З’яўляючыся вядучай ВНУ краіны, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт – гэта яшчэ і выдатная кузня спартсменаў, здольных быць годнымі членамі гарадскіх і нацыянальных каманд. Умовы, створаныя для развіцця спорту і заахвочвання да здаровага ладу жыцця, дазваляюць любому студэнту як працягнуць свае ранейшыя заняткі, так і раскрыць свой спартыўны патэнцыял упершыню. Поспехі студэнтаў у каратэ – дысцыпліне, што развіваецца ў БДУ не адно дзесяцігоддзе, – яскрава пацвярджаюць гэтае сцверджанне.
30 верасня пад кіраўніцтвам Міністэрства спорту і турызму і грамадскай арганізацыі “Беларуская федэрацыя каратэ” ў Легкаатлетычным комплексе БДУФК адбылося правядзенне турніру “Першынство і Кубак Рэспублікі Беларусь па каратэ 2017 года”. Студэнты БДУ, якія ўжо шмат гадоў спасцігаюць сакрэты баявога мастацтва, прынялі ўдзел у мерапрыемстве ў складзе каманд горада Мінска і Магілёва. Трэнерамі і прадстаўнікамі каманды г. Мінска на спаборніцтвах выступілі Лысенка Кацярына Мікалаеўна і Шаўлохаў Яўгеній Цімуравіч.
Першым пунктам праграмы змаганняў стаў раздзел “Ката”. Для мужчынскага складу мінскай каманды ён стаўся вельмі паспяховым: студэнтам БДУ ўдалося заняць першую і другую ступені п’едэсталу катэгорыі “Ката Мужчыны 16+”. Першае месца заваяваў студэнт 3 курса эканамічнага факультэта Рэнат АРХІПЕНКА.
– Рэнат, у фінальным паядынку з лікам 3:2 Вы сталі пераможцам. Што адчуваеце зараз?
– Не ведаю, напэўна, палёгку. Да рэспубліканскіх спаборніцтваў заўжды нарошчваецца напружванне. А потым, калі адчуваеш, што добра выканаў працу, можаш дазволіць сабе трошкі адпачыць.
– Ці задаволены трэнер?
– Задаволены ў тым плане, што я стаў першым. Але з таго, аб чым мяне прасілі, я выканаў не ўсё.
– Што менавіта засталося па-за татамі?
– Я не выклаўся так, як звычайна выкладваюся на трэніроўках. Кацярыне Мікалаеўне гэта, зразумела, не было даспадобы. Але, на шчасце, запалу ў мяне, каб перамагчы, хапіла.
– Якое ката Вы рабілі ў фінале?
– Супарынпэй.
– Любімае ката Вашага трэнера.
– Так, яна ставіцца да яго асабліва пяшчотна.
– А Вы?
– Наогул я толькі нядаўна пачаў яго трэніраваць. Але сёння па асабістых адчуваннях мне найбольш спадабалася менавіта яго выкананне.
– У Супарынпэй вельмі шмат элементаў, якія спалучаюць у сабе адначасова высокія стойкі і складаную тэхніку рук. На Ваш погляд, што найбольш важна пры выкананні ката?
– Пры выкананні Супарынпэй вельмі важнымі з’яўляюцца моцныя стойкі. У адрозненні, напрыклад, ад Сётакана, дзе крок і дзеянне робяцца адначасова, у стылі Сіта-Ру, да якога належыць ката, яны робяцца паслядоўна: спачатку перамяшчэнне, потым – “стрэл” рукамі. У Супарынпэй рукі павінны працаваць нібы асобна ад цела. І калі катыст не будзе ўціскацца ў апору, трывала стаяць, правільна падціснуўшы таз, то яго цела будзе гайдацца.
– Якія маеце планы на бліжэйшую будучыню?
– У кастрычніку я ўдзельнічаю ў змаганнях па ката ў Польшчы. Гэта будуць першыя ў сезоне выяздныя спаборніцтвы. Паспрабуем сябе, паглядзім на сябе – здзейснім, так бы мовіць, разведку боем.
Другое месца ў катэгорыі заняў студэнт 2 курса факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій ШЫШКО Уладзіслаў.
– У спаборніцтвы па каратэ я зараз вяртаюся пасля невялікай паўзы, — распавядае спартсмен. – Апошні год не выступаў, але 4 гады дагэтуль у Першынстве і Кубку Беларусі я ўдзельнічаў кожны раз.
– У сувязі з чым была паўза?
– Не мог адаптавацца да ўмоваў жыцця ў іншым горадзе.
– А як Вас прынялі сёння тут?
– Прынялі дужа добра. Вельмі прыемна бачыць, што мы нацыянальная зборная, што мы сябры і адзіная каманда. Нягледзячы на тое, што я з іншага горада, мяне вельмі моцна падтрымліваюць. Гэта адчуваецца. Спадабалася і арганізацыя турніру. Вяртанне ў спорт стала вельмі цікавым вопытам. Пабачыў, як усё змяняецца з часам.
– Ці падраслі за час паўзы супернікі?
– Значна падраслі. Змагацца было цікава, у супернікаў было шмат новага з тэхнічнага плану – нават не ведаў, чаго ад іх чакаць. Вельмі карысны вопыт.
– Сёння наш універсітэт быў у фінале ў асобах абодвух спартсменаў. Як і Рэнат, Вы таксама выконвалі Супарынпэй. Як Вы ставіцеся да гэтага комплексу?
– Гэта маё самае любімае ката. Я трэніраваў яго яшчэ тады, калі жыў у Магілёве. Калі казаць высокімі словамі, то ў Супарынпэй заключана сутнасць ката – усё тое, што важліва: дух, моц, стойкі, перамяшчэнні. У гэтым ката бліскуча раскрываецца разуменне самога каратэ.
– А што такое каратэ асабіста для Вас? Проста спорт або лад жыцця?
– Калі можна так выказацца, каратэ для мяне – гэта рэлігія.
– Вы верыце ў каратэ?
– Так. Я веру, што каратэ робіць жыццё лепшым. Думаю, кожны, хто займаецца, таксама ў пэўнай ступені гэта адчувае.
– На Ваш погляд, што важнейшае ў выкананні ката – тэхнічная дасканаласць або ўменне сябе прыпаднесці?
– Мне падаецца, самае важнае ў ката – гэта дзэн, то бок дух. Таму што прыгожа “падрыгаць рукамі” можна заўжды, але калі ў выкананні няма душы, ты ніколі не зможаш перамагчы. Асабліва яскрава усведамляеш гэта ў моманты, калі ўсе суддзі схіляюць сцяжкі на твой бок. Калі дух прысутнічае, бачна, наколькі моцна змяняецца тэхніка выканання, наколькі больш адчувальнай моцы ў рухах.
– Вы маеце вопыт судзейства?
– Мінімальны. Працаваў у дзіцячых (да 12 гадоў) катэгорыях.
– Што было складаней ацэньваць – ката ці кумітэ?
– Ката. У гэтай дысцыпліне вельмі шмат нюансаў. Да таго ж, кожны чалавек робіць ката адмыслова, па-свойму. І зразумець, што ў выкананні бліжэй да духу, да стылю, бывае дастаткова складана.
– Вашыя планы на бліжэйшую будучыню?
– Трэніравацца. Выступаць на спаборніцтвах і ўдасканальваць свае ўменні, каб змагацца на міжнароднай арэне. Заўжды станавіцца першым.
Змагаючысся ў катэгорыі “Ката Мужчыны 16+”, студэнт 3 курса факультэта філасофіі і сацыяльных навук АЛЕКСІН Глеб здолеў дайсці да паядынка за бронзу. На жаль, у вырашальным двубоі наш спартсмен саступіў апаненту.
– Глеб, як Вы ацэньваеце ўзровень турніра? Ці доўгім быў працэс падрыхтоўкі?
– Узровень сённяшніх спаборніцтваў сапраўды дужа высокі. Падрыхтоўка да іх доўгай і адказнай і, прыйшоўшы сюды, я гатовы быў перамагаць. Месца ўзяць не атрымалася, але задачу, пастаўленую трэнерам, я выканаў – таму лічу, што выступіў дастаткова добра. Памылкі, дапушчаныя мною, мне паведамілі. Буду працаваць над іх выпраўленнем і на наступных спаборніцтвах пакажу больш высокі вынік.
– Да бронзы Вы ішлі дужа ўпэўнена. Чаго менавіта не хапіла для перамогі?
– Напэўна, трошкі не выстачыла тэхнікі. Над самім “пэрформансам” папрацаваў, над хуткасцю таксама, была і моц, але вось чысціні тэхнічнага кшталту не хапіла. Калі ўдасца дапрацаваць гэты момант, вынікі будуць куды лепшыя.
– Сёння я выконваў Пайку, Хэйку, Анан і Годзюшыха.
– Якое менавіта: Годзюшыха Шо або Годзюшыха Дай?
– Ката, пра якія Вы кажаце, належаць да стылю Сётакан. Мой стыль – Сіта-Ру, у нас існуе толькі Годзюшыха.
– Дзякую, буду ведаць. Адкажыце, калі ласка, яшчэ на такое пытанне. Пералічаныя Вамі комплексы належаць да вышэйшага ўзроўню. А ці ёсць на такіх спаборніцтвах, на Вашу думку, шанец у таго, хто выконвае ката меншай тэхнічнай складанасці?
– Толькі ў першым крузе. Не болей.
– Інакш…
– Інакш ніяк. Тут спартсмены нават у першым крузе могуць выканаць Чатан Яра Кушанку. Таму няма сэнсу рабіць нешта прасцейшае.
– Я бачыў сёння гэтае ката ў выкананні дзяўчат.
– І ў мужчынскай катэгорыі, яно, здаецца, таксама было. У гэты раз мне ў першых паядынках супернікаў такога высокага ўзроўню не трапілася, але бывае па-рознаму. Здараецца і так, што і ў першым крузе трапляеш на вельмі моцнага апанента – і разумееш, што трэба рабіць найлепшае ката са свайго арсеналу. Таму комплексы найвышэйшага ўзроўню робяцца часта.
Новым байцом у шыхце каратыстаў БДУ ў гэтым годзе стаў студэнт 1 курса эканамічнага факультэта ПЛІСКО Павел. 17-гадовы спартсмен паспяхова прадставіў наш універсітэт і каманду г. Мінска, заняўшы 3 месца ў індывідуальным раздзеле “Ката Мужчыны 16-17 гадоў”. Акрамя гэтага, Павел выступіў у раздзеле “Каманднае ката” ў катэгорыі “14 – 17 гадоў”, здабыўшы для мінскай каманды яшчэ адну бронзу.
– Павел, гэта Ваш першы вопыт удзелу ў спаборніцтвах такога ўзроўню, або Вы ўжо дасведчаны спартсмен?
– Не, гэта не першы мой вопыт падобнага кшталту. Дагэтуль я некалькі разоў прымаў удзел у спаборніцтвах рэспубліканскага маштабу.
– А менавіта на Кубку Беларусі Вы раней выступалі?
– Так, выступаў у сваёй узроставай катэгорыі.
– Вы “чысты” катыст, або спрабавалі сябе і ў кумітэ?
– Калі я пачынаў заняткі каратэ, то займаўся адначасова і ката, і кумітэ. Зараз я “чысты” катыст.
– Чыё гэта было рашэнне – трэнера або Вашае?
– Маё асабістае.
– Калі Вам раптам давядзецца спаборнічаць у кумітэ, ці будзеце Вы дастаткова падрыхтаваны да гэтага?
– У ката я стаў спецыялізавацца пасля траўмы. Але гэта не значыць, што ў мяне няма здольнасцяў да кумітэ. Часам я трэнірую яго таксама, і мяркую, што калі давядзецца недзе спаборнічаць, то выступлю някепска.
– Якія ката Вы выконвалі сёння?
– Ката стылю Сіта-Ру: Пайку, Хэйку, Курурунфа.
– Курурунфа – вельмі складаны і дынамічны комплекс. Наколькі ўпэўнена Вы сябе ў ім адчуваеце?
– Ката Курурунфа я выконваў сёння двойчы – у папярэдніх паядынках дарослай катэгорыі “Ката Мужчыны 16+” і ў паядынку за бронзу ў катэгорыі “16-17 гадоў”. У гэтым комплексе я ўпэўнены на 100 адсоткаў – калі б было інакш, я б не рабіў яго.
– Які бок выступлення для Вас найважнейшы – фізічны або эмацыянальны?
– Тое, што Вы назвалі – гэта два фактары, якія разам спрыяюць добраму выкананню ката. Наколькі добра падыдзеш да выканання ў эмацыйным плане, настолькі добра і поўна выкладзешся на татамі фізічна.
– На якім узроўні ў каратэ Вы хочаце быць па заканчэнні ўніверсітэта?
– Вельмі хацелася б паспрабаваць сябе на чэмпіянаце Еўропы. EKF – гэта, напэўна, нават мая мара. Таксама пастараюся прабіцца на Еўрапейскія гульні.
– Будзем спадзявацца, у Вас усё атрымаецца!
Жаночую палову спартсменаў БДУ на спаборніцтвах прадставіла студэнтка 1 курса факультэта сацыяльных камунікацый КОРШУН Юлія, якая выступала за каманду г. Магілёва.
Пасля заканчэння раздзелу “Ката” мы паразмаўлялі з трэнерам зборнай БДУ па ката і трэнерам каманды г. Мінска ЛЫСЕНКА Кацярынай Мікалаеўнай.
– Кацярына Мікалаеўна, як Вы ацэньваеце працу нашых студэнтаў у складзе каманды Мінска?
– Калі не памыляюся, студэнты БДУ ўжо трэці раз становяцца лепшымі спартсменамі краіны. У гэтым годзе фінальны паядынак у ката зноўку быў паміж нашымі спартсменамі. Мы маем падставу для гонару – і я надзвычай ганаруся сваімі падапечнымі. Вельмі рада, што яны з намі.
– Абодва фіналісты абралі адное і тое ж ката – прычым Вашае любімае. Скажыце, гэта Вашае патрабаванне або іх асабісты выбар?
– Як правіла, студэнты самі абіраюць ката. За парадай у асноўным падыходзяць малодшыя спартсмены – 14-15 або 16-17 гадоў. У больш сталым узросце такое здараецца рэдка. Комплекс абіраецца ў залежнасці ад складанасці, ад узроўню суперніка. Супарынпэй – гэта складанае ката, і яно цалкам вартае фіналу.
– Нашыя хлопцы сёння сапраўды добра папрацавалі. Але чаму ў складзе каманды Мінска не было дзяўчат з БДУ?
– Яны яшчэ недастаткова падрыхтаваныя да такіх спаборніцтваў. Зборная Магілёва ў гэтай галіне пакуль што ў фаварытах. Але ў нас ёсць малодшыя дзяўчаты – 14-15 і 16-17 гадоў. Яны, праўда, пакуль яшчэ не нашыя студэнты, але яны нашыя абітурыенты. І вось яны ўжо наступаюць лідэрам на пяткі. У адным з фіналаў лік сёння быў 3:2 – на маю думку, дастаткова спрэчны. Таму мяркую, што год-другі – і нашыя дзяўчаты будуць на належным узроўні.
– Пліско Павел сёння спрабаваў сябе ў камандным ката. Як гэта было – падрыхтаваць яго каманду да змаганняў?
– Хлопцы, якія выступалі разам з Паўлам, з ім жа і трэніруюцца ў клубе “Адамант”. Большасць нашых дарослых байцоў – выхадцы менавіта з гэтага клуба: паколькі я працую выкладчыкам у БДУ, то бачу, наколькі шмат абітурыентаў-спартсменаў абіраюць менавіта нашую ВНУ. Тое, што хлопцы трэніруюцца разам – гэта вельмі добра, бо яны ведаюць адзін аднаго. Адзінае што склад каманды з прычыны траўмы быў зменены, і было недастаткова часу на падрыхтоўку. Таму ў камандным раздзеле сёння 3 месца. А наогул маглі быць у фінале.
– У Першынстве і Кубку Беларусі па каратэ ўдзельнічае вельмі многа славутых спартсменаў – напрыклад, самая рэйтынгавая катыстка Беларусі Марыя Фурсава і самая рэйтынгавая кумітыстка Марыя Кулінковіч. З Вамі мы ў мінулы раз сустрэліся на Універсіядзе. Наколькі, на Вашу думку, адрозніваюцца названыя турніры?
– Першынство і Кубак Беларусі – гэта ўва многім іншыя спаборніцтвы. Асноўную колькасць удзельнікаў Універсіяды складаюць спартсмены-любіцелі. Спартсмены нацыянальнай каманды таксама прымаюць у ёй удзел, але на сённяшнім турніры іх значна болей – як і дарослых спартсменаў наогул. Так, узгаданая Вамі Марыя Кулінковіч ужо скончыла ВНУ, Марыі Фурсавай зараз, падаецца, 21 год.
– Якія планы маеце наконт спартсменаў бліжэйшую будучыню?
– Зараз у нас самы галоўны старт – гэта Чэмпіянат свету ў Тэнэрыфэ (Іспанія). Вырашалася пытанне наконт таго, ці будзе ўдзельнічаць у турніры Рэнат Архіпенка. Паколькі сёння Рэнат стаў першым, ён паедзе. Нашыя маладыя спартсмены, якіх вы сёння бачылі ў фіналах, паедуць таксама. Таксама ў планах ёсць Польшча, але яна разглядаецца намі як прамежкавы старт для таго, каб “абкатаць” спартсменаў, даць ім яшчэ раз пабыць у стрэсавай спаборніцкай сітуацыі, каб палепшыць іх вынікі.
Пасля заканчэння раздзелу “Ката” адбылося ўрачыстае адкрыццё спаборніцтваў і ўзнагароджанне пераможцаў прайшоўшых катэгорый.
Узнагароджанне:
(каб пабольшыць выяву, націсніце на яе)
Мужчынскую палову каманды г. Мінска з боку студэнтаў БДУ ў раздзеле “Кумітэ” прадставіў студэнт 4 курса Факультэта міжнародных адносін САБАЛЕЎСКІ Дзмітрый. Выступаючы ва ўласны дзень народзінаў, спартсмен заваяваў 2 месца ў катэгорыі “+84 кг”.
– Дзмітрый, як ацэньваеце сваё выступленне?
– У цэлым ацэньваю няблага. Другое месца – магло быць і горш.
– Першага суперніка Вы перамаглі з лікам 3:0. Бой наогул збольшага атрымаўся “ў адну касу”.
–Скажу так: лік мог быць і вышэйшым. З першым супернікам я сустракаюся ўжо не першы раз, добра яго ведаю, таму выйграў без праблем. Сам бой стаўся, можна сказаць, разміначным: я захоўваў сілы, загадзя рыхтуючыся да наступнага паядынка.
– Але што здарылася ў другім баі? Чаму 9:1?
– Здарылася тое, што я сустрэўся з моцным супернікам – Грыневічам Андрэем. Заўжды імкнуўся да яго ўзроўню, вельмі бачна розніца ў прафесіяналізме .
– Баец сапраўды вядомы і вопытны. Тым не менш, большасць балаў ён набраў на 2-й хвіліне паядынку. Вас даволі доўга не ўдавалася раскусіць.
– Так. Але з Андрэем мы таксама сустракаемся ўжо не першы год. Раней я быў маладзейшым, зараз ужо падужэў. Андрэй выканаў сваю задачу, перайграўшы мяне тактычна. Першыя паўтары хвіліны ён заганяў мяне так, каб я стаміўся. Затым, калі я папросту не мог ужо перасоўвацца па пляцоўцы, то змушаны быў прымаць яго ўдары. І ён папросту “расстраляў” мяне: прыцэл – стрэл – пападанне.
– У мінулым інтэрв’ю Вы казалі, што Вашая ахілесава пята – гэта вынослівасць. Што патрэбна рабіць, каб усё ж такі развіць яе?
– Найперш патрэбна пачынаць рыхтавацца загадзя, а не ў верасні – і ў верасні жа выступаць.
– Але ўсё ж такі Вы атрымалі вопыт. І да таго ж, зрабілі сабе выдатны “срэбны” падарунак на дзень народзінаў. Шчыра жадаю Вам новых поспехаў!
У катэгорыі “Кумітэ Жанчыны -61 кг”, што праходзіла па кругавой сістэме, студэнтка 2 курса Інстытута журналістыкі Яўгенія НАВІЧЭНКА заняла 3 месца, годна выступіўшы ў чатырох паядынках.
У вагавай катэгорыі “-55 кг” студэнтка 3 курса Эканамічнага факультэта Таццяна МАЛАШАНКАВА заваявала 1 месца.
– Таццяна, раскажыце, як склаўся бой.
– Мая катэгорыя сёння была нешматлікай – усяго два чалавекі. Наогул, мая перамога была чаканай, я сапраўды была на яе нацэлена. Трэнер даў ўстаноўку “выйграць 55-ку” – і я гэта зрабіла.
– У мінулым інтэрв’ю Вы казалі, што хацелі б развіць тэхніку ўдараў нагамі. Ці ўдалося гэта зрабіць?
– Развіць тэхніку ў мяне атрымалася, прагрэс ёсць. Але не ўдалося рэалізаваць. Ногі сёння ў мяне папросту не працавалі – магчыма, таму, што вельмі доўга чакала свой выступ, сядзела цэлы дзень.
– А як наогул Вы сёння зараблялі балы?
– Папросту ўваходзіла ў атаку. Трошкі падціскала суперніцу, яна не рэагавала – і я здабывала перавагу тэхнікай рук.
– Суперніца была новая?
– Не, гэта тая ж дзяўчына, з якой я двойчы сустракалася ў фінале Універсіяды.
– І зноў Вам ўдалося перамагчы.
– Так.
– Уяўляю, якія эмоцыі пануюць на тым баку. А як ацаніў працу трэнер?
– У прынцыпе, трэнер задаволены вынікам, медаль ёсць. Пакуль што ніякіх пажаданняў па рабоце не выказваў, але потым у нас будзе сход з разборам палётаў. Там я ўсё даведаюся дакладна.
– Як ацэньваеце выступленне нашай мужчынскай паловы ў асобе Дзмітрыя Сабалеўскага? Ці быў у яго шанец супраць моцнага і дасведчанага апанента?
– Дзіма сёння выступіў добра. Другі апанент сапраўды аказаўся мацнейшым тактычна, але ён з нашага клуба, таму таксама ведаў свайго суперніка. Магчымасць ёсць заўсёды. І ўлічваючы тое, што Дзіма сёння наогул добра адпрацваў, мяркую, што шанцы ў яго былі.
– Раскажыце пра бліжэйшыя планы.
– Найперш трэніравацца. Трэнер кажа, што ёсць думкі наконт Іспаніі, дзе ў кастрычныку праходзіць Чэмпіянат свету. Таксама ішла размова пра Прэм’ер-лігу. Карацей, планы грандыёзныя.
Узнагароджанне пераможцаў раздзелу “Кумітэ”:
Пасля заканчэння цырымоніі ўзнагароджання мы пагутарылі з трэнерам каманды г. Мінска па кумітэ ШАЎЛОХАВЫМ Яўгеніем Цімуравічам.
– Яўгеній Цімуравіч, перад Вамі стаяла надзвычай адказная задача: за кароткі прамежак часу зрабіць з прадстаўнікоў самых розных клубаў і ВНУ згуртаваную каманду па кумітэ. Раскажыце, як Вам гэта ўдалося?
– У шырокім сэнсе такая задача паўстала перад намі не сёння. Развіццё многіх нашых спартсменаў мы пільна адсочваем яшчэ з дзіцячага перыяду іх жыцця. Цікавімся таксама, у якія ВНУ яны будуць паступаць, бо ў кожнай ВНУ ёсць свая каманда. Прадстаўнікі каманд загадзя абгаворваюць з намі патрэбныя пытанні, каб ведаць, на што яны могуць разлічваць. Непасрэдна перад спаборніцтвамі мы праводзілі і сустрэчы, і сумесныя трэніроўкі. Стваралі атмасферу сапраўднай вялікай сяброўскай каманды. Таму што гэта таксама дапамагае выйграваць: калі каманда выглядае вялікім і суцэльным маналітам, гэта аказвае пэўнае ўздзеянне і на атачэнне, і на суддзяў. Канешне, праца няпростая, асабістыя трэнеры нашмат лепш ведаюць спецыфіку сваіх падапечных. Але каб прывесці каманду да перамогі, мы са свайго боку прапаноўвалі спартсменам парады агульнатактычнага характару.
– Ці былі моманты ўзаемадзеяння з асабістымі трэнерамі?
– Вядома, былі. Мы наогул стараемся даваць рэалізавацца асабістым трэнерам і падчас паядынкаў часцей секундуем уласным спартсменам. Але калі ў аднаго трэнера выступаюць адначасова два спартсмены, ён фізічна не можа “разарвацца”. У такім выпадку мы аказваем дапамогу яго спартмену – каб, ізноў жа, даць яму магчымасць адчуць, што ён член адной вялікай каманды і за яго плячыма стаіць вялікі калектыў.
– Раскажыце пра выступленні спартсменаў БДУ ў складзе каманды Мінска.
– Малашанкава Таццяна стала першай у сваёй катэгорыі, якая сёння была не дужа шматлікай. Тым не менш, яна выканала тое, што ад яе хацелі – паднаціскала на суперніцу і зарабляла балы простай тэхнікай, – і наогул з’яўляецца адной з нямногіх членаў каманды, хто цалкам выканаў сваю ўстаноўку.
