Дзень ведаў для першакурснікаў БДУ скончыўся зусім не навуковым семінарам. Гнаныя духам студэнцтва і забаў, стаялі яны ва ўваходу ў Палац спорту і прадчувалі гала-канцэрт.
А пакуль яшчэ “зялёныя” студэнты чакалі чагосьці невядомага і дзівоснага, усярэдзіне ўжо панаваў хаос і ўсе яго вытворныя. І калі атрымлівалася патрапіць у хол, цябе сустракалі літаральна гарачыя абдымкі людской плыні. Нават расчыненыя насцеж дзверы не ратавалі ад спякоты, а актывісты прафкама падлівалі смалы ў агонь. У новым яркім спартыўным рэтра-вобразе яны практыкаваліся ў гімнастыцы, аэробіцы, круцілі хулахупы, скакалі на скакалцы, паднімалі гантэлі і заклікалі першакурснікаў быць у форме разам з імі.
Усюды былі расстаўлены інтэрактыўныя пляцоўкі ад медыяцэнтра БДУ як для творчасці, так і для сузірання. Чаго толькі стаяць разнастайныя фотазоны: тут вам і фота на фоне дывана; і фота на фоне абрэвіятуры ўніверсітэта, побач з якой былі расстаўлены дэкаратыўныя дэталі.
Усе фота са свята можна было раздрукаваць, папярэдне загрузіўшы іх у “Інстаграм” з хэштэгам #VivatStudent2017.
Побач з фотазонамі творчы саюз ладзіў для наведнікаў конкурсы.
Усеагульнае здзіўленне выклікалі досведы са шпулькай Тэсла. Гэтакая прылада-трансфарматар, якая вырабляе напружанне высокай частаты. Шпулька звінела нейкімі няўяўнымі гукамі, а з тоненькай металічнай трубачкі выходзілі сапраўдныя маланкі.
Увогуле, можна было толькі нацешыцца “закускай” і сысці, не пакаштаваўшы другой стравы. Але “…мы прыйшлі сюды па музыку і танцы”, – адказваюць першакурснікі.
Пазней адчыніліся дзверы залы, дазваляючы праціснуцца на танцпляц. А пакуль іншыя студэнты ўсё яшчэ шпацыравалі сярод установак, фатаграфаваліся і займаліся аэробікай, зала запаўнялася новапрыбылымі студэнтамі і аблокамі сцэнічнага дыму.
Калі трыбуны былі ўжо запоўнены, запалілася святло, і перад вачамі паўстала шоу, якое засцілалі дымавыя аблокі.
“Кампанія ONESHOWBY і тэатр светлавых і лазерных шоў прадстаўляе…”, – прамовіў электронны голас. На сцэне былі бачныя згусткі светлавых ліній, якія паступова ператварыліся ў словы: “БДУ”, “Віват, студэнт!”, “Дзень ведаў”… А калі святлом пісалі назвы факультэтаў, то з розных месцаў залы былі чутныя ўсе іх прадстаўнікі. Адразу было зразумела, дзе сканцэнтраваліся новыя сілы факультэтаў.
Светлавое шоу, як выявілася, папярэднічала выступу чатырох выканаўцаў з песняй ThisisBSU.
“This is me and you. ThisisBSU…”, – спявалі Анжаліка Пушнова, Валя Паўлава, Улад Чыжыкаў і AlenHit, а танцоры ў яркіх святлодыёдных строях хадзілі на хадулях і круцілі ў руках розныя святлівыя фігуркі.
Нечаканасцю стаў выхад на сцэну ўсіх дэканаў факультэтаў. Яны арганізавалі своеасаблівы парад: перад дэканамі неслі штандары факультэтаў БДУ, а ў паветры быў чуваць бой барабанаў.
Апошнім на сцэну выйшаў рэктар Сяргей Абламейка і пахваліў першакурснікаў за ўстойлівасць пры здачы іспытаў. Акадэмік выказаў удзячнасць за тое, што прынялі такі падарунак, як “Віват, студэнт!”.
Не абышлося і без узнагароджанняў: права атрымаць студэнцкі квіток атрымалі студэнты хімічнага факультэта. Вясёлыя першакурснікі жартавалі, як яны будуць паказваць у холе “студэнцкі” памерам з чалавека.
Аднак смех хутка аціх – пачалася ўрачыстая частка. У БДУ існуе даўняя традыцыя прысягацца ў адданасці ўніверсітэту.
“Гэта прызнанне ў любові сваёй альма-матар!” – казалі вядучыя. Першакурснікаў папрасілі ўстаць з трыбун і паўтараць толькі адно слова: клянёмся.
Неўзабаве вядучыя склалі свае паўнамоцтвы і аддалі сцэну аматарскаму калектыву “Крыжачок”. Этнічныя матывы былі чутныя з калонак, а танцпляц завабіў мяне ў карагод. Мы, студэнты, скакалі, узяўшыся за рукі, беглі адзін аднаму насустрач і аддаляліся, рухаючыся ў такт з выступоўцамі.
Скокі адышлі на другі план, а мерныя пагойдванні з тэлефонным ліхтарыкам у руках сталі новай задачай. Ну як можна было не ахінуцца ў рамантычны настрой, пазнаёміўшыся ў жывую з Naviband? Арцём і Ксенія зараджалі пазітывам і рамантыкай і самі атрымлівалі асалоду ад сваёй музыкі і ад аддачы натоўпу.
На падмостках чарадой змяняліся твары беларускіх артыстаў. На іх пабывалі і Ян Маерс, і Дыяна Громава, і групы Nuteki, MarkutsBand, “Радыёхваля”, “Грыг перкашн”, AntistressDance…
Актыўны і насычаны вечар завяршыўся выступам творчых калектываў БДУ. Ад кожнага факультэта быў прадстаўнік, які ўвасабляе сабой творчасць. Анастасія Пеліх, да прыкладу, выступала за юрфак. Яна акунулася ва ўрачысты вечар з галавой і падзялілася са мной уражаннямі: “Віват, студэнт!” здзіўляе сваёй маштабнасцю, узроўнем арганізацыі, настроем. Гэта сапраўднае свята для ўсіх.
Я на першым курсе пайшла на “Віват”, глядзела на зорак, якія выступаюць на гэтай велізарнай сцэне… Я нават падумаць не магла, што буду таксама стаяць і спяваць. А калі ўсе, хто быў у зале падпявалі мне “happy birthday”, я сышла са сцэны і расплакалася. Гэта проста невымоўныя эмоцыі”.
Я думаю, шмат хто, малюючы ў драбнюткіх падрабязнасцях будучыя падзеі, не мог цалкам уявіць сабе усёй маштабнасці ўбачанага. У Палацы спорту панавала жывая атмасфера свята, а сам гала-канцэрт можна назваць вечарам віншаванняў і пажаданняў. Самыя эмацыйныя моманты прымушалі крычаць “Віват!” у адказ арганізатарам, якія падрыхтавалі для новых студэнтаў зарад матывацыі перад навучальным працэсам.
Паліна ГРЫЦКЕВІЧ
Фота Таццяны Багамазавай і Васіля Кузьмічкіна
Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ
Відэа: