У Белдзяржуніверсітэце ўжо ў 14 раз прайшоў Міжнародны фэст студэнцкіх і моладзевых тэатраў “Тэатральны куфар, БДУ”. Сёлета ён расчыніў свае дзверы перад удзельнікамі 20 калектываў з 9 краін. Кацярына САЛАДУХА, дырэктар фэсту, падвяла вынікі гэтых дзён, падзялілася ўражаннямі пра праробленую працу і планамі на будучы сезон.
Разыначкі сёлетняга “Тэатральнага куфара, БДУ”
— Кожны год у фэсце мы ўвасабляем новыя ідэі, – распавядае Кацярына. – “Тэатральны куфар, БДУ” “говорит начистоту – играет набело” – менавіта ў такім канцэптуальным рэчышчы ў гэты раз праходзіў фэст. Белы – гэта поўнае зліццё ўсіх спектральных колераў. У гэтым бачыцца аб’яднанне ўсяго матэрыяльнага ў адным праўдзівым духоўным. Як тэатр уяўляецца сінтэзам мастацтваў, так і фэст аб’ядноўвае калектывы, густы, тэндэнцыі, традыцыі. “Белы” фэст падарыў шчырыя эмоцыі, непадробныя пачуцці, шчырую гутарку пра сябе і свет.
Як кажа дырэктар фэсту, таксама акцэнт быў зроблены на пластычныя спектаклі. Сярод іх Студыя пластычнага руху “32” (Паўднёвы федэральны ўніверсітэт, Таганрог, Расія), Тэатр DULAANGFILIPINO (Каледж Дэ Ла Саль Св. Бенільды, Маніла, Філіпіны), Тэатр танца Tremors (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі) і Тэатральная майстэрня “Студыёзы” (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў). А яшчэ гледачы змаглі ўбачыць пластычны монаспектакль удзельніка журы Тамаша Базана (Тэатральны праект “МААТ”, Люблін, Польшча).Удзельнікі фэсту
— Штогод мы эксперыментуем і шукаем нешта новае, каб нам самім было цікава, – дзеліцца Кацярына. – Канкурсантаў адбіраем па відэа, якія нам дасылаюць. Часам, калі заўважаем добрую пастаноўку, самі запрашаем прыняць удзел у фэсце. Сёлета было пададзена больш за 100 заявак. Адбор даецца складана, таму што шмат добрых тэатраў жадае паўдзельнічаць. Усіх, вядома, узяць не можам. Галоўныя для нас крытэрыі пры адборы: якасць, мастацкі ўзровень. Бо мы адказваем за час гледача і хочам, каб ён прайшоў не дарма.
Варта вылучыць, што “Тэатральны куфар” – гэта пляцоўка для зносін і абмену досведам. Прафесійныя тэатры вучацца ў аматарскіх калектываў непасрэднасці, а аматарскія – прафесіяналізму. У гэты раз ад агульнай колькасці парадку 60 % – гэта прафесійныя тэатры. Як адзначае Кацярына Саладуха, і тыя і другія паказалі найвышэйшы ўзровень падрыхтоўкі.
Для ўдзельнікаў была падрыхтавана насычаная праграма. Працоўная атмасфера тэатра прысутнічала 24 гадзіны ў суткі. Гэта і майстар-класы па кантактнай імправізацыі з гледачом, сцэнаграфіі і акцёрскім майстэрстве, свята для ўдзельнікаў “Вечар сяброўства народаў”. У рамках праекта “Куфар-in-Motion” за некалькі сустрэч удзельнікі падрыхтавалі ўнікальны спектакль пад кіраўніцтвам Алены Русінай, сябра журы, харэографа і артысткі з Санкт-Пецярбурга. А абмеркаваць і паразважаць над пастаноўкамі можна было на дыскусійным клубе.
— Мы стварылі ўсе спрыяльныя ўмовы для зносін, – каментуе Кацярына. – Таксама і гледачы маглі браць удзел у жыцці фэсту. І прыемна адзначыць, што памяшканні закулісных мерапрыемстваў былі запоўнены.Каманда праекта
У аргкамітэце налічвалася каля 23 чалавек. Большая колькасць далучылася бліжэй да пачатку фэсту, бо апошні перыяд падрыхтоўкі, звычайна месяц перад запускам праекта, гэта складаны час.
— Вельмі нам дапамаглі валанцёры, – разважае Кацярына. – Усяго на збор прыйшло каля 70 чалавек. І мы паспрабавалі ўсіх задзейнічаць у працы. Дзеці былі ўважлівыя да нашых просьбаў, дапамагалі замежным гасцям. Думаю, для іх гэта таксама было не марна. Напрыклад, для студэнтаў БДУКІ спецыяльнасцяў менеджменту было карысна паглядзець на тэатральную кухню знутры. Гэта і моўная практыка.
Што да журы, тое яно складалася з 6 дзеячаў мастацтва. Аргкамітэт імкнецца, каб у гэтай камандзе прысутнічала па адным прадстаўніку з розных краін. Улічваючы, што сябры журы не толькі працуюць над ацэнкай спектакля, але і выяўляюць сябе творча: праводзяць майстар-класы, прывозяць на фэст спектаклі, дзе задзейнічаны як акцёры ці рэжысёры. Гэта не выпадковы выбар, гэта тыя, хто мае пэўны досвед і статус.
Як адзначае Кацярына, фэст – гэта жывы арганізм. І ствараюць яго людзі. Недахопы толькі гартуюць. Некалькі тэатраў не даехалі, даводзілася змяняць расклад спектакляў. На жаль, не абышлі бокам фінансавыя цяжкасці тэатры з Бразіліі, Мексікі, Туніса. Не было РАТІ-ГІТІС і Маскоўскага драматычнага тэатра “Завулак”. ГІТІС адмовіўся ад удзелу ў сувязі з тым, што вялікая частка занятых у спектаклі артыстаў, паступіўшы ў тэатры пасля ВНУ, у першую чаргу абавязаны лічыцца з графікам працы сваіх тэатраў.Планы на наступны сезон
— Фэст рыхтуецца на працягу года. Як толькі заканчваецца адзін, фактычна пачынаецца падрыхтоўка да наступнага. Мы падводзім вынікі, аналізуем, што ў нас атрымалася. У планах – стварэнне дзіцячай праграмы. У 2018 годзе чакайце яшчэ больш якасную праграму, цікавых удзельнікаў. Тыя, хто хоча патрапіць на “Куфар”, сачыце за навінамі!
Алёна ЛЯЎШЭНЯ