– Навічэнка Яўгенія – член зборнай каманды БДУ і мая непасрэдная вучаніцца, трэніруецца ў мяне з самога дзяцінства. Але сёння яна стала толькі трэцяй. Пагутарыўшы з ёй, мы прыйшлі да высновы, што ей трошкі не хапіла ўпэўненасці ў плане атакі. Стрымлівала суперніц яна, наадварот, вельмі добра.
– Але ж у першым паядынку Яўгенія здабыла сэншу на першых секундах.
– У першым паядынку так. Але справа ў тым, што ўся катэгорыя ў яе сёння была складаная. Было некалькі правадзейных членаў нацыянальнай каманды. Таксама на спартсменаў сур’ёзна ціснуў груз адказнасці: барацьба ішла за трапленне ў нацыянальную зборную і наступны выезд на чэмпіянаты свету і Еўропы.
– У Сабалеўскага Дзмітрыя, на жаль, быў такі перыяд, калі ён не меў магчымасці рэгулярна трэніравацца. Але той невялікі ў маштабе трэніровачнага працэсу адрэзак часу, што ён меў, ён адпрацаваў сумленна. Па пагаджэнні з асабістым трэнерам прыходзіў на трэніроўкі ў маю залу, і яго працу пад маім наглядам я характарызую добра. Дзмітрый – надзвычай валявы спартсмен. Нават у тых сітуацыях, калі адольвае стома і хтосьці іншы, здаецца, ужо надламіўся б, ён праяўляў характар, вырываў балы. Але сёння яму трапіліся нашмат болей вопытныя супернікі. Вельмі складаны бой быў з Андрэем Грыневічам – зоркай беларускага каратэ. Але і гэты паядынак Дзмітрый правёў годна.
– Ці былі ў сённяшніх паядынках моманты, што прымусілі Вас асабліва хвалявацца?
– Трэнера заўжды прымушае хвалявацца сітуацыя, калі яго спартсмен прапускае атаку, пасля чаго трэба адыгрываць балы. Але быў яшчэ вельмі хвалюючы момант у Дзімы – у першым паядынку. Ён не адразу адчуў суперніка, цяжка разварушваўся. Гэта цягнулася дзесьці першыя трыццаць секунд бою. Назіраючы за ім, я не мог зразумець, на якой стадыі падрыхтоўкі да барацьбы ён знаходзіцца. Але неўзабаве ён справіўся, адчуў усё, што трэба – тады ўжо, так бы мовіць, і трэнера “адпусціла”.
– Ці чакаеце Вы новых студэнтаў у зборную горада Мінска на наступныя Першынство і Кубак Беларусі? Чаго пажадаеце ім?
– Думаю, што ў наступны раз да нас сапраўды падключацца новыя студэнты. Вельмі хочацца, каб было больш дарослых спартсменаў, таму што самая галоўная, самая рэйтынгавая барацьба ідзе менавіта сярод дарослых. Мінулым разам мы сталі першымі ў агульнакамандным заліку, зараз мы паўтарылі дасягненне. Мяркую, тое, што людзі бачаць, што мы ў гэтым плане працуем на правільным шляху, таксама заахвоціць іх далучыцца да работы. Пажадаць у першую чаргу трэба здароўя – самае галоўнае, адсутнасці траўм і правільнага аднаўлення. Бо траўмы не толькі ўздзейнічаюць маральна, але і адкідваюць спартсменаў на некалькі крокаў назад. А таксама хочацца пажадаць проста пазітыву – каб студэнты любілі каратэ і атрымлівалі задавальненне. Канешне, няўдачы ў змаганні могуць азмрочыць настрой. Нам заўжды хочацца лепшага: дзе другое месца, там трэба першае, дзе трэцяе – там не хапае другога. Але любы турнір – гэта свята, і трэба заўжды ўмець яму радавацца.
Поспех на турніры “Першынство і Кубак Беларусі па каратэ” адкрыў для нашых студэнтаў і трэнераў важныя магчымасці спартыўнага і прафесійнага росту. Пажадаем ім ніколі не спыняцца на дасягнутым і як найчасцей аздабляць гісторыю БДУ новымі перамогамі!
Сяргей МАЕЎСКІ
Фота аўтара.
Яшчэ фота: