звяркі. Як жа цудоўна было бачыць вочы, якія свецяцца агеньчыкамі шчасця і захаплення, гэта лепш за любую ўзнагароду!
Нямала цікавага прапанавалі гледачам прадстаўнікі “Псіхалагічнай службы БДУ”. Як дарослыя, так і дзеці маглі прайсці экспрэс-дыягностыку “Спазнай сябе” на выяўленне базавых уласцівасцяў асобы, псіхічных станаў, індывідуальна-тыпалагічных асаблівасцяў, самасвядомасці, каштоўнасных арыентацый, матывацыі, рэгулятыўна-валявых кампанентаў.
Чарговы юбілей нашага горада прайшоў ярка і грандыёзна, і можна не сумнявацца, што ўсе, хто ў гэты святочны дзень не прыйшоўо міма выставачнай зоны Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, сталі трохі больш шчаслівымі і ўпэўненымі ў сабе!