Алімпійскі парк у Сочы на 9 дзён стаў краінай моладзі. Больш за 20 000 чалавек з 188 краін свету прыехалі на XIX Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў, які ўжо трэці раз прымала суседка Расія.
«Беларусь вітае Сочы» – натхнёна і з гонарам у адзін голас прагучалі прывітальныя словы беларускай моладзі на адрас цёплага паўднёвага курорта і ўсіх удзельнікаў маштабнага форуму. Беларускую дэлегацыю ў складзе 300 чалавек прадстаўлялі навучэнцы краіны і працоўная моладзь з розных сфер дзейнасці: інжынеры, журналісты, вучоныя, медыкі і дызайнеры. Сярод іх і «міні-дэлегацыя» з БДУ – 15 студэнтаў і выкладчыкаў, якія, быццам на Алімпіядзе, на тыдзень сталі адной камандай – зборнай Рэспублікі Беларусь. А зараз пра самае цікавае, што нас чакала! Галоўны медыяцэнтр – вялікі кангрэсна-выставачны комплекс у Алімпійскім парку ў Сочы, які стаў галоўнай адукацыйнай і забаўляльнай пляцоўкай для ўдзельнікаў сусветнага фестывалю. Асноўная выстава Youth Expo ўяўляла сабой маштабны калейдаскоп, дзе кожная замежная дэлегацыя і рэгіёны Расіі не толькі дэманстравалі моладзі дасягненні свайго краю і распавядалі пра яго «разыначкі», але і праводзілі цікавыя інтэрактыўныя гульні, віктарыны і флэшмобы, дарылі падарункі і запрашалі ў госці. Беларускаму стэнду ад наведнікаў не было адбою. Гасцям хацелася сфатаграфавацца ў сапраўднай хакейнай форме і пазабіваць булітаў, даведацца пра дзейнасць вядучых моладзевых арганізацый, нашыць на беларускіх зуброў вышыванак, пасмакаваць мёд і гарбату, намаляваць беларускі аўтэнтычны арнамент і, безумоўна, спытаць пра Беларусь!
– Удзельнікі фестывалю былі ўражаны падрыхтоўкай нашай дэлегацыі да гэтага свята, рабілі кампліменты нашай фірмовай экіпіроўцы і казалі, што каб арганізатары праводзілі конкурс на самую стыльную і сяброўскую зборную, то беларусы б пэўна перамаглі! – дзеліцца ўражаннямі начальнік УВРМ Аляксей Багамазаў.
Больш за тое, беларуская экспазіцыя, выкананая ў беласнежна-сініх колерах, увесь час ненаўмысна нагадвала пра хуткае правядзенне II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе, якія адбудуцца ў Мінску, таму невыпадкова, што шмат ахвотных звярталіся да дэлегатаў з жаданнем стаць валанцёрамі гэтай спартыўнай падзеі і пабываць у нашай сталіцы.
– Для мяне стала прыемным здзіўленнем тое, што амаль усе замежнікі не пыталіся, што гэта за краіна такая Беларусь і дзе яна знаходзіцца, – дзеліцца сваімі ўражаннямі Яўген Харук, старшыня Студэнцкай асамблеі БДУ, – а адразу цікавіліся, як да нас можна прыехаць і што лепш паглядзець!
Акрамя выставы аргкамітэт сусветнага фестывалю падрыхтаваў для ўдзельнікаў вялікую праграму, у межах якой кожны мог знайсці сабе занятак даспадобы. У медыяцэнтры з раніцы да вечара была запланавана вялікая адукацыйна-пазнавальная праграма. Лекцыі і панэльныя дыскусіі тычыліся дзевяці актуальных для ўсяго чалавецтва пытанняў: экалогіі і здароўя, медыйна-культурнай прасторы, новых медыя, грамадзянскага развіцця, праектавання будучыні, глабальнай палітыкі, эканомікі, тэхналогій будучай навукі і адукацыі. Праводзіліся шматлікія майстар-класы і воркшопы па дзясятках самых розных кірункаў, дзелавыя гульні ў сферы інфармацыйных тэхналогій, новых медыя, развіцця лідарскіх здольнасцяў. Маладым людзям удалося пагутарыць з такімі вядомымі людзьмі, як французскі пісьменнік Фрэдэрык Бегбедэр, матывацыйны аратар Нік Вуйчыч, задаць пытанне паспяховаму Герману Грэфу, паслухаць знакамітых акцёраў і рэжысёраў, спевакоў і музыкантаў. Чарга выстройвалася на сустрэчы і сэлф-сесіі з расійскімі палітыкамі – Сяргеем Лаўровым, Дзмітрыем Пясковым, Уладзімірам Жырыноўскім, Марыяй Захаравай, Ігарам Шувалавым. Завітаў на выставу і наш зямляк, касманаўт Алег Навіцкі, які распавёў пра свае пачуцці падчас знаходжання ў космасе і назіранні за зямлёй з вышыні. А яшчэ на фестывалі можна было шмат танцаваць пад песні розных народаў, маляваць, вучыцца фларыстыцы, заўзець за чэмпіёнаў па «танчыках», назіраць за бітвай робатаў і, безумоўна, знаёміцца, знаёміцца… і заводзіць новых сяброў.Прыхільнікі спорту паўдзельнічалі ў марафонах, мас-рэслінгу, хакеі і фігурным катанні, паспрачаліся «краінамі» на футбольным полі, паказалі свае фізічныя здольнасці пры здачы нарматываў, паслухалі ўдзельнікаў гоначнай ралі-каманды пра марафон «Шаўковы шлях». На тэрыторыі Алімпійскага парку знаходзяцца цікавыя, нават для дзяўчат музеі спартыўных і рэтрааўтамабіляў – сапраўдны балід «Формулы-1» і экіпіроўка гоншчыкаў, а таксама любімыя для нашай постсавецкай душы «Масквічы», «Жыгулі», «Волгі».
Арганізатары паклапаціліся і пра аматараў мастацтва. Так, на суд моладзі былі адкрыты выставы сочынскіх і іншых расійскіх мастакоў, павітаць удзельнікаў прыехаў і Сусветны моладзевы сімфанічны аркестр, працавала танцавальная акадэмія пад кіраўніцтвам Ягора Дружыніна, кожны вечар праводзіліся канцэрты з удзелам прадстаўнікоў розных дэлегацый фестывалю, адбываліся паказы кінафільмаў.
Тыдзень праляцеў імгненна. І галоўнае шкадаванне, якое засталося пасля фестывалю – як жа мала часу было ў сутках, каб паспець усё паглядзець і ва ўсім паўдзельнічаць.
Лізавета ХМЕЛЬ
Відэа: