З 25 жніўня тысячы іншагародніх студэнтаў пачалі засяленне ў інтэрнаты. Яны знаёмяцца з новымі суседзямі, радасна сустракаюць старых сяброў. Пакоі зноў запоўненыя галасамі і смехам, а на кухнях запахла смачнай ежай. Газета «Універсітэт» паразмаўляла з дырэктарам студэнцкага гарадка Алай МЕЛЕХ і даведалася, якія ўмовы даюцца студэнтам інтэрнатаў і як там жыць.
У 2017/2018 навучальным годзе заселіцца каля 8000 студэнтаў. Працэнт засялення павялічыўся прыблізна на 5-6 % у параўнанні з мінулым годам за кошт падвойнага выпуску на некаторых факультэтах ў 2016/2017 навучальным годзе. Жылыя месцы прапарцыйна размеркаваны паміж факультэтамі і інстытутамі. Асаблівая ўвага – першакурснікам: для іх зарэзервавана чвэрць ад агульнай колькасці месцаў. Рашэннем Савета БДУ ў гэтым навучальным годзе ў інтэрнаты заселіцца 100 % першакурснікаў механіка-матэматычнага, фізічнага, біялагічнага, хімічнага, геаграфічнага, ваеннага, а таксама факультэтаў прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, а для астатніх факультэтаў гэтая лічба складзе 85 %. Размеркаваннем студэнтаў па пакоях займаецца камісія па жыллёва-бытавых пытаннях факультэта, дзе вучыцца студэнт, якую ўзначальвае намеснік дэкана па вучэбна-выхаваўчай рабоце.
Месца ў інтэрнатах у БДУ ў першую чаргу атрымліваюць студэнты, якія маюць ільготы ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь (сіроты, інваліды, пацярпелыя ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, якія навучаюцца са шматдзетных сем’яў і г.д). Студэнты, якія не маюць ільгот атрымліваюць месцы ў парадку агульнай чаргі. Перавагай карыстаюцца рабяты з найбольш высокім сярэднім балам паспяховасці за ўвесь перыяд навучання, а таксама студэнты, якія праявілі сябе ў навукова-даследчай, грамадскай, культурна-масавай і спартыўнай рабоце. А яшчэ ёсць магчымасць запісацца ў студэнцкія атрады і таксама атрымаць месца ў інтэрнаце ў прыярытэтным парадку.
Пражыванне
Студэнцкі гарадок БДУ налічвае 9 інтэрнатаў для студэнтаў і адзін для супрацоўнікаў. Два з іх зусім новыя, знаходзяцца на тэрыторыі Студэнцкай вёскі, побач з метро, паркам і гандлёвымі цэнтрамі. Большасць астатніх інтэрнатаў падтрымліваюцца за кошт капітальнага і касметычнага рамонтаў. Падчас працоўнай змены будатрады на працягу месяца добраўпарадкоўвалі інтэрнаты і рыхтавалі іх да новага навучальнага года.
Для моладзі створаны неабходныя ўмовы для пражывання і паспяховай вучобы. Усе інтэрнаты аснашчаны мэбляй і пасцельнымі рэчамі, маюцца абсталяваныя кухні і санвузлы, у будынках размешчаны буфеты, сталовыя і кафэ. У інтэрнатах № 2, 4, 7 і 11 працуюць пральні, у кожным інтэрнаце выдаюць пасцельную бялізну. Таксама ў некаторых з іх ёсць цырульні, майстэрні па рамонце абутку і адзення. Амаль у кожным інтэрнаце ўладкаваны тэрміналы для электроннай аплаты паслуг або інфакіёскі. Рыхтавацца да заняткаў можна ў абсталяваных усім неабходным пакоях для самападрыхтоўкі. У інтэрнатах ёсць магчымасць і для адпачынку: пасля складаных пар студэнты могуць пагуляць у більярд ці тэніс, заняцца спортам у трэнажорных залах, патанцаваць.
Усе інтэрнаты падзяляюцца на тры катэгорыі. Жыллё кватэрнага тыпу адпавядае першай катэгорыі, блокавага – другой і калідорнага – трэцяй. Кошт пражывання ў інтэрнатах залежыць толькі ад памеру базавай велічыні. Да прыкладу, за жыллё першай катэгорыі штомесяц давядзецца плаціць 1,2 базавай велічыні, што ў рэальных грашах складзе Br27,6. За жыллё другой катэгорыі аплата складзе 0,8 базавай велічыні, або Br18,4, за пакой у інтэрнаце трэцяй катэгорыі аплата складзе 0,4 базавай велічыні, або Br9,2. Цэны на пражыванне ў гэтым годзе застаюцца нязменным.
Гарачая лінія
Па пытаннях засялення ў інтэрнаты з 21 жніўня па 1 верасня працавала гарачая лінія. Часцей за ўсё студэнты тэлефанавалі, каб даведацца, ці ёсць у інтэрнатах пасцельная бялізна, а у пакоі\блоку халадзільнік, якія электрапрыборы дазволеныя. Першакурснікаў цікавіла, ці далі ім месца ў інтэрнаце, калі не – пад якім нумарам у чарзе яны знаходзяцца. Былі і незвычайныя выпадкі, напрыклад, студэнта засялілі на вельмі высокі паверх, а ён ніколі не ездзіў на ліфце і хацеў даведацца, як памяняць пакой. А некаторыя і зусім блыталі ВНУ: тройчы на гарачую лінію звярталіся бацькі студэнтаў, якія паступілі ў БДУФК, з пытаннем: чаму ім не далі месца ў інтэрнаце.
Адаптацыя
Вельмі важным момантам, лічаць у студгарадку, з’яўляецца адаптацыя студэнтаў, якія пражываюць у інтэрнаце ўпершыню. Штогод студэнцкімі саветамі сумесна з адміністрацыяй і педагагічным складам інтэрнатаў праводзяцца сходы з першакурснікамі. На дадзеным мерапрыемстве ім тлумачаць правілы пражывання, распавядаюць пра пакоі сацыяльна-бытавога і культурнага прызначэння, гурткі і секцыі, якія працуюць на базе Студэнцкага гарадка. Традыцыйным мерапрыемствам стала «прысвячэнне» для першакурснікаў, якое арганізоўвае студэнцкі савет інтэрната.
Уся інфармацыя адносна інтэрнатаў БДУ і правілаў пражывання даступная на сайце: studgorodok.bsu.by, а каб заўсёды быць у курсе падзей, далучайцеся да афіцыйнай групы ва «УКантакце».
Студэнцкі гарадок БДУ – гэта выдатная пляцоўка для рэалізацыі творчага патэнцыялу і лідарскіх якасцяў навучэнцаў універсітэта праз органы студэнцкага самакіравання. Гэта гурткі і клубы па інтарэсах. У кожнага студэнта, які пражывае ў інтэрнаце, ёсць шанец стаць не толькі гледачом, але і непасрэдным удзельнікам розных мерапрыемстваў: конкурсу студэнцкай песні «Срэбныя струны», конкурсаў «Супермен», «Міс Вясна», Hostel Mix або «Зорная пара», Кубка КВЗ імя Віктара Толкача, кулінарнага паядынку, турніраў па інтэлектуальных гульнях, выстаў студэнцкай творчасці, міжуніверсітэцкага фестывалю нацыянальных культур і многіх іншых. Пастаяць за гонар роднага інтэрната, прадэманстраваць сваю сілу, спрыт і хуткасць студэнты могуць падчас правядзення сустрэч па футболе, валейболе, весела правесці час у турыстычных паходах і экскурсіях.
Усмешкі за беспарадак
«Пасля першых тыдняў вучобы першакурснікі разумеюць, што патрапілі ў зусім новы свет – студэнцкае жыццё. І каб яно было яркім і цікавым, Студэнцкі гарадок БДУ жадае запомніць кожную хвіліну, праведзеную ў інтэрнаце. Твар абуджанага вашым будзільнікам суседа, якому да другой пары. Першую яечню суседкі-першакурсніцы, якая ніколі не гатавала дома. Усмешку сябра студэнцкага савета, які ўбачыў ваш беспарадак падчас праверкі санітарнага стану. Чэргі ў перыяд засялення. І, вядома, моманты, калі ўсе вы збіраецеся разам!» – раіць дырэктар студэнцкага гарадка Ала Мелех.
Дар’я КОЎЗА