Што вы ведаеце пра Еўразійскі грамадзянскі альянс? Вы “за” ці “супраць” еўразійскай інтэграцыі? Што вы разумееце пад гэтым словазлучэннем? У студэнтаў БДУ была магчымасць атрымаць адказы на гэтыя пытанні на міжнароднай канферэнцыі “Моладзь і еўразійская інтэграцыя: за ці супраць?”, якая прайшла 14 верасня ў БДУ і была арганізаваная БРСМ БДУ і міжнароднай грамадскай арганізацыяй “Еўразійская садружнасць”.
Да ўвагі ўдзельнікаў былі прадстаўлены даклады спікераў і экспертаў у сферы моладзевай палітыкі і еўразійскай інтэграцыі. Прадстаўнікі з Беларусі, Расіі і Казахстана распавялі студэнтам, што сабой уяўляе Еўразійскі эканамічны саюз, якім чынам моладзь можа ўдзельнічаць ва ўнутраных працэсах гэтага праекта і для чаго гэта нам трэба. Былі падняты пытанні міжкультурнай камунікацыі, каштоўнасцяў еўразійскай інтэграцыі, стварэння міжнародных стартапаў і развіцця агульнага для краін ЕАЭС валанцёрства, а таксама вельмі важкае пытанне для беларускай моладзі – інтарэсы Рэспублікі Беларусь у еўразійскай інтэграцыі.
Студэнты БДУ распавялі, чым запомнілася ім міжнародная канферэнцыя.
Уладзіслаў Бехуноў, ФМА: “Найцікавейшая канферэнцыя і, самае галоўнае, актуальная. Безумоўна, сучасная еўразійская інтэграцыя немагчымая без актыўнага ўдзелу моладзі і моладзевых арганізацый. БДУ – вядучая ВНУ краіны, а значыць, пляцоўка для канферэнцыі была абрана правільна. Хачу сказаць, што маёй самай любімай “часткай” падобных канферэнцый з’яўляюцца адказы спікераў на пытанні, таму што ў такія моманты можна ўбачыць іх гарачую любоў да сваёй ідэі. Дадам, што такія канферэнцыі павінны атрымаць (і атрымаюць, я ўпэўнены) шырэйшую ўвагу грамадскасці… Магчымае прыцягненне СМІ і прыцягненне большай колькасці актыўных маладых людзей”.
Ганна Бельская, ІЖ: “Мне было цікава пачуць меркаванні розных людзей з нагоды аднаго пытання. Таго пытання, якое хвалюе кожнага чалавека з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Бо ад еўразійскай інтэграцыі шмат у чым залежыць далейшы лёс краіны. Мне спадабалася сумленнасць аратараў, яны імкнуліся адлюстраваць рэальнасць з усімі добрымі якасцямі і недахопамі”.
Максім Арцёменка, ІЖ: “Прымаючы пад увагу, што ўсё гэта было арганізавана камандай БРСМ, а само мерапрыемства насіла статус міжнароднай канферэнцыі, я разумеў сур’ёзнасць падзеі. Тэма сходу была даволі цікавай. Я чакаў нейкай дыскусіі з боку выступоўцаў. Аднак, як мне здалося, працэс канферэнцыі выглядаў больш аднабаковым, спікеры прапанавалі нейкія ідэі для развіцця інтэграцыі моладзі, але ніяк не дыскусію.
Арганізацыя мерапрыемства і стаўленне да студэнтаў як да дарослых самастойных людзей – вось што мяне ўразіла. Выступоўцы разумелі, што перад імі сядзіць, кажучы наўпрост, будучыня. Так яны і прамаўлялі: дзесьці афіцыйна, а дзесьці дазвалялі сабе гутарковы стыль.
Ці хацеў бы наведаць штосьці падобнае? Вядома. Такія канферэнцыі і мерапрыемствы, несумненна, пойдуць на карысць многім студэнтам, асабліва з Інстытута журналістыкі”.
Як адзначыў сакратар БРСМ БДУ Канстанцін Андрусевіч, “…еўразійская інтэграцыя павінна засноўвацца на прынцыпах партнёрства і ўзаемадапамогі ва ўсіх кірунках развіцця саюза. І моладзь у гэтым грае ключавую ролю, бо тое, што будзе створана цяпер – нашай моладзі працягваць, памнажаць і, галоўнае, захоўваць. Цяперашняе пакаленне павінна актыўней уключацца ў дадзены інтэграцыйны працэс, каб пасля не сутыкнуцца з праблемамі пры суправаджэнні развіцця інтэграцыі нашых краін. І такім імпульсам сёння стала арганізаваная намі міжнародная канферэнцыя”.
Пасля канферэнцыі апроч “ежы для разважанняў” і карыснай інфармацыі студэнты атрымалі сертыфікаты, якія пацвярджаюць іх удзел у міжнароднай канферэнцыі.
Анастасія ЛАРЫНА
Відэа